Сюжэт казкі, усе песні і музыка, якія прагучаць на свяце, будуць эксклюзіўнымі. Увасобяць іх артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама маладыя артысты з дзіцячага цэнтра "Маяк"- усяго ў прадстаўленні задзейнічана каля трохсот чалавек. А Снягуркай стане актрыса Марыя Беляковіч.
Гледачоў чакае шмат спецэфектаў, "разыначак", якія зробяць свята запамінальным: гэта лазерныя ролікі, што будуць накіраваны ў залу, анімацыйныя кліпы на вялікім экране, велізарныя шары, якімі артысты будуць перакідвацца з гасцямі. А над глядзельнай залай будзе ісці "сапраўдны" снег! У фінале паўтары тысячы паветраных шароў паляцяць са столі проста ў рукі дзяцей. Рэжысёр Улада Арцюкоўская, якая працавала над конкурсам "Славянскага базару ў Віцебску" і ўрачыстым адкрыццём "Лістапада", зазначыла, што гэты праект з'яўляецца самым значным для яе. "Адчуваю, мая праца і праца вялікай каманды павінна пакінуць толькі самыя лепшыя ўражанні, бо для многіх дзетак гэта найбольш значная падзея, падобных да якой не было раней, - кажа рэжысёр. - Над харэаграфіяй працуе Святлана Гуткоўская, спецыяльна для гэтага навагодняга прадстаўлення напісалі музыку Сяргей Сухамлін і Леанід Вайтовіч.
У казцы "Чараўніцтва слова" мне захацелася выявіць ідэю ветлівасці, добрых адносін дзяцей да бліжніх, іх жаданне дапамагаць адно аднаму. Сюжэт развіваецца ў Самым Ветлівым Горадзе На Зямлі. Туды трапляюць Дзед Мароз і Снягурка. Чароўная ёлка выконвае жаданні, і дзеці могуць ажыццявіць самыя незвычайныя цуды, якія толькі можна ўявіць. Адзін хлопчык-капрызуля пажадаў, каб свята не адбылося, і ўвесь горад, акрамя адной дзяўчынкі, замерз.А пасля і сам злы хлопчык ператварыўся ў дракона. Выратаванне магчымае толькі дзякуючы ветлівасці, думкам пра іншых...
" Галоўны Дзед Мароз краіны - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Радзівілаў, майстар гумару і пародый, распавёў карэспандэнту "К" пра значэнне гэтага свята для яго. - Ужо шаснаццаты год запар я ўвасабляю Дзеда Мароза на Галоўнай Ёлцы краіны. Але нельга сказаць, што ўжо прызвычаіўся да гэтай ролі, бо кожны год свята мае свае асаблівасці. Цяпер навагодняе прадстаўленне пададзена ў форме мюзікла, і ўпершыню на падобным мерапрыемстве давядзецца шмат спяваць і танцаваць. Гэта вельмі цікава для мяне як для акцёра. Больш за ўсё я люблю здзіўляць дзятву, несці ёй сапраўдную шчырую радасць. Яна ўсё бачыць, запамінае, таму мая ігра павінна быць бездакорнай. Навагодняе свята - яшчэ адна нагода ўзгадаць маё дзяцінства зімой. Я памятаю, як чакаў Дзеда Мароза.
Запомніліся вялізныя гурбы снегу; мы вылазілі на вуліцу праз акно, бо дзверы было немагчыма адчыніць, і будавалі "домікі" ў гэтых гурбах. Я вельмі выразна чытаў вершыкі, стоячы на крэсле, нецярпліва чакаў падарункаў пад ёлкай. Я вельмі рады, што сёння ў многіх беларускіх дзяцей, дзякуючы Ёлцы ў Палацы Рэспублікі, ёсць магчымасць пабачыць Прэзідэнта, гэта вельмі ганарова!
Фота Юрыя ІВАНОВА