Родная — розная

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Вынікі Года роднай зямлі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі вырашыў падвесці творча: гэтымі днямі па ініцыятыве грамадскага аб’яднання ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы праходзіць выстаўка маладых творцаў Дзяніса Іванова і Уладзіміра Сайко “Сыны роднай зямлі”. І такая назва — не проста прывязка: яна сапраўды дакладна адлюстроўвае характар і змест работ маладых творцаў. Азёры і рэкі Беларусі, храмы і помнікі — усё адлюстравана ў творах мастакоў з непадробнай шчырасцю і любоўю.

 

/i/content/pi/cult/244/3492/10-5.jpgПрадстаўленыя на выстаўцы работы - пераважна пейзажы, што адлюстроўваюць краявіды радзімы. Але і ў такіх, здавалася б, абмежаваных умовах - у межах адной экспазіцыі - удалося паказаць два розныя позіркі на рэчаіснасць, розныя падыходы да творчасці, нарэшце, розныя стылі і тэхнікі. Так, калі палотны алеем Уладзіміра Сайко гледачы называюць "па-вясковаму цёплымі", то урбаністычныя творы Дзяніса Іванова (ад батыка да малюнкаў пастэллю) ужо не такі мяккія - халаднейшыя за работы калегі і па каларыце, і па змесце.

/i/content/pi/cult/244/3492/10-4.jpgТак склалася, што поруч з паняццем "малады творца" ў сучасным успрыняцці згадваецца і "авангард", "канцэптуальнае мастацтва". Але ў творах Уладзіміра і Дзяніса - навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка - акадэмізм пакуль што пераважае над аўтарскімі адкрыццямі, мудрагелістым стылем, і, магчыма, таму іх рэалістычныя замалёўкі штодзённага жыцця Бацькаўшчыны становяцца яшчэ больш зразумелымі і блізкімі шырокаму гледачу. Абодва хлопцы - неаднаразовыя ўдзельнікі і пераможцы шэрагу мастацкіх конкурсаў і экспазіцый. Персанальная выстаўка для іх - таксама не дзіва. Але такі праект, дзе юнакам давялося працаваць у тандэме, супастаўляючы розныя погляды на падобныя рэчы, - важны вопыт для кожнага з іх і значны ўнёсак у скарбонкі творчых заваёў.