На “… Рынгу” — “сіткам”

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Шэрагам навагодніх камедый і мюзіклаў адзначыцца святочны эфір "Сталічнага тэлебачання". Як паведамілі "К" у прэс-службе тэлекампаніі, асаблівы, прыўзняты настрой - галоўная мэта ўсіх, хто працаваў над спецыяльнымі праектамі. Сярод апошніх, дарэчы, ёсць і вельмі незвычайныя, якія ўпершыню з'явяцца ў беларускім тэлеэфіры.

/i/content/pi/cult/244/3496/12-7.jpgТак, упершыню ў Беларусі знята так званая сітуацыйная камедыя, ці, скарочана, сіткам. Цікава, што сіткамы ўжо некалькі гадоў з'яўляюцца самымі рэйтынгавымі відовішчамі на расійскім тэлебачанні. Дастаткова згадаць тую ж "Маю любімую няню" ці "Шчаслівыя разам". І вось, знаёмцеся: "Тэарэтыкі". Стужка расказвае пра маладых таленавітых жыхароў невялічкага, "закрытага" горада вучоных, якія абслугоўваюць электрастанцыю і якраз будуюць яе новы блок. Героям "Тэарэтыкаў" хапае і энергіі, і пачуцця гумару. Вось толькі з жанчынамі хлопцам пакуль не шанцуе: не знаходзяць яны патрэбнага "падыходу"... - У нас пакуль не вельмі вялікі вопыт працы над сіткамамі, - кажа рэжысёр праекта Сяргей Талыбаў. - Але за "Тэарэтыкаў", якіх, дарэчы, здымаем адначасова на тры камеры, мы ўзяліся з вялікім энтузіязмам. Нават змены ў сцэнарый уносім проста на здымачнай пляцоўцы, бо галоўнае ў сіткаме - трапна пажартаваць. Удалая фраза можа вырашыць поспех цэлай стужкі.

/i/content/pi/cult/244/3496/12-6.jpg Сяргей Талыбаў вядомы гледачам як рэжысёр-пастаноўшчык серыялаў "Міліцэйская акадэмія-2", "Дзядуля маёй мары". Сярод выканаўцаў галоўных роляў "Тэарэтыкаў" таксама - былыя "кавээншчыкі", а цяпер шоумены Яўген Смарыгін і Зміцер Танковіч, акцёры Максім Паніматчанка, Генадзь Фамін, Алег Коц. Цікава,  што ролі журналістаў у серыяле выконваюць сапраўдныя рэпарцёры і вядучыя праграм СТБ. Эфір чатырохсерыйных "Тэарэтыкаў" запланаваны на 28 - 31 снежня, а эстафету гумару на СТБ прадоўжаць выступленні лепшых каманд Клуба вясёлых і знаходлівых. Навагодні КВЗ пройдзе з удзелам гасцей - каманд "Фёдар Двіняцін СК РОСТРА" (Масква - Ступіна), "Станцыя Спартыўная" (Масква), "Трыёд і Дыёд" (Смаленск), а таксама наймацнейшых беларускіх каманд сезона Першай лігі Міжнароднага саюза КВЗ. Што да музычнага складніка, то яго забяспечыць "Зорны рынг".

/i/content/pi/cult/244/3496/13-4.jpgУ навагоднім выпуску перадачы сустрэнуцца сталыя зоркі (вакальна-інструментальныя ансамблі "Зямляне", "Сіняя птушка", спявак Валерый Сюткін) і тыя, хто яшчэ не так даўно прылічаўся да пачаткоўцаў ("Без білета", "Цэнтр", "J:Mors"). Як і заведзена, гледачы будуць мець магчымасць вызначыць пераможцу ў прамым эфіры. А 25 снежня ў эфір выйшла тэлесправаздача аб цырымоніі ўзнагарод тэлевізійнай музычнай прэміі СТБ, якая праводзілася ўпершыню. Магчымасць паказаць сваё майстэрства мелі ўладальнікі прэмій за лепшую песню, лепшы выканаўца, лепшы рок-гурт і г. д. Музычную тэму ў эфіры СТБ прадоўжаць героі вядомых казачных твораў. У ноч на 1 студзеня можна будзе пабачыць мюзіклы "Чырвоны каптурык" і "Як казакі...". Персанажы першага перасоўваюцца на матацыклах ды размаўляюць на маладзёжным слэнгу праз электронную пошту. А другі з'яўляецца сучаснай версіяй гогалеўскіх "Вечароў на хутары ля Дзіканькі".

 

 Здымкі прадастаўлены прэсслужбай "Сталічнага тэлебачання".