Фонд для нашчадкаў

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Калі існуе цікавасць да свайго мінулага, да сваіх каранёў, тады з’яўляецца жаданне назапасіць як мага больш матэрыялаў, дакументаў па гісторыі роднага краю і данесці іх да нашчадкаў. Усім гэтым плённа займаюцца бібліятэкары Смаргоншчыны.

У кожнай бібліятэцы раёна асобна выдзелены фонд краязнаўчай літаратуры, які змяшчае як мастацкую, так і галіновую літаратуру пра Беларусь увогуле, а таксама пра Гродзенскую вобласць і Смаргонскі раён. Добрым дапаўненнем да фонду служаць краязнаўчая картатэка, якая складаецца з асобных частак “Наша вобласць” і “Наш раён”, а таксама фактаграфічная, сацыяльна-эканамічная картатэкі, папкі газетных выразак.

У бібліятэках створаны краязнаўчыя цэнтры, гісторыка-краязнаўчыя і этнаграфічныя куткі, выстаўкі экспазіцыі. Тут прадстаўлены статыстычныя паказчыкі, фактаграфічныя звесткі аб краі, геаграфічным становішчы, назвах, помніках архітэктуры,летапісы вёсак і гісторыі бібліятэк,мясцовы фальклор, прадметы сялянскага побыту. Бібліятэкары ідуць у нагу з навукова-тэхнічным прагрэсам: у шэрагу ўстаноў ёсць бібліяграфічныя і фактаграфічныя базы даных. А для знаёмства чытачоў з новымі выданнямі выпускаюцца штоквартальныя бібліяграфічныя паказальнікі “Новыя артыкулы аб Гродзеншчыне” і “Новыя артыкулы аб Смаргоншчыне”.

Асаблівая ўвага ў бібліятэках Смаргонскай ЦБС надаецца знакамітым землякам. Менавіта таму адзін з накірункаў выдавецкай дзейнасці аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі — серыя “Знакамітыя людзі Смаргоншчыны”.

Адметнае месца ў рабоце бібліятэк займаюць шматлікія клубы па інтарэсах і аматарскія аб’яднанні,дзе вывучаецца гісторыя свайго горада, вёскі, выхоўваецца любоў да роднага краю, адбываецца знаёмства з землякамі. І ўся гэтая праца прыносіць свой плён: матэрыялы па краязнаўстве ўсё больш і больш запатрабаваны жыхарамі Смаргоні і Смаргонскага раёна.

Святлана АФАНАСЬЕВА,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Смаргонь