У час перамоў былі дасягнуты пагадненні, якія будуць садзейнічаць далейшаму развіццю і ўмацаванню культурных сувязей нашых краін у сферы выяўленчага мастацтва. Было вырашана наладзіць у нашым Нацыянальным мастацкім музеі ў 2012 годзе выстаўку жывапісу з калекцыі Луўра. Разгледжаны папярэдні пералік твораў французскага жывапісу для ўключэння іх у мінскую экспазіцыю. Гэта будзе жывапіс эпохі Напалеона Банапарта. Абмяркоўваліся таксама пытанні супрацоўніцтва вядучых музеяў абедзвюх краін, у тым ліку - сумесная дзейнасць па музеефікацыі замкаў у Нясвіжы і Міры, па рэстаўрацыі і атрыбуцыі твораў мастацтва. Супрацоўнікі Луўра азнаёмілі Уладзіміра Пракапцова з экспазіцыямі Луўра і метадамі арганізацыі яго работы. У выніку сустрэчы Уладзімір Іванавіч уручыў Анры Луарэту памятную сярэбраную манету, прысвечаную 100-годдзю А.В. Аладавай.
У ходзе візіту Уладзіміра Пракапцова адбылася таксама сустрэча з кіраўніком сектара грамадскіх сувязей і культурных мерапрыемстваў ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO) спадаром Армелем Арру. Нагодай для яе стала тое, што восенню 2010-га святкуецца 200-гадовы юбілей беларускага мастака Івана Хруцкага, уключаны ў Спіс памятных дат UNESCO. Прынята рашэнне аб арганізацыі выстаўкі І.Ф. Хруцкага з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у Штаб-кватэры UNESCO ў 2010 годзе. У юбілейны год нашага земляка мяркуецца паказаць у Луўры больш за 10 ягоных палотнаў, створаных мастаком да 1848 года. Вясной будучага года ў НММ РБ намечана правесці выстаўку французскіх імпрэсіяністаў з музеяў Нармандыі, а таксама запланавана персанальная выстаўка і нашага земляка Барыса Заборава, які цягам амаль 30 гадоў жыве і працуе ў Парыжы.
Наш кар.
На здымку: Уладзімір Пракапцоў і Анры Луарэт у час наведвання Нацыянальнага мастацкага музея. Фота Юрыя ІВАНОВА