Вам на сёмае неба?

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Упершыню з музычнай казкай “Зоркі сёмага неба” я пазнаёмілася некалькі гадоў таму ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Але тады гэта было, можна сказаць, напаўканцэртнае выкананне цудоўных мелодый Уладзіміра Кур’яна, што звязваліся размоўнымі дыялогамі. Дый сам сюжэт (прыгоды Ката Мурмота і Лялькі Элі, якія ідуць выратоўваць зоркі) быў звернуты, найперш, да навагодніх святаў.

 

/i/content/pi/cult/244/3502/11-1.jpgУ версіі ж ад Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага атрымаўся паўнавартасны казачна-філасофскі і нават метадычна-павучальны спектакль на вечную тэму: "Что такое хорошо и что такое плохо", як азначыла вынік творчая група на чале з аўтарам п'есы і рэжысёрампастаноўшчыкам Генадзем Давыдзькам. Відовішча трымаецца на сцэнаграфіі Веніяміна Маршака і, найперш, на крэатыўных сцэнічных строях Марыі Герасімовіч. У спектаклі няма такіх папулярных апошнім часам разнастайных пераўвасабленняў адзінай сцэнічнай канструкцыі, што адпавядала б варыяцыйным і монатэматычным формам у музыцы. Наадварот, усё заснавана на нечаканых візуальных рашэннях абагульненых вобразаў: кантраст, яшчэ кантраст. Дый як намаляваць Ляноту, Страх, Нахабства, Уладалюбства, іншыя чалавечыя заганы? У мульціку ці сучасным лялечным тэатры зрабіць гэта было б куды прасцей, таму пастаноўшчыкі не сталі абмяжоўвацца вобразнымі сродкамі адно драматычнага тэатра, далучыўшы здабыткі тэатра ценяў (паездкі ў чароўным ліфце), лялечных шэсцяў (строі Лізуноў-падлізаў, спадарожнікаў Цётухны Баюшкі і іншыя).

Цікавая п'еса, трапныя вершаваныя радкі сведчаць, што напісанне гэтай казкі не стала для Г.Давыдзькі справай фармальнай, - у тэкст і пастаноўку былі ўкладзены не проста промні натхнення, а творчы запал. У рэжысуры ёсць удалыя ходы, што натуральна злучаюць асобныя мізансцэны. Каб прыбраць, да прыкладу, падушку Баюшкі, не патрэбную ў наступным эпізодзе, Мурмот прыхоплівае яе з сабой у далейшае падарожжа, але раз'юшаная Эля шпурляе "рэквізіт" у кулісы. Дый ідэя чароўнага ліфта, які ў сучасных умовах замяняе дыван-самалёт, надае спектаклю тэмпарытм, дапамагае хуткай і лагічнай змене карцін. Шматстылёвая, рознаж а н р а в а я м у з ы к а У.Кур'яна спалучае поп, рок, рэп, фольк, стылізацыю класіцызму і пампезных маршаў. У цяперашняй версіі яна набыла добрую аранжыроўку Віталя Аляшкевіча і выдатных выканаўцаў - акцёраў-спевакоў у адной асобе.

/i/content/pi/cult/244/3502/11-3.jpgУладзімір Глотаў (Кот Мурмот) увасабляе гэткага яршыстага падлетка, які не навучыўся пакуль стрымліваць свае эмоцыі і словы, таму з-за "калючай" імпульсіўнасці часта трапляе ў непрадбачаныя сітуацыі. Акцёр настолькі натуральна пачувае сябе ў рок-стылістыцы, што яго песенны партрэт можна было б і пашырыць - нават тым жа музычным матэрыялам, але з новымі словамі, як гэта традыцыйна робіцца ў мюзіклах. Эля (Аляксандра Багданава) - тыповы прыклад "узорнай дзяўчынкі", якая жыве намерам выратаваць не толькі ўвесь свет і далёкія зоркі, але і свайго новага сябра, адчуваючы за яго не самым салодкім характарам добрую душу. Яе слабым месцам аказваецца выпрабаванне славай першай прыгажуні, і толькі "падлетак андэграунда" можа выратаваць яе ад гэтай гламурнасці. Адкрыццём становіцца Андрэй Душачкін у ролі Разлюляя. Артыст сам "напрасіўся" на гэты вобраз, уклаўшы ў сваю пародыю шмат трапных назіранняў за эстраднымі выканаўцамі. Адзінае, што патрабуе ў спектаклі ўдасканалення, - гэта фінал. Не вельмі пераканаўчай аказваецца сустрэча з Сытухай.

Ну, а тое, што яна лопнула ад сваёй сквапнасці да ежы, дзецям трэба тлумачыць дадаткова. Прычым пад час апошняй песні, на якую, як у гала-канцэрце, збіраюцца ўсе ўдзельнікі. Тут зноў узнікае гэткая "незразумелка": усе героі разам - і станоўчыя, і адмоўныя, якіх толькі што перамаглі, - спяваюць гімн зоркам. Калі б артысты проста выходзілі на музычны паклон - ніхто не спрачаўся б. Дый ідэя "перавыхавання" Наглюка, Ляноты (ну не падыходзіць ёй такое добрае, ласкавае імя - Баюшка!) - сама па сабе неблагая. Ці, наадварот, ідэя вечнай барацьбы з чалавечымі заганамі: ледзь "ухопіш зорку з неба" - ажно зноў цябе абступаюць розныя "зорныя хваробы". Але пералічаныя варыянты не атрымліваюць адпаведнага вырашэння, застаюцца непрапрацаванымі і таму незразумелымі. Спектакль прызначаны для сямейнага прагляду, але пры цяперашнім сцэнічным рашэнні, пэўна, патрабуецца ніжняе ўзроставае абмежаванне: наўрад ці яго зразумеюць самыя маленькія - трохгадовыя наведвальнікі. Дый паўтары гадзіны без перапынку ў такім узросце - праблема. Можа, усё ж адпускаць дзятву ў буфет і проста "прабегчыся" - акурат пасля "трох нябёсаў"?

Наздымках: сцэны са спектакля.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"