Падарожжа ў Манькавічы

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Наведаць гістарычны парк “Манькавічы” я збіраўся даўно. Прыехаў у некранутую бель – на Століншчыне цэлы дзень ішоў снег. Але на наступны дзень, калі вырашыў выправіцца ў парк Радзівілаў, свяціла сонца. Не абышлося, праўда, без марозу.

 /i/content/pi/cult/116/357/Mankavichy1.jpg
Сцежкамі Радзівілаў Манькавічы знаходзяцца на ўскрайку Століна. Дабрацца сюды можна на гарадскім
аўтобусе, што ходзіць амаль кожныя паўгадзіны. На ўваходзе ў парк, як даніна памяці апошняй вайне, стаіць гармата, хоць яна і выглядае дзіўна на фоне ўязной брамы.

Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны пры ўездзе ў парк былі пабудаваны павільён і каваныя вароты, але ў ваенныя часы вароты былі вывезены. Не засталося і павільёна. Парк пейзажнага тыпу быў закладзены ў 1885 годзе на тэрыторыі ў 50 гектараў (сёння ад яго засталося толькі 27,9 гектара). Фарміраваўся ён пры садзейнічанні Марыі Радзівіл. Пра тое сведчыць і надпіс на камені, усталяванага там ля краязнаўчага музея. Кампазіцыйны цэнтр парку — тэраса, абмежаваная земляным валам вышынёй да паўтара метра. Астатняя тэрыторыя — раўнінная. Побач працякае рака Гарынь. Парк ствараўся вакол драўлянага палаца, які быў пабудаваны ў 1780-ыя гады, перабудоўваўся ў канцы ХІХ стагоддзя ў неагатычным стылі паводле праекта архітэктара Вентцаля. Падчас вайны палац атрымаў шматлікія пашкоджанні. Рэшткі былой раскошы парасцягвалі мясцовыя жыхары. Сёння можна толькі паглядзець на паляну, дзе стаяў палац, ды на дуб, што расце на тым самым месцы. У шматлікіх публікацыях пра Радзівілаўскі палац у Манькавічах гаворыцца, што ніякіх гаспадарчых пабудоў дасюль не захавалася. Але навуковы супрацоўнік Столінскага краязнаўчага музея Юрый Юркевіч паведаміў, што за сучаснымі межамі парку, на вуліцы Церашковай, 22 знаходзіцца былая княжацкая стайня. Не так даўно яе будынак адрэстаўравалі і дабудавалі балкон. Ці ведаюць жыхары гэтага дома аб гісторыі, побач з якой жывуць?.. Засталіся малюнкі дачкі апошняга гаспадара Давыд-Гарадоцкай ардынарыі князя Мікалая Караля — Ізабэлы Радзівіл, зробленыя да 1940 года ў лагеры для рэпрэсаваных пад Масквой. На іх князёўна па памяці адлюстравала палац, пакоі і гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку і стайню. А майстар С.Дублянін зрабіў драўляны макет палаца. Знаходзіцца ён у музеі, які нельга абмінуць.

  
 /i/content/pi/cult/116/357/Mankavichy.jpg
 

Колішняя стайня.

 
Новае бачанне паўзабытага мінулага
 

Экспазіцыя музея складаецца з чатырох раздзелаў: прыроды, археалогіі, гісторыі, этнаграфіі. Хаця вашу ўвагу, мабыць, адразу засяродзіць выстаўка галаграфічных выяў узнагарод розных краін і эпох, што знаходзіцца наўпрост у калідоры. Тут можна ўбачыць ордэн Белага Арла, заснаваны ў Польшчы, згодна з легендай, у 1325 годзе і адноўлены ў 1705-ым (уведзены ў сістэму рускіх узнагарод у 1831 г.). Ёсць нават ордэн Белага Слана, заснаваны ў Сіаме ў ХІХ ст., і партугальскі ордэн Вежы і Меча, вядомы з 1459 г. Усяго — 31 выява. Выстаўка была зроблена спецыялістамі з Львова ў 1980-х гадах па замове аддзела культуры Столінскага райвыканкама. Акурат насупраць яе вісіць трыпціх Юрыя Сергіенкі “Мой край — маё Палессе”.

Пасля знаёмства з творамі гэтага мастака можна ўвайсці ў першую залу, дзе прадстаўлены багаты жывёльны свет Століншчыны. Тут ёсць чучалы зуброў, янота, філіна, арла, шчупака, акуня… А вось некаторыя насякомыя выраблены ў метале ў сотні разоў большымі за іх сапраўдныя памеры. Экспазіцыя гісторыі краю размяшчаецца ажно ў двух пакоях, ахопліваючы перыяд амаль у тысячагоддзе: з Х ст. па 40-ыя гады ХХ ст. Вялікае месца тут займаюць фотаздымкі. Этнаграфія прадстаўлена ў музеі не надта поўна. Але гэта дадае супрацоўнікам установы стымулаў для далейшай працы.

