Калядоўшчыкі і... кулігаўшчыкі

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Сярод святаў, што карысталіся найвялікшай пашанай шляхты ў XVIII ст., вылучаецца зімовы абрадавы цыкл, які па-язычніцку называўся “Калядкі”, “Масленка” і быў непасрэдна звязаны з Ражджаством Хрыстовым, Вадохрышчам, сустрэчай Новага года. Не менш значным і асабліва вясёлым быў і перыяд запустаў, якія пачыналіся пасля каталіцкага свята Трох каралёў і паступова пераходзілі ў тое, што ў народзе называлася Масленкай, а ў еўрапейскіх гараджан і дваран — Карнавалам, традыцыі якога ідуць ад рымскіх сатурналій.

 

Гэтае слова, звязанае з вялікімі баляваннямі, ужывалася ў дачыненні да азначанага перыяду і ў старабеларускай шляхты. Як і ў народнай традыцыі, у шырокім ужытку ў шляхты і гараджан былі пераапрананні: у дзеда, мядзведзя, бусла, казу. Напрыканцы святкавання моладзь рабіла выезд урачыста ўбранага "караля". Традыцыйнае калядаванне з абыходам усіх двароў, рытуальнымі дзеямі пераапранутых персанажаў, каляднымі песнямі і падарункамі не было распаўсюджана, аднак звычай хадзіць у госці, шчыра прымаць гасцей складаў аснову свята. Баляванні з танцамі ладзіліся нават у дамах святароў. У XVII ст. сярод заможных гараджан, часткова - шляхты, існаваў звычай абдорвання калядой - каляднымі падарункамі, пераважна ежай. Каляду давалі вышэйшым па статусе асобам, яе прыносілі ўрачыстым шэсцем, у адказ госці атрымлівалі шчодры пачастунак.

 Адзін з пашыраных звычаяў гэтага часу - кулігі, што фіксуецца сярод гарадскога насельніцтва Рэчы Паспалітай яшчэ ў XVII ст. Кулігі пачыналіся ў перадапошні тыдзень запустаў. Жыхары адной, а іншым разам - некалькіх сядзіб (за выключэннем малых, старых і тых, хто па практычнай неабходнасці не мог пакінуць дом) збіраліся разам, садзіліся ў сані і ехалі да чарговага суседа, які павінен быў іх частаваць, а потым з пэўнай колькасцю людзей далучаўся да гасцей, і ўсе разам ехалі да новага гаспадара. Такім чынам збіралася даволі вялікая кампанія, што прырастала за кошт чарговага гаспадара і ўтварала істотныя цяжкасці наступнаму. Калядная ежа павінна была быць тлустай, бо яна магічна забяспечвала дабрабыт на будучы год. Перш-наперш, елі шмат мясных страў, бо менавіта яны сімвалізавалі дабрабыт. Сярод іх культавай стравай была каўбаса, якая ў Еўропе была сімвалам Карнавалу. Каўбасы рабілі розных гатункаў, аднак самай папулярнай была літоўская - са свінога мяса, ялавічыны, дзічыны, у якую дабаўляліся прыправы. На зіму нарыхтоўвалі фаршыраваных булкай і салам рабчыкаў, марынаваных бакасаў, салёных дзікіх качак. Стол упрыгожвала цалкам засоленая, а потым нафаршыраваная свіная галава.

 Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук