Праверана на ўласных дзецях!

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Усе зімовыя канікулы Філармонія для дзяцей і юнацтва, што існуе пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі, радавала дзятву, паводле традыцыі, “свежавырабленай” музычнай казкай — “Новы год не адмяняецца”. Спектаклі ішлі, здаралася, ажно па тры на дзень. І ўсе — выключна жывым гукам. А як іначай, калі артыстамі спектакля сталі, як заўсёды, маладыя салісты філармоніі?

 

- Падтрымліваючы жывое выканальніцтва, - кажа дырэктар ФДЮ Алег Мазурын, - мы дбаем пра цяперашніх дзяцей, якія заўтра стануць дарослымі слухачамі філармоніі. Кожная чарговая казка, як і кожны наш канцэрт, - сапраўдны эксклюзіў.

Гэта тым больш адметна, што ўсе стваральнікі казкі - філарманічнага "паходжання". Музыку напісаў кампазітар Уладзімір Саўчык, які працуе ў ФДЮ. Рэжысёрам такога дзіцячага спектакля ўпершыню выступіла знакамітая Ніна Осіпава. А сцэнарый прыдумаў... дырэктар Ансамбля салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова і Мінскага струннага квартэта Сяргей Макарэй. Яно і не дзіва, бо за плячыма цяперашняга дырэктара двух камерных калектываў - шматлікія пастаноўчыя перадачы, зробленыя ў свой час у дзіцячай рэдакцыі Беларускага радыё, а таксама сцэнарыі многіх фестывальных і ўрадавых канцэртаў, нават опернае лібрэта.

Казка атрымалася добрай, светлай. Дзеці ўбачылі ў ёй гісторыю пра іншапланецян, якія зайздросцяць зямлянам, таму што тыя святкуюць Новы год. Дарослыя ж маглі задумацца пра тэорыю цыклічнасці гістарычнага развіцця: каляндар іншапланецян пабудаваны на скразной нумарацыі - без падзелу на тыдні, месяцы, гады.

- Галоўнымі "цэнзарамі", - раскрыў сакрэт С.Макарэй, - былі мае дочкі маленькая Маша і - асабліва - 7-гадовая Надзя, якая прыдзірліва вывучала кожны вершык.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"