Непрачытаная “Дзюймовачка”

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Нягледзячы на тое, што з восені сталічны ТЮГ знаходзіцца на рэканструкцыі і не мае свайго сталага памяшкання, тэатр не перастае радаваць сваіх гледачоў прэм’ернымі спектаклямі і традыцыйнай навагодняй казкай. Сёлета гэта — “Дзюймовачка” паводле знакамітай казкі Ханса Крысціяна Андэрсена.

/i/content/pi/cult/244/3503/11-2.jpgЗнешняя сюжэтная лінія спектакля практычна не адрозніваецца ад андэрсенаўскай казкі, вядомай практычна кожнаму маленькаму гледачу. Тэатр пазначае спектакль як гісторыю пра мацярынскую любоў, якая вядзе па жыцці і ратуе ў складаныя хвіліны. Аднак аўтар сцэнічнай рэдакцыі Юрый Шчуцкі "выцягвае" на паверхню і іншыя матывы ды паўтоны, якія ў класічнай версіі практычна не прачытваюцца. І галоўная з іх крыецца ў тым, што ўсіх, на чыім шляху сустракаецца Дзюймовачка - Чарвячка Дроню, Жабу з яе Сынком, Жука, Ластаўку, Мыш і нават Крата, - вабіць і скарае ў гэтай дзяўчынцы не столькі яе знешняя прыгажосць, колькі ўнутранае, душэўнае святло.
 Малеча настолькі шчыра радуецца навакольнаму свету і не імкнецца бачыць у ім недасканаласць і варожасць, што гэты пазітыўны настрой перадаецца не толькі ўсім навакольным персанажам, але і нам, гледачам, ствараючы ў зале насамрэч святочны настрой. І цалкам натуральным выглядае тое, што кожны з "няўдалых" жаніхоў Дзюймовачкі з гатоўнасцю выпраўляецца на пошукі і ратаванне дзяўчынкі. У якасці пастаноўшчыка спектакля выступіла малады рэжысёр, нядаўняя выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Наталля-Разалія Родзіна. Ды і ў ролі Дзюймовачкі на сцэне з'явілася ТЮГаўская дэбютантка - Таццяна Чардынцава, якая вельмі дакладна злавіла і ўвасобіла радасна-пазітыўныя інтанацыі сваёй гераіні. Сярод і н ш ы х акцёрскіх работ можна вылучыць Мыш у выкананні Наталлі Якаўлевай, а таксама Мадам Жабуар Людмілы Разумавай з яе сынком Жаруарам Брэкекекавічам (Аляксей Кірмуць). Спектакль адрасаваны гледачам, пачынаючы з чатырох гадоў, аднак думаецца, што, паводле ТЮГаўскай традыцыі, ён будзе цікавы і для сямейнага прагляду.