Гульня ў “Рыбаlove”

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Андрэй Пяткевіч і Уладзімір Зленка з 2000 года працуюць разам, у адной майстэрні. “Рыбаlove” — другі іхні сумесны праект. Аб’яднала ж творцаў ідэя спалучыць дзве выявы, два знакі, дзве гісторыі — рыбалоўную і любоўную. У гэтым праекце шмат кахання, шчырасці і адкрыццяў. Выстаўку прадставілі ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

/i/content/pi/cult/246/3538/7-2.jpg

 

Перад гледачамі паўстала своеасаблівае калектыўнае мастацтва, якое заснавана на супольнасці інтарэсаў, адзіным творчым парыве, узаемапранікальным светаадчуванні. "Жывапіс - небалбатлівае мастацтва", - пісаў Эжэн Дэлакруа. Мастакі ў сваім праекце як быццам перафразавалі вялікага француза, заявіўшы сваімі творамі зваротнае: жывапіс- гучны, усмешлівы, іранічны. Аўтары глядзяць на навакольны свет праз адны марскія акуляры з вадзянымі знакамі рыб. Яны шукаюць новыя спосабы перадачы, новыя выразныя сродкі на аснове традыцыйнай тэхнікі. Па словах Андрэя Пяткевіча, Сучасных матэрыялаў шмат, галоўнае - гэта чысціня і цэласнасць, як перадачы, так і ўспрымання.

У сваім праекце Андрэй і Уладзімір гуляюць са сваім гледачом, правакуюць яго выявамі, тэмамі. Напрыклад, аб'яднальны элемент амаль усіх палотнаў - поп-артаўская, растыражаваная выява чырвонага сардэчка. Мастакі не адмаўляюць вобразаў масавай культуры - яны выкарыстоўваюць іх, гуляючы ў паняцці - сур'ёзныя і іранічныя, у тэмы - жорсткія і банальныя./i/content/pi/cult/246/3538/7-4.jpg Яны "малююць" свае адчуванні і ўражанні: тут і крык душы (Абаронім прыроду - нашу маці!), і канстатаванне факта (Жыццё - барацьба, дзе ёсць ахвяра і драпежнік.), і развага аб каханні (Хтосьці кахае, хтосьці дазваляе кахаць, хтосьці ловіць, хтосьці злоўлены...)... Аднак уся гэтая вобразная канструкцыя, перадгісторыя або надгісторыя раскрываюцца толькі пасля "другога прачытання", а менавіта - пасля гутаркі з аўтарамі, вербальнага пераасэнсавання. На першы план выходзяць дэкаратыўныя моманты выяў, якія не чытаюцца адразу, а візуальны тэкст не заўсёды адпавядае вербальнаму.

Аўтары разлічваюць на ўвагу гледача, на дачыненне, бо для іх увага - рэакцыя, водгук і, урэшце, pyx і развіццё. I сапраўды, у выніку яны ствараюць мастацтва, прывабнае для ўсіх праз сінтэз рэкламы, дызайну і графікі.   

 

Аўтар: Вольга РЫБЧЫНСКАЯ