Гледачоў здзіўляе і захапляе невычэрпная фантазія аўтара, якая далучае іх да мастацкага космасу беларуса з вёскі Якімава Слабада, што размясцілася на высокім беразе Бярэзіны непадалёк ад Светлагорска. Прыцягваюць пранікнёныя партрэты манаха з загадкавага Тыбета, маладой дзяўчыны з паўночнай Афрыкі, радаснага іранца, які каштуе арбуз, ветэрана вайны, старэнькай вясковай бабулькі... Усе гэтыя персанажы - толькі частка свету Сяргея Каваля. Надзвычайнага раскрыцця сваіх вобразаў Сяргей Мікалаевіч дасягае і ў краявідах роднай вёскі, у выразна-пазнавальных, трапных тыпах вяскоўцаў, што адпачываюць, весяляцца, жартуюць, жывуць і працуюць. На адной з карцін, якая мае памер 12 квадратных метраў, адлюстраваны шматлікія постаці нашых сучаснікаў і гістарычных асоб мінулага. І тут ва ўсю моц праявілася цудоўная фантазія Сяргея Каваля. Творца - удзельнік шматлікіх беларускіх выставак інсітнага мастацтва. Ягоныя творы знаходзяцца ў Гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Заслаўе", у краязнаўчым музеі г. Светлагорска, а таксама ўпрыгожваюць бібліятэку ў Якімавай Слабадзе.
Юрый МАЛАШ