КАНЦЭПЦЫЯ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПРАГРАМЫ “КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ (2011 — 2015 гг.)”

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г


 

/i/content/pi/cult/244/3484/2-1.jpg І. Стратэгічныя арыенціры функцыянавання і развіцця культуры Рэспублікі Беларусь

У адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі Закону Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1991 г. "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь", Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 г., адобранай Прэзідыумам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (пратакол ад 23.03.2004 № 12) і Нацыянальнай камісіяй па ўстойлівым развіцці Рэспублікі Беларусь (пратакол ад 06.05.2004 г. № 11/15ПР) (далей - Нацыянальная стратэгія), культура вызначаецца як "нацыянальны рэсурс, які ўяўляе з сябе сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, уключаючы нацыянальную мову, гісторыка-культурную спадчыну, традыцыі, фальклор, народныя промыслы і рамёствы, прафесійнае і самадзейнае мастацтва, культуралагічную і мастацкую адукацыю, установы і кадры культуры, міжнацыянальныя і міждзяржаўныя культурныя сувязі, матэрыяльнае фінансавае забеспячэнне" (п. 3.7. Нацыянальнай стратэгіі). Згодна з Асноўнымі накірункамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 - 2015 гады, зацверджанымі Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 4 лістапада 2006 г. № 1475 (далей- Асноўныя накірункі), галоўнай мэтай другога пяцігоддзя (2011 - 2015 гг.) з'яўляецца забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага развіцця краіны і на гэтай аснове павышэнне ўзроўню дабрабыту народа з набліжэннем яго да ўзроўню эканамічна развітых еўрапейскіх дзяржаў.

 сувязі з гэтым сярод асноўных задач другога пяцігоддзя - далейшае ўдасканаленне структуры эканомікі за кошт паскоранага развіцця галін сацыяльна-культурнага комплексу, а сярод асноўных прынцыпаў сацыяльнай палітыкі на прагназуемы перыяд - прыярытэтнае развіццё культуры як адной з галін, якія фарміруюць чалавечы капітал і ўдасканальваюць яго якасць. Асноўнай мэтай развіцця культуры з'яўляюцца павышэнне яе ролі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, фарміраванне высокай духоўнасці чалавека ў адпаведнасці з гістарычнымі, сацыяльнымі і культурнымі каштоўнасцямі беларускага народа і сусветнай цывілізацыі (п. 9.4.4. Асноўных накірункаў). Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры "накіравана на захаванне самабытнасці культуры беларускага народа і нацыянальных традыцый; адраджэнне і захаванне патэнцыялу культурнай спадчыны і яго развіццё; забеспячэнне даступнасці культурных каштоўнасцей шырокім слаям насельніцтва; ахову духоўных, інтэлектуальных і культурных каштоўнасцей; інтэграцыю ў сістэму сусветнай культуры на правах раўнапраўнага ўдзельніка глабальных культурных працэсаў" (п. 3.7. Нацыянальнай стратэгіі).

У адпаведнасці з п. 3 артыкула 10 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь" прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры з'яўляюцца захаванне, развіццё і распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры і мовы, стварэнне, распаўсюджванне і папулярызацыя твораў мастацкай літаратуры і мастацтва для дзяцей і моладзі, стварэнне ўмоў для эстэтычнага выхавання, мастацкай і культуралагічнай адукацыі дзяцей і моладзі, папулярызацыя класічных твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, іншых эстэтычных і маральных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, забеспячэнне функцыянавання і развіцця культуры ў сельскай мясцовасці.

ІІ. Сучасны стан галіны культуры

У цяперашні час дзяржаўная палітыка ў галіне культуры ажыццяўляецца на аснове міжнародных прынцыпаў, закладзеных у канвенцыях UNESCO - Гаагскай канвенцыі аб ахове культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфлікту (1954 г.), аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны (1972 г.), аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2003 г.), аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (2005 г.); мэт і задач Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 - 2010 гг., Комплекснай праграмы развіцця сферы паслуг у Рэспубліцы Беларусь на 2006 - 2010 гг., Дзяржаўнай праграмы "Памяць Беларусі", галіновай праграмы "Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 - 2010 гг.", Праграмы па выкананні заданняў, вызначаных Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла на 2005 - 2010 гг., Праграмы развіцця музейнай справы Рэспублікі Беларусь на 2005 - 2010 гг., Праграмы рