Галоўнае ў дагаворы

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Юрыдычныя тонкасці (elegantia juris)

На базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў адбыўся Рэспубліканскі семінар спецыялістаў юрыдычных служб арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь. Яго тэма — “Дагаворная і прэтэнзійна-іскавая праца ў арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь”. Ініцыявана мерапрыемства  юрыдычным аддзелам Міністэрства культуры. У семінары, у прыватнасці, прынялі ўдзел прадстаўнікі Гаспадарчага суда г. Мінска, Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры.

 

Адзінай формы  не можа быць

 

У сваім выступленні на тэму “Арганізацыя дагаворнай і прэтэнзійна-іскавай працы ў арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству культуры”, начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры краіны Алена Вештарт звярнула ўвагу ўдзельнікаў семінара на тое, што, згодна з Палажэннем аб юрыдычнай службе дзяржаўнай арганізацыі, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2008 г. №2070 “Аб некаторых мерах, накіраваных на павышэнне ролі і якасці працы юрыдычных служб”, юрыдычная служба арганізацыі, сумесна з іншымі структурнымі падраздзяленнямі, удзельнічае ў працы па падрыхтоўцы і заключэнні арганізацыяй дагавораў, у тым ліку і з суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці, візуе праекты дамоў, уносіць прапановы аб забеспячэнні іх належнага выканання, вядзе прэтэнзійную і іскавую работу, прадстаўляе ва ўстаноўленым парадку інтарэсы арганізацыі ў судах, іншых дзяржаўных органах пры разглядзе прававых пытанняў.  

Для рэгулявання пытанняў, звязаных з вядзеннем дагаворнай і прэтэнзійна-іскавай працы ў арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству культуры, добрай дапамогай з’явілася б распрацоўка і прыняцце лакальных нарматыўных прававых актаў аб ажыццяўленні такой работы. Згаданая праблема паўстала не выпадкова. На жаль, у апошні час пачасціліся выпадкі прад’яўлення з боку органаў дзяржаўнага казначэйства прэтэнзій да якасці дагавораў, што прадстаўляюцца да аплаты.

Звернута ўвага на тое, што не можа быць адзінай формы для ўсіх дагавораў, бо заўсёды маюцца асаблівасці, якія і варта адлюстроўваць у гэтых дакументах. Акрамя таго, часта дагаворы носяць змяшаны характар (дагавор сацыяльна-творчага падраду, аказання паслуг), на што варта звяртаць увагу пры фармуляванні істотных умоў такіх дагавораў. Таму пры іх падрыхтоўцы неабходна не бяздумна выкарыстоўваць раней распрацаваную форму, а прымяняць творчы падыход. Прычым улічваючы, што любы дагавор павінен мець уступную частку, прадмет дагавора, правы і абавязкі бакоў і іншыя (дадатковыя) умовы. Юрыдычнай службай Міністэрства культуры, якая ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва прававой работай у арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству, плануецца падрыхтоўка метадычных рэкамендацый па арганізацыі дагаворнай работы. Напрыканцы свайго выступлення Алена Вештарт заклікала ўдзельнікаў семінара правесці ў сваіх арганізацыях працу па паляпшэнні якасці падрыхтоўкі дагавораў.  

 

Істотная ўмова —  прадмет дагавора

 

Галоўны юрысконсульт юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Аксана Гюзле ў сваім выступленні на тэму “Сацыяльна-творчы заказ. Захаванне аўтарскіх правоў пры заключэнні дагавораў” падкрэсліла, што артыкул 8 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” дае паняцце сацыяльна-творчага заказу: гэта дагавор на стварэнне новых твораў мастацкай літаратуры, фільмаў, тэатральных пастановак і канцэртных праграм, іншых вынікаў творчай дзейнасці, а таксама арганізацыя і правядзенне выставак, фестываляў, аглядаў, конкурсаў, іншых культурных мерапрыемстваў, аказанне паслуг у сферы культуры. Дагавор сацыяльна-творчага заказу — гэта асобны від  грамадзянска-прававога дагавора, бакамі якога з’яўляюцца заказчык і выканаўца. Любы дагавор павінен утрымліваць усе істотныя ўмовы дадзенага яго віду.  

Істотнай умовай дагавора сацыяльна-творчага заказу з’яўляецца яго прадмет: стварэнне новых твораў мастацкай літаратуры, фільмаў, тэатральных пастановак і канцэртных праграм, іншых вынікаў творчай дзейнасці, а таксама на арганізацыю і правядзенне выставак, фестываляў, аглядаў, конкурсаў, іншых культурных мерапрыемстваў, аказанне паслуг у сферы культуры. Іншыя істотныя ўмовы, якія павінен утрымліваць дагавор сацыяльна-творчага заказу, вызначаны ў   Інструкцыі аб парадку аплаты грашовых абавязацельстваў атрымальнікаў бюджэтных сродкаў, зацверджанай пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2000 г. № 66. Акрамя таго, такі дагавор можа ўтрымліваць і іншыя істотныя ўмовы, што, на думку бакоў, неабходна прадугледзець.  

Пры падрыхтоўцы дагавораў сацыяльна-творчага заказу неабходна правільна фармуляваць прадмет дагавора, у дакладнай адпаведнасці з артыкулам 8 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь”. Згодна з Палажэннем аб узаемадзеянні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, праваахоўных органаў у галіне аховы інтэлектуальнай уласнасці, зацверджаным  пастановай Савета Міністраў краіны ад 5 жніўня 2005 г. № 871, Міністэрства культуры ў межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляе кантроль за захаваннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь, палажэнняў міжнародных дагавораў у галіне  аўтарскага права і сумежных правоў пры заключэнні дагавораў дзяржаўнага сацыяльна-творчага заказу і набыцці твораў мастацтва. У сувязі з чым у дагаворах сацыяльна-творчага заказу неабходна адлюстроўваць умову аб тым, што выканаўца абавязваецца пры выкананні заказу прытрымлівацца заканадаўства Рэспублікі Беларусь, палажэнняў міжнародных дагавораў у вобласці аўтарскага права і сумежных правоў. Пры афармленні дагавораў пасля правядзення мерапрыемстваў да праектаў дагавораў, што прадстаўляюцца ў Міністэрства культуры, неабходна дадаваць копіі дагавораў, заключаных з аўтарамі.  Закцэнтавана ўвага на тым, што ў цяперашні час падрыхтавана новая рэдакцыя Закону Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”, дзе знайшлі адлюстраванне праблемныя пытанні прымянення заканадаўства аб аўтарскім праве арганізацыямі культуры, творчымі работнікамі.

 

Толькі 5 зваротаў  у суд

 

Намеснік старшыні Гаспадарчага суда г. Мінска Алена Шулейка ў выступленні “Дагаворная праца ва ўстановах культуры” заўважыла, што за мінулы год у Гаспадарчы суд сталіцы паступіла 23 тысячы зваротаў, з іх толькі 5 —  ад арганізацый культуры. Тое сведчыць аб добрай працы іх юрыдычных служб. Як вядома, да 2003 года прэтэнзійны парадак рэгулявання спрэчак з’яўляўся абавязковым. У цяперашні момант ён не з’яўляецца абавязковым, але, з мэтай памяншэння колькасці судовых спрэчак, прапаноўваецца ўключаць претэнзійны парадак урэгулявання спрэчак ва ўсе дагаворы. У такім выпадку без захавання претэнзійнага парадку зварот у суд не адбываецца. Заканадаўствам патрабаванні да зместу прэтэнзіі не ўстаноўлены, у той жа час, у ёй  абавязкова пазначаюцца найменне арганізацыі,  акалічнасці справы, спасылкі на нарматыўныя прававыя акты, банкаўскія рэквізіты прад’яўніка прэтэнзіі, тэрмін выканання абавязацельства,  сума прэтэнзіі, пералік прыкладзеных да прэтэнзіі дакументаў (накладныя, рахункі фактуры і інш.). Прэтэнзію падпісвае кіраўнік арганізацыі або ўпаўнаважаная ім асоба.  Правільна арганізаваная прэтэнзійная праца дазваляе найбольш эфектыўна рэалізаваць работу па спагнанні запазычанасцей. Звернута ўвага на тое, што любы дагавор — гэта пагадненне, але не ўсялякае пагадненне з’яўляецца дагаворам. У апошнім  абавязкова павінна быць пазначана, каму пастаўляецца або прадаецца тавар (паслуга). Дагавор не павінен супярэчыць дзеючаму заканадаўству і павінен складацца так, каб не наносіць шкоду арганізацыі. Вельмі важна, каб дагавор  заключаўся ўпаўнаважанай асобай, адпавядаў відам дзейнасці арганізацыі,  і ў ім правільна пазначаліся рэквізіты бакоў.  

 

Па дагавору арэнды

 

Суддзя Гаспадарчага суда Мінска Ала Грыгаровіч у сваім выступленні (“Асаблівасці  арэндных адносін юрыдычных асоб”) адзначыла, што пытанні арэндных адносін юрыдычных асоб рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб арэндзе”, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2009 г. № 518 “Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю”, іншымі актамі заканадаўства. Галоўнае ў дагаворы арэнды —сам аб’ект, які прадастаўляецца ў арэнду, яго плошча і стаўкі арэнднай платы. Пры разглядзе спрэчак у судзе звяртаецца ўвага на рэгістрацыю дагавораў арэнды, калі яна была прадугледжана пад час заключэння дагавора.  

У суд часцей за ўсё звяртаюцца суб’екты па пытаннях скасавання дагавораў арэнды. Калі тэрмін дагавора арэнды скончыўся, а арандатар не вызваляе плошчу, якую займае, то з яго спаганяецца не пеня, а арэндная плата ў памеры, што ўносіўся раней. Дагавор арэнды можа быць тэрміновым і бес тэрміновым. Паводле дзеючага заканадаўства, стаўкі арэнднай платы з гэтага года разлічваюцца зыходзячы не з курсу еўра, а — у базавых велічынях. Вельмі важна ўлічваць пры заключэнні дагавораў арэнды каэфіцыенты, якія ўстанаўліваюцца выканаўчымі камітэтамі. Няправільна ўказаныя або недакладна разлічаныя сумы арэнднай платы ў дагаворы арэнды могуць пацягнуць за сабой штрафныя санкцыі.  

 

Спрэчка і пасрэдніцтва

 

Начальнік аддзела судовай практыкі Гаспадарчага суда сталіцы Алена Гладкова ў сваім выступленні  “Урэгуляванне спрэчак у працэдуры пасрэдніцтва” адзначыла, што пасрэдніцтва — гэта прымірэнчая працэдура, якую праводзяць спецыялісты гаспадарчага суда. Пасрэднік не можа прымаць чыйсьці бок, аднак  мае права выказаць свой пункт гледжання на сітуацыю, што склалася. Перавагі дадзенай працэдуры відавочныя: магчымы сустрэчы бакоў неабмежаваную  колькасць разоў, магчымае рашэнне спрэчкі без яе разгляду ў судовым разборы і зварот дзяржпошліны.  

Тэрмін правядзення працэдуры пасрэдніцтва — месяц, аднак ён можа быць падоўжаны па хадайніцтве бакоў. Дамова, дасягнутая ў выніку правядзення працэдуры пасрэдніцтва, зацвярджаецца судом. Працэдура пасрэдніцтва не заўсёды мае вынік, ды ў большасці выпадкаў  эфектыўнейшая за іншыя меры. Для  ініцыявання працэдуры пасрэдніцтва неабходна падаць хадайніцтва ў суд або ўказаць аб згодзе на правядзенне працэдуры пасрэдніцтва ў іскавай заяве.   

 

Калі дагавор —  за кошт бюджэту

 

Вядучы юрысконсульт Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Мінску Кірыл Мамонаў у  выступленні “Патрабаванне да дагавораў, якія аплачваюцца за кошт бюджэтных сродкаў. Недахопы дагавораў, якія прадстаўляюцца ў органы казначэйства” адзначыў: галоўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца органамі казначэйства да дагавораў, што аплачваюцца за кошт  бюджэту, выкладзены ў Інструкцыі аб парадку аплаты грашовых абавязацельстваў атрымальнікаў бюджэтных сродкаў, зацверджанай пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2000 г. № 66 (у рэдакцыі пастановы Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2008  г. № 177).

 Найбольш тыповымі памылкамі, якія дапускаюцца ў дагаворах, прадстаўленых у органы казначэйства, з’яўляюцца: няправільнае ўказанне рахункаў контрагентаў па пагадненні, крыніцы фінансавання, бакоў дагавора, указанне не ўсіх істотных умоў, прадугледжаных для дадзенага віду дагавора, часцяком назва дакумента не адпавядае яго зместу, і інш. Адзначана, што дапусціўшы адзін раз памылку, атрымальнік бюджэтных сродкаў у наступных дагаворах яе не заўсёды выпраўляе.  Звернута ўвага на тое, што дагаворы павінны складацца толькі на суму асігнаванняў. У выпадку парушэння дадзенай нормы атрымальнік бюджэтных сродкаў можа быць прыцягнуты да адказнасці за незаконнае атрыманне бюджэтных сродкаў.  Пры заключэнні дагавораў неабходна выконваць працэдуры закупак, устаноўленыя заканадаўствам. Кірыл Мамонаў адзначыў, што органы казначэйства выконваюць функцыю кантролю за правільным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў.  

 

***

Вынікі семінара падвяла начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры  Рэспублікі Беларусь Алена Вештарт. Яна адзначыла, што абмеркаванне праблем было плённым і карысным.  Вельмі важна, што пад час семінара быў наладжаны кантакт з прадстаўнікамі  Гаспадарчага суда сталіцы і казначэйства па Мінску, што паспрыяе цеснаму супрацоўніцтву ў далейшым. Пацверджана неабходнасць падрыхтоўкі метадычных рэкамендацый па парадку заключэння дагавораў, у якіх, па просьбе ўдзельнікаў семінара, варта адлюстраваць пытанне паслядоўнасці візавання дагавораў.  Усім супрацоўнікам юрыдычных служб арганізацый Міністэрства культуры прапанавана прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы гэтага дакумента. Свае прапановы па дадзеным дакуменце трэба накіроўваць на імя вядучага  юрысконсульта  юрыдычнага  аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Жых. Прапанавана таксама прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам  формы дагавораў, не дапускаць у іх не толькі супярэчных заканадаўству палажэнняў, але і стылістычных і граматычных памылак. Алена Вештарт заклікала адыходзіць ад усталяванай раней формы дагавора сацыяльна-творчага заказу, бо яна не заўсёды прадугледжвае асаблівасці пэўнай сітуацыі, а пры вяртанні Міністэрствам культуры дагавораў для дапрацоўкі ўвесці ў практыку паўторнае прадстаўленне такіх дакументаў юрыстамі арганізацый.