Чаму я супраць?

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Горад, як і чалавек, павінен мець тое, што завецца памяццю

/i/content/pi/cult/247/3566/minsk.jpg
 
Пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыныпры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, якое адбылося 18 лістапада мінулага года, “звычайным” не назавеш.У цэнтры ўвагі быў папраўдзе неардынарны аб’ект — Мінскае замчышча. Абмеркаванне будучага лёсу непрыкметнага лапіка зямлі ля станцыі метро “Няміга”, у глыбі якога тояцца сведчанні амаль тысячагадовай гісторыі беларускай сталіцы, не магло абысціся без дыскусій. На адрас “К” звярнуўся з лістом вядомы архітэктар Армэн Сардараў. Ён узнімае надзвычай сур’ёзныя пытанні, якія тычацца не толькі гэтага аб’екта,але і канцэптуальнага падыходу да адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны ў цэлым. Як не толькі захаваць яе,але і зрабіць даступнай ды актуальнай для вачэй, сэрца, душы сучаснага чалавека? І наогул: як адрозніць “шырспажыў” ад інавацыйных падыходаў? У дыскусію ахвотна ўключыўся іншы ўдзельнік згаданага пасяджэння Навукова-метадычнай рады — начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі.

Менавіта памяць стварае жыццёвую сілу арганізма, менавіта памяць дае шанс на будучыню. І мінулае горада,ягоная гістарычная памяць складаецца не толькі з кніжных радкоў ці архіўных папак. Яна павінна мець відавочны вобраз, да якога можна дакрануцца, які можа ўбачыць кожны. Пры гэтым важна, каб мы не змянялі нашых адносін да гістарычных традыцый, да мінулага ў залежнасці ад таго ці іншага ўплыву часу.

Зразумела, што кожны час мае свае асаблівасці, свой непаўторны характар. З гэтым можна пагадзіцца і не турбавацца ні аб чым. Але гісторыя ўсё ж паказвае, што і час, бывае,можа памыляцца…

Яшчэ 20 гадоў таму звычайнай сцэнай па пятніцах ці суботах у Мінску быў падыход маладажонаў з кветкамі да Вечнага агню на плошчы Перамогі. Не дзіва, што сама памяць аб вялікім Подзвігу, які ўвасабляе помнік, стварае ўмовы для клятвы маладых аб чысціні і вернасці. І цяпер гэтыя цудоўныя сцэны яшчэ адбываюцца, але ўжо не так часта.Іншая справа, што сёння некаторыя маладыя ўзялі за звычай прыходзіць са шлюбным візітам… у гандлёвы цэнтр “Сталіца”. Атрымліваецца, тут ля крамаў, рэстаранаў адбываецца новы “сакральны” абрад уваходу ў“грамадства спажывання”...

Думкі гэтыя прыйшлі не самі па сабе, а пасля апошніх пасяджэнняў навукова-мэтадычнай Рады па ахове гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры (аўтар гэтых радкоў з’яўляецца членам Рады).

У лістападзе мінулага года на сваім чарговым пасяджэнні Рада разгледзела праект стварэння комплексу на “месцы нараджэння” нашага горада — там, дзе калісьці зліваліся Свіслач і Няміга, там, дзе цяпер стаіць будынак спартыўнага аб’яднання “Працоўныя рэзервы”, — на праспекце Пераможцаў.Рада ўхваліла прапанаваны архітэктарамі “Мінскпраекта” праект, хаця і не аднагалосна: адзін член Рады галасаваў супраць. Хацелася б звярнуцца да грамадства і растлумачыць — чаму.

Вядома, што кожны горад мае сваю крыніцу, сваю калыску, з якой усё пачалося. Гістарычная навука дае ўсе падставы лічыць: Мінск нарадзіўся менавіта тут, ля злучэння рэк.Шмат знаходак знайшлі на гэтым месцы нашы выдатныя археолагі…Апошнімі “кропкамі”, пастаўленымі тут у ХХ стагоддзі, былі дзве аўтамагістралі (цяперашнія праспект Пераможцаў і вуліца Багдановіча), спартыўны будынак, гандлёвыя і жылыя пабудовы. Частка археалогіі старажытнага Менска засталася пад асфальтам, частка была захавана дзякуючы намаганням вучоных і грамадства. І вось цяпер, на пачатку ХХІ стагоддзя, паўстала пытанне: як адрадзіць гэтую калыску нашай сталіцы? Тут трэба адзначыць: само месца стварэння горада нясе гістарычныя рысы прыналежнасці першага горада ці гарадзішча да агульнаславянскай традыцыі. Бо шмат іншых паселішчаў усходніх і заходніх славян пачыналіся з берагоў дзвюх злучаных рэк. Вада стварала прыродныя ўмовы для абароны горада, давала магчымасць транспартных зносін і напрыканцы спрыяла бытавым жыллёвым патрабаванням.

Так адбылося больш за тысячагоддзе таму на берагах Свіслачы і Нямігі. Таму ўжо адно толькі гэтае месца мае сакральны сэнс: першааснова  Горада, класічная сувязь з іншымі старажытнымі народамі, гісторыя, якая побач.

Што ж прапануюць цяпер праектыроўшчыкі “Мінскпраекта” на чале з Сяргеем Багласавым? Першае, што кідаецца ў вочы, — да ўсіх існуючых вакол і ўласна на месцы гарадзішча пабудоў дадаецца яшчэ шмат чаго: набярэжная з брукаванкамі,гандлёвыя рады, каменны храм, драўляныя дамы і брама. Над усім гэтым павінен лунаць шкляны дах, а яшчэ — пешаходны мост з бутафорскім колам вадзянога млына (легенда аб Менеску-млынары). Навошта? Аўтары праекта адкрыта абвяшчаюць аб выкарыстанні ахоўнай зоны — для турызму, гандлю, адпачынку. Знаёмства з гісторыяй, на іх погляд, павінна пачацца з гандлёва-забаўляльных крыніц і нават, як сказаў адзін з членаў Рады, з “гульні ў гісторыю”.Бяда і смутак не ў тым, што мы ствараем яшчэ адзін нацыянальна-гістарычны Дыснейленд… З гісторыі прапануюць зрабіць нейкую гульню-забаўлянку. Штучныя, дэкаратыўныя пабудовы, сувенірныя будынкі — усё разам стварае новы вобраз, але не вобраз старажытнага славянскага горада. Аўтар праекта без усякіх сумненняў спасылаецца на амерыканскі вопыт стварэння “індзейскіх” вёсак ці пабудоў з часоў Дзікага Захаду. Відавочна, колькі амерыканізацыя культуры прынесла чалавецтву: маскульт, папса, дыснейленды — усё тое,што з’яўляецца процілегласцю  сапраўднай культуры, што нівеліруе нацыянальныя карані і традыцыі, усё тое, што трымае чалавека ў кіпцюрах адной думкі: спажывай, спажывай і яшчэ спажывай. Не дзіва, калі вядучы адной з перадач СТБ сур’ёзна казаў некалькі тыдняў таму: “Беларусь дала чалавецтву Янку Купалу і Барыса Маісеева…” Прабачце, але да гэтага ўжо нічога няма дадаць!

Вось і мы, архітэктары, пакрысе прыўносім нешта ў гэты “спажывецкі кацёл” з надпісам: “Made in”…Яно, гэтае месца на скрыжаванні рэкі дарог, і цяпер звыш урбанізавана. А новае архітэктурнае асяроддзе, што прапануецца маімі калегамі, заклікае: давайце будаваць тут яшчэ і яшчэ! Архітэктурны візуальны вобраз, які мы ўбачым праз некалькі гадоў, увогуле страціць свае гістарычныя рысы, знішчыць ауру месца і прынясе толькі шум, гоман і фальшывую бліскучасць кірмашу. Па маральнай сутнасці, гэта тое самае,што было зроблена ў савецкія часы,калі руйнавалі Старую Нямігу.Чытач можа запытаць: што ж трэба зрабіць тут, на гэтым гістарычным месцы, што прапануе гэты, незгодны з Радай, архітэктар? Парадаксальна, але мая прапанова: не будаваць нічога. Нічога такога, што зробіць гэтае святое месца штучным, нова-будаўнічым, несапраўдным. Абавязкова трэба знесці будынак “Працоўных рэзерваў”. Абавязкова трэба арганізаваць доступ да археалагічных знаходак менавіта там, дзе яны яшчэ існуюць.Гэта можна зрабіць вельмі далікатна,так, напрыклад, як гэта робіцца ў археалагічных зонах Грэцыі ці Італіі:толькі ўмацаванні, пешаходныя пераходы (без бетонных плітак) або невялікія дахі над асабліва каштоўнымі артэфактамі. І абавязкова —глеба, рэльеф, расліны і камяні, якія павінны падкрэсліць само Месца,яго сакральнасць і гістарычнасць.

Калі тут і неабходна распавядаць гасцям, турыстам аб колішнім храме, вуліцах і жыхарах сталіцы —хай гэта робяць камп’ютэры і лазерна-віртуальныя тэхналогіі. Яшчэ не позна!

Армэн САРДАРАЎ,

дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ, доктар архітэктуры, член навукова-метадычнай Рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь