Рэнтген аднаго “Партрэта…”

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Напрыканцы святкавання свайго юбілейнага, 70-га, года наш Нацыянальны мастацкі музей дадаў у скарбніцу навуковых даследаванняў выдатны твор — кнігу Ірыны Паньшынай “Что в имени тебе моём?”.

Заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Ірына Мікалаеўна Паньшына шмат зрабіла для развіцця музейнай справы сучаснай Беларусі. Дзякуючы і яе намаганням былі адкрыты Музей народнай культуры ў Раўбічах, Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. Менавіта яна распрацавала канцэпцыю экспазіцыі музея "Дом Ваньковічаў" у будынку - сапраўднай перліне сярод мінскіх помнікаў архітэктуры. Яна - аўтар такіх вядомых выданняў, як "Час у вобразах і фарбах" і "Іван Хруцкі".

Новая кніга аўтара знаёміць чытачоў з такой цікавай працай навукоўцы, як атрыбуцыя твораў. Трэба адзначыць, што для вызначэння часу стварэння твора, яго аўтарства ці вызначэння адлюстраванай асобы неабходны разгорнутыя параўнанні работ як аднаго мастака, так і мастацтва пэўнага перыяду ўвогуле. Неабходны рэнтгенаграмы твораў, іх здымкі пры дапамозе ультрафіялетавых промняў. Шмат у чым спрыяе і вывучэнне архіўных крыніц. Безумоўна, гэтыя даследаванні ахопліваюць многія гады карпатлівай працы навукоўцы. Усе этапы даследаванняў Ірыны Паньшынай пададзены цудоўнай літаратурнай мовай. Кожная старонка кнігі захапляе чытача. Але ў першую чаргу гэта - унікальны навуковы твор, у якім кожны раздзел - выдатнае мастацтвазнаўчае адкрыццё. Акрамя таго, кнігу трэба лічыць і метадалагічным выданнем, дзе вельмі падрабязна і паступова пададзена, як трэба працаваць з музейнымі зборамі. Праходзячы па залах музея, мы бачым творы, з якіх на нас глядзіць мінуўшчына. Хто былі гэтыя невядомыя людзі, што адлюстраваны на палотнах? Нас падзяляюць стагоддзі, а так хочацца ведаць, чым яны жылі, аб чым марылі, каго любілі. І музейны навукоўца, як сапраўдны дэтэктыў, пачынае цяжкі, поўны загадак, шлях даследавання. Менавіта так і пачынаецца гісторыя вывучэння твора невядомага мастака "Партрэт невядомай"... Паліна ЯНІЦКАЯ