Планета Каваля

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Сёння не кожнаму ўдаецца трапіць у далёкія замежныя краіны, але для мастака Сяргея Каваля такой праблемы не існуе. У гэтым лёгка пераканацца, наведаўшы ягоную выстаўку “На планеце людзей”, што днямі адкрылася ў Светлагорскай мастацкай галерэі імя Пранішнікава.

 

/i/content/pi/cult/246/3550/12-4.jpgГледачоў здзіўляе і захапляе невычэрпная фантазія аўтара, якая далучае іх да мастацкага космасу беларуса з вёскі Якімава Слабада, што размясцілася на высокім беразе Бярэзіны непадалёк ад Светлагорска. Прыцягваюць пранікнёныя партрэты манаха з загадкавага Тыбета, маладой дзяўчыны з паўночнай Афрыкі, радаснага іранца, які каштуе арбуз, ветэрана вайны, старэнькай вясковай бабулькі... Усе гэтыя персанажы - толькі частка свету Сяргея Каваля. Надзвычайнага раскрыцця сваіх вобразаў Сяргей Мікалаевіч дасягае і ў краявідах роднай вёскі, у выразна-пазнавальных, трапных тыпах вяскоўцаў, што адпачываюць, весяляцца, жартуюць, жывуць і працуюць. На адной з карцін, якая мае памер 12 квадратных метраў, адлюстраваны шматлікія постаці нашых сучаснікаў і гістарычных асоб мінулага. І тут ва ўсю моц праявілася цудоўная фантазія Сяргея Каваля. Творца - удзельнік шматлікіх беларускіх выставак інсітнага мастацтва. Ягоныя творы знаходзяцца ў Гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Заслаўе", у краязнаўчым музеі г. Светлагорска, а таксама ўпрыгожваюць бібліятэку ў Якімавай Слабадзе.

Юрый МАЛАШ