Першая роля — у “Вяселлі”

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

На Гомельшчыне, у вёсцы Івольск Буда-Кашалёўскага раёна, у беднай сялянскай сям’і 14 сакавіка 1902 г. нарадзіўся вядомы беларускі акцёр, рэжысёр, народны артыст СССР і Беларусі, стваральнік яркіх сцэнічных вобразаў простых людзей Павел Малчанаў. Сёлета спаўняецца 105 гадоў з дня яго нараджэння.

Калыскай яго тэатральнай творчасці стала Гомельская настаўніцкая семінарыя, якая існавала на працягу 1915 — 1919 гг. Пра гэты перыяд свайго жыцця Павел Сцяпанавіч з цеплынёй распавядаў у кнізе мемуараў “Тэатр — жыццё маё”, якая выйшла ў Мінску ў 1984 г. “У 1916 годзе я паступіў у Гомельскую настаўніцкую семінарыю. Яна толькі што адкрылася. Гады тыя цяжкія, неспакойныя. Трэці год ішла Першая сусветная вайна, знясілеў народ. Я не ўсведамляў яшчэ, што і як змагу зрабіць для яго, свайго народа. Але адчуваў, што павінен увасобіць у нейкай карыснай дзейнасці тое, што атрымаў ад прыроды…”. Далей ён пісаў, што ў Гомелі ў тыя гады не было пастаяннага тэатра. Упершыню ён убачыў спектаклі нейкай тэатральнай трупы, якая гастралявала ў горадзе ў 1917 г. Юны Павел нават не запомніў тады назваў п’ес, але ігра акцёраў зрабіла на яго моцнае ўражанне. Датуль ён увогуле не ўяўляў, што такое тэатр.

Павел Сцяпанавіч прыгадаў і свой першы ўдзел у аматарскім спектаклі, пастаўленым навучэнцамі семінарыі па матывах п’есы А.Чэхава “Вяселле”: “Ставілі спектакль у зале жаночай гімназіі ў прысутнасці ўсяго гарадскога начальства. Зрабілі падмосткі, расшукалі касцюмы, знайшоўся нават і грымёр. Мы, удзельнікі спектакля, страшэнна хваляваліся… Гэта быў мой першы ўдзел у спектаклі. Драматычных сваіх здольнасцей я яшчэ не выявіў. Мне была даручана эпізадычная роля лакея. Як я лічыў надзвычай адказная роля. Я павінен быў выйсці на сцэну і сказаць: “С чем прикажете подать мороженое, с ромом, с мадерой или без ничего-с?..”

Акрылены поспехам “Вяселля”, настаўнік-тэатрал, паводле слоў П.Малчанава, узяўся за гогалеўскага “Рэвізора”. Будучаму акцёру хацелася перайграць усе ролі гэтай п’есы, аднак найбольш вабілі яго ролі Гараднічага і Хлестакова.

Тут жа, у семінарыі, П.Малчанаў паспрабаваў сябе і ў якасці рэжысёра. Аднойчы, калі навучэнцы рыхтаваліся да чарговага канцэрта, ён вырашыў зрабіць інсцэніроўку аднаго з гумарыстычных апавяданняў Аверчанкі. Сюжэт гэтага твора наступны: адзін чыноўнік пасля навагодніх віншаванняў напіўся так, што ледзь дабраўся дадому і забыў зачыніць за сабой уваходныя дзверы. Пачуўшы рыпенне дзвярэй, ён падумаў, што хтосьці прыйшоў у госці. Чыноўнік запальваесвятло і бачыць перад сабой незнаёмца ў шапцы і шубе, які пільна глядзіць на яго. Чыноўнік прапануе госцю распрануцца і сам распранаецца, запрашае за стол і сам сядае. Потым выцягвае цыгарэту і запальвае. Госць паўтарае ўсе яго дзеянні. Гаспадар пачынае злавацца і замахваецца на свайго двайніка. У выніку разбівае люстра, потым апранаецца і сыходзіць з кватэры.

Усё дзеянне апавядання абыгрываў сам Малчанаў, толькі тэкст ад аўтара чытаў яго таварыш. Пасля выступлення да Паўла падышоў арганізатар канцэрта і сказаў, што ў яго, несумненна, ёсць здольнасці да сцэнічнай ігры, і параіў вучыцца далей.

Аднак запаветная мара Малчанава стаць акцёрам пачала ажыццяўляцца толькі ў снежні 1922 г., калі ён паступіў на вучобу ў Беларускую тэатральную студыю ў Маскве, якой кіраваў вядомы рускі рэжысёр Валянцін Сяргеевіч Смышляеў.


Клара БІРУКОВІЧ, кандыдат гістарычных навук
Гомель