Чаго не можа пераклад?

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

“Не пакідайце ж мовы нашай…” Гэтыя пранікнёныя словы нашага класіка можна было б выкарыстаць у якасці эпіграфа да новага спектакля “Translations” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Твор ірландскага драматурга Брайана Фрыла, у якім расказваецца гісторыя культурнай і моўнай асіміляцыі англічанамі нашчадкаў святога Патрыка, падаўся актуальным беларускаму рэжысёру Мікалаю Пінігіну. І не выпадкова ўзнік ён у эпоху глабалізацыйнай канкурэнцыі культур, на хвалі пошуку універсальнай мовы, здольнай спрасціць міжнацыянальныя і міжчалавечыя камунікацыі. Спрасціць ці уніфікаваць?

/i/content/pi/cult/246/3543/9-1.jpg

 

Сама па сабе тэма перакладу як акта міжкультурных стасункаў даволі глыбокая і неадназначная. З аднаго боку, лічыцца, што ніякі, нават самы дасканалы, пераклад не здольны да канца перадаць усе тонкасці мовы-арыгінала. З іншага ж, не сакрэт і той факт, што перакладчыцкая праца значным чынам уплывае і на развіццё ўласнай мовы, вымагаючы руплівай і глыбокай працы над пошукам моўна-вобразных адпаведнікаў і эквівалентаў. І, урэшце, далучае нас да лепшых здабыткаў іншых культур і народаў. Няўжо ж сам па сабе пераклад здольны быць злом? Ды - у такім кантэксце - як бачыцца той факт, што і сам твор Брайана Фрыла напісаны і перакладзены Міколам Паўловічам з англійскай мовы, а зусім не з ірландскай?..

Калі прыгледзецца больш пільна да самога твора, становіцца відавочна, што ў ім няма як такога падзелу на "добрых" ірландцаў і "дрэнных" англічан. Знешні канфлікт аказваецца выключна фармальным. Цягам дзеі мы сустракаем усяго толькі дваіх англічан, адзін з якіх - капітан Лэнсі - (Арцём Бародзіч) як спраўны вайскоўца раздае каманды, другі ж - лейтэнант Ёланд (Раман Падаляка) - не толькі закахаўся ў Мейрэ (Валянціна Гарцуева), але і палюбіў саму ірландскую культуру. Атрымліваецца, што асіміляцыйны працэс адбываецца не столькі ў краіне, колькі - у свядомасці саміх ірландцаў! Оўэн (Сяргей Чуб) свядома ідзе на службу да іх, бо тыя плацяць немалыя грошы за перакладчыцкую дзейнасць, а Мейрэ гэтак жа адкрыта гаворыць пра ўласнае жаданне вывучыць "інгліш" і з'ехаць да брата ў Бостан. Ды і сам мэтр Х'ю (Сяргей Краўчанка), мясцовынастаўнік, пры ўсім ягоным скептыцызме да англічан, не адмаўляецца "прыглядацца" да іх.

/i/content/pi/cult/246/3543/9-2.jpgМікалай Пінігін застаецца паслядоўным, з аднаго боку, у прастаце сцэнічнага выказвання, а з іншага - прапускаючы тэатральную гісторыю праз уласны светапогляд. Акурат гэткая асаблівасць яго рэжысёрскага выказвання "ад першай асобы", сярод іншага, і прыцягвае гледачоў да спектакляў творцы цягам многіх гадоў. Аднак калі гаварыць больш падрабязна пра глядацкі інтарэс, нельга не зазначыць, што даволі значная частка прыхільнікаў рэжысёра аказалася... расчараванай. Ад Пінігіна прагнулі яркага, насычанага сцэнічнага відовішча, якімі ў свой час былі яго спектаклі па беларускай класіцы, - чакалі працягу "Тутэйшых" у версіі "праз дваццаць гадоў".

Аднак ён пайшоў іншым шляхам, намагаючыся стварыць не відовішчную, а, у першую чаргу, разумную, інтэлектуальную пастаноўку. Зрэшты, і я ў час прагляду "Translations" разпораз праводзіла паралелі з тым спектаклем, які ў свой час стаўся настолькі моцным тэатральным узрушэннем, што вызначыў і мой далейшы жыццёвы і прафесійны лёс. Праз амаль два дзесяцігоддзі пасля прэм'еры Купалавай п'есы асветнік Здольнік, які адкрыта дэклараваў сваё жаданне з'ехаць у вёску і набраць з сабой кніжак - "але толькі беларускіх" - ператварыўся ў добрага, мілага, сціплага Мануса (Аляксандр Казела). Затое ў Зносаку, які стаў цяпер Оўэнам-Роландам, хоць і не змяніў прагматычнага погляду на свет, усё ж пачалі прачынацца свае "карані".

А вось выбар на ролю мясцовага настаўніка Х'ю Сяргея Краўчанкі аказаўся для спектакля няўдалым: акцёр не здолеў знайсці для гэтага персанажа харызматычных інтанацый, якія раскрылі б нам усю глыбіню і супярэчлівасць "загадкавага ірландскага характару", і правёў сваю ролю як чараду "п'яных" сцэн. Так што, засталося незразумелым, адкуль жа ў астатніх людзей столькі пашаны і павагі да яго. Не адшукалі, на жаль, адпаведныя стрункі і Віктар Манаеў (Джымі Джэк), які цягам сцэнічнай дзеі іграе ў вясковага дзівака-разумніка, і Ганна Хітрык (Сара), чый вобраз, па сутнасці, мог бы стаць філасофскай дамінантай усяго спектакля, задаючы нам, гледачам, пытанне аб тым, што такое мова як аснова нацыі: усяго толькі набор пэўных спалучэнняў гукаў ці штосьці больш глыбокае і глыбіннае? Зрэшты, не зразумелымі да канца засталіся практычна ўсе наведвальнікі ірландскай школы, сыграныя ў наіўна-пастаральным ключы. І гэта пэўным чынам не дало канфлікту спектакля абвастрыцца да належнага напалу, так што фінальны выхад ваяроў, якія развалілі вароты-граніцы ірландскага дома і ўторкнулі ў гэтыя дошкі свае сякеры, так і не выйшаў на ўзровень метафарычнага а б а г у л ь н е н н я вобраза./i/content/pi/cult/246/3543/9-4-ann.jpg

Асобнай радасцю ў спектаклі стала работа сцэнографа (Пётр Окунеў) і мастака па касцюмах (Вольга Шаішмелашвілі ) , запрошаных з Санкт-Пецярбурга. Нягледзячы на знешнюю прастату самой сцэнаграфічнай канструкцыі, немагчыма было не заўважыць, наколькі тонка і дакладна працуюць мастакі з тонамі, чаго ў беларускіх тэатрах сёння ўжо не сустрэнеш. Кажуць, у эскімосаў існуе некалькі дзесяткаў слоў для таго, каб абазначыць белы колер. У спектаклі гэткім жа акварэльным багаццем нюансіровак, насычаным амаль тактыльнымі адчуваннямі, вылучаецца шэра-карычневая гама, па-туманнаму халодная і, разам з тым, такая жывая, пералівістая. І, як цягам сцэнічнай дзеі праз гэтую шэрань усё ярчэй праступалі адценні і нюансы колеру, так, магчыма, праз некалькі прэм'ерных паказаў і ў спектаклі праступіць, выгравіруецца тая думка, якая так прывабіла рэжысёра Мікалая Пінігіна і падштурхнула да пастаноўкі гэтага, безумоўна, нешараговага твора на беларускай сцэне. 

На здымках: сцэны са спектакля "Translations". Фота Андрэя СПРЫНЧАНА