Цяпер у Пружанскай ДШМ (установа атрымала гэтае найменне ў 1988-годзе, пасля адкрыцця мастацкага аддзялення) на музычным, харэаграфічным, мастацкім аддзяленнях навучаюцца 466 чалавек па 15 спецыяльнасцях. А выкладчыкаў у школе — 55 чалавек!
У 1978 годзе Пружанскай ДШМ было прысвоена імя Рыгора Раманавіча Шырмы, а праз чатыры гады пры школе быў адкрыты музей славутага земляка — народнага артыста СССР, Героя Сацыялістычнай працы. Вялікую дапамогу ў зборы экспанатаў для музея аказалі дзеці Рыгора Шырмы — сын Расціслаў і дачка Алена. Сёння тут можна пабачыць асабістыя рэчы музыканта, фотаздымкі з сямейнага архіва, кнігі аб ягонай творчасці. Летась супрацоўнікі музея пабывалі ў вёсцы Шакуны, дзе нарадзіўся Шырма, сустрэліся там з роднымі і суседзямі знанага сына Пружанскай зямлі, а таксама сабралі шэраг новых фотаздымкаў і дакументальных матэрыялаў пражыццё земляка.
У тым, што школе было прысвоена ганаровае імя Рыгора Шырмы, — немалая заслуга колішняга дырэктара школы Якава Малайчука, які, дарэчы, прапрацаваў на сваёй пасадзе 34 гады і быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за асобыя заслугі ў галіне культуры і мастацтва.
На сёння 2100 выпускнікоў атрымалі пасведчанні аб заканчэнні школы, а сярод іх больш за трыста абралі мастацтва сваёй прафесіяй.
Напярэдадні юбілею праведзена вялікая праца па зборы фотаздымкаў усіх выпускаў, гістарычных фактаў з жыцця школы, створана картатэка навучэнцаў, якія звязалі сваё жыццё з мастацтвам.А творчы вечар, прысвечаны славутай даце ў гісторыі школы, сабраў пад адным дахам настаўнікаў,выпускнікоў розных пакаленняў і шматлікіх гасцей свята.
Інеса ГАЛАЎНІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Пружанскай ДШМ