Столінскі краязнаўчы музей быў створаны па ініцыятыве і на базе збораў краязнаўцы Б.Міралюбава ў 1954 годзе. Ля яго вытокаў стаялі таксама Вера Очкіна (яна была і першым дырэктарам музея) і Яўстафій Высоцкі. Яўстафій Юльянавіч, набыўшы прафесію таксідэрміста, непасрэдна ўдзельнічаў у стварэнні экспазіцыі, прысвечанай прыродзе краю. Але тое было пазней. А ў 1955 годзе на другім паверсе невялікага будынка па вуліцы Леніна, 3 адкрылася першая экспазіцыя музея. Сёння там размяшчаецца арганізацыйна-метадычны цэнтр раённага аддзела культуры і зала выставак. Другая экспазіцыя была адкрыта ў 1976 годзе ў будынку былога тубдыспансера ў Радзівілаўскім парку, дзе музей знаходзіцца і дасюль. З 1989 года Яго ўзначальвае Святлана Вярэніч. Трэцяя па ліку экспазіцыя пачала працаваць 11 снежня 2005 года. А да гэтага на працягу 11-ці гадоў музей не прымаў наведвальнікаў.


Новая экспазіцыя прынесла і новае ўспрыманне гісторыі краю.

Расказвае Ю. ЮРКЕВІЧ:

— Па-першае, трэба было пераасэнсаваць папярэднюю экспазіцыю ў святле тых перамен, што адбыліся з распадам Савецкага Саюза. Зараз існуе суверэнная Рэспубліка Беларусь, з’явіліся новыя падыходы ў асвятленні некаторых гістарычных тэм, змянілася ідэалогія… Яшчэ мы вялікую ўвагу ўдзялілі тэме “Століншчына ў складзе адноўленай Польскай дзяржавы — “другой Рэчы Паспалітай”. Раней міжваенны перыяд 1921 — 1939 гадоў амаль не асвятляўся ў айчыннай гістарыяграфіі. Лічылася, што жыццё палешука было цяжкім, і ніякіх светлых момантаў у ім не здаралася. Але мы даведаліся і пра іншыя яго аспекты дзякуючы захаваным здымкам мясцовага фотамайстра Міхаіла Зубея. (Міхаіл Аляксеевіч ЗУБЕЙ (1893 — 1946) — фотамайстар 1920 — 30-х гадоў з Давыд-Гарадка. Вучань І.Б.Гінзбурга. Трымаў экзамен на майстэрства ў Пінску ў 1931 г. Майстэрня Зубея знаходзілася ў шкляным павільёнчыку, прыбудаваным да яго дома ў Давыд-Гарадку па вуліцы Завальнай, 47. Фотаздымкі Аляксея Зубея даюць уяўленне аб жыцці ў Давыд-Гарадку ў міжваенны перыяд. На жаль, свае шматлікія фатаграфіі ён не падпісваў. — С.М.)


На адным з фота — удзельнікі сельскагаспадарчай выстаўкі, арганізаванай Саюзам сельскай моладзі. Яе пераможцы ўзнагароджваліся прызамі і дыпломамі. Праводзіліся і выстаўкі народнай творчасці. Значыць, тагачаснае жыццё варта аб’ектыўна ацэньваць як рознапланавае, а не адно журботнае і беспрасветнае.
А былі яшчэ людзі ў раёне, якія займаліся вырабам марожанага. Яны ездзілі прадаваць гэты ласунак ажно ў Варшаву, Кёнігсберг, Брэст. На адным з фота адлюстравана і вяселле. Хаця ў цэлым жыццё простага чалавека ўсё ж нельга назваць лёгкім. Больш-менш добра жылі дзяржаўныя служачыя. Але на гэтыя пасады прызначаліся ў асноўным палякі па нацыянальнасці.

На развітанне Парк “Манькавічы” я пакідаў з вялікім задавальненнем. Змог пахадзіць сцежкамі князёў з вялікага беларускага магнацкага роду Радзівілаў. Дакрануўся да стогадовай даўніны. А галоўнае, — памяць пра паездку засталася ў фотаздымках, якія зрабіў. Не думаю, што пасля вышэйнапісанага чытача трэба заклікаць абавязкова наведаць Столін. Такое жаданне павінна ўзнікнуць у чалавечай душы само. Тады і адлегласць да парку ў сотні кіламетраў пераадолець будзе лягчэй.


Сяргей МАКАРЭВІЧ,
студэнт ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ
Фота аўтара