Ахвотных яшчэ шмат

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Сваімі ўражаннямі ад першага этапу Конкурсу дзеляцца яго арганізатары ў рэгіёнах

Брэстчына. Як распавяла “К” галоўны спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Лілія Балонкіна, у другі этап Рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” прайшло 235 канкурсантаў.

Па яе словах, у вобласці была праведзена вялікая рэкламная кампанія. Умовы конкурсу, анонсы адборачных тураў і інфармацыя аб мерапрыемствах размяшчаліся на старонках гарадскіх і раённых газетных выданняў, у Інтэрнеце, у тэле і радыёэфіры.  

30 студзеня ў Брэсце, 6 лютага ў Баранавічах і 7 лютага ў Пінску адбудуцца занальныя прагляды прэтэндэнтаў на спаборніцтва ў другім этапе Рэспубліканскага конкурсу з удзелам абласной экспертнай камісіі. А 26 лютага ўсе канкурсанты збяруцца ў Брэсце. Асноўныя мерапрыемствы запланавана правесці ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры.  

Віцебшчына. 

Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Станіслаў Генеральніцкі расказаў “К”, што другі этап Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” пройдзе ў абласным цэнтры 5 — 6 лютага ў Цэнтры культуры “Віцебск”.

Дарэчы, у першым рэгіянальным этапе конкурсу ўдзельнічала звыш 1000 чалавек! Па словах Станіслава Генеральніцкага, найбольш актыўна праявіў сябе Міёрскі раён: там за абласныя “пуцёўкі” спаборнічалі прыкладна 150 канкурсантаў.

 А вось лічбы другога этапа: пададзена 193 індывідуальныя заяўкі і 12 заявак ад творчых калектываў. Найбольш “прадстаўніча” выглядаюць намінацыі “Эстрадныя спевы” (66 заявак) і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” (27). Няшмат заявак у намінацыях “Скульптура” (2) і “Рэжысура масавых святаў” (4). Але, па меркаванні Станіслава Генеральніцкага, да пачатку другога этапу Рэспубліканскага конкурсу лічбы абавязкова зменяцца ў бок павелічэння: ахвотных паўдзельнічаць у конкурсе яшчэ шмат.

Міншчына.

Як кажа намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок, каб трапіць у другі этап Рэспубліканскага конкурсу, канкурсантам трэба будзе спачатку прайсці адборачны тур.

 Яго плануецца правесці 10— 11 лютага ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. І толькі пасля гэтага лепшыя з лепшых выступяць на сцэне Дзяржынскага гарадскога дома культуры: менавіта там 27 лютага члены журы вызначаць тых маладых “зорак”, якія будуць прадстаўляць Міншчыну на заключным этапе конкурсу.  

Па словах Святланы Баранок, на сённяшні дзень пададзена прыкладна 200 заявак. Найбольш удзельнікаў сабрала намінацыя “Эстрадныя спевы”, а найменш — “Сацыяльная рэклама” і “Фатаграфія”. Цяпер фарміруецца камісія з экспертаў упраўлення культуры, якая будзе “судзіць” канкурсантаў у другім туры Рэспубліканскага конкурсу.

Мінск. Паводле меркавання дырэктара-распарадчыка дзяржаўнай установы “Мінск-канцэрт” Ірыны Галуза, “гэты конкурс вельмі патрэбны, бо моладзь у нас вельмі творчая і ініцыятыўная, з ахвотай удзельнічае ў гэтым значным рэспубліканскім мерапрыемстве”.  

За доказ Ірына Галуза прывяла наступныя лічбы: у другім этапе Рэспубліканскага конкурсу будуць удзельнічаць звыш 150 чалавек. А адбудзецца ён 20— 21 лютага ў Палацы чыгуначнікаў.

Адкрыла яна і невялікі сакрэт: пасля завяршэння другога этапу мяркуецца правядзенне ўрачыстага канцэрта з удзелам тых маладых талентаў, якія трапяць у заключны этап конкурсу. Ірына Паўлаўна лічыць, што гэтае мерапрыемства абавязкова прыцягне ўвагу мінчан і гасцей сталіцы.