Гледачы чакаюць шоу

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Сваімі ўражаннямі ад першага этапу Конкурсу дзеляцца яго арганізатары ў рэгіёнах.

Гомельшчына. Аб уражаннях ад першага адборачнага этапа Рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” распавядае “К” дырэктар Гомельскай харэаграфічнай школы — старшыня гарадскога журы Пётр Свярдлоў.

Паводле ягоных слоў, снежаньскі адбор канкурсантаў быў настолькі насычаным і разнастайным, што доўжыўся з ранку да вечара. Збольшага ў ім бралі ўдзел студэнты і навучэнцы чатырох раёнаў абласнога цэнтра. У выніку прагляду было адабрана некалькі дзесяткаў лепшых з лепшых. У іх ліку 

і ансамблі, і сольныя выканаўцы.

Як сцвярджае старшыня гарадскога журы, найбольш яркімі былі выступленні ў намінацыях “Эстрадныя спевы” і “Сучасны танец”. Маўляў, справа натуральная: творчыя інтарэсы гарадской моладзі найперш скіраваны да эстраднага мастацтва. Дарэчы, не менш яркімі, па выніках гарадскога адбору, сталі і пераможцы ў намінацыі “Размоўны жанр”, якія аддалі перавагу канферансу і мастацкаму чытанню…

Другі адборачны этап, як распавядае намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка, стартуе на Гомельшчыне ў лютым.

Гродзеншчына. Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Маціевіч паведамляе “К”, што другі адборачны этап Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў пройдзе ў абласным цэнтры 25 лютага.

Другі тур мяркуецца арганізаваць у аблдрамтэатры. Верагодна, што будуць выкарыстаны плошчы абласной філармоніі, каледжа мастацтваў.

На другі дзень, 26 лютага, у драмтэатры пройдзе канцэртнае шоу з удзелам канкурсантаў, што прайшлі ў заключны тур творчага саперніцтва, а таксама з удзелам маладых талентаў, якія ярка зарэкамендавалі сябе цягам другога адборачнага этапа.

Магілёўшчына. Другі адборачны этап Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” пройдзе ў Палацы культуры Магілёўскай вобласці 24 лютага. Як будзе выглядаць гэтае мерапрыемства? Натуральна, што па адказ на гэтае пытанне “К” звярнулася да галоўнага рэжысёра гарадскога Цэнтра культуры і дасугу Тамары Залешчанка, якая, маючы саракагадовы творчы вопыт, адказвае за пастаноўку ўсіх гарадскіх і пэўных абласных відовішчных дзей.

— Мне вельмі спадабалася ідэя Рэспубліканскага конкурсу,— кажа Тамара Васільеўна. — Гэта сапраўднае свята для моладзі, якое не мае аналагаў па сваіх маштабах і мэтах. Таму і мерапрыемства, што пройдзе ў абласным цэнтры 24 лютага, мяркуюць зрабіць яркім святочным шоу з выкарыстаннем самых розных тэхнічных сродкаў сцэнаграфіі…

Па меркаванні Тамары Залешчанка, будзе вельмі складана аб’яднаць у адной канцэртнай дзеі дзве магутныя мастацкія плыні — народную і эстрадную, годна прэзентаваўшы пры гэтым прадстаўнікоў усіх 12 конкурсных намінацый. Але агульная канцэпцыя свята для моладзі, абмеркаванне якой

на абласным узроўні адбылося ў чацвер, вызначана. Рэжысёрскія цікавосткі будучага мерапрыемства застаюцца, натуральна, пакуль у сакрэце, неаспрэчным жа з’яўляецца адно: шоу будзе запамінальным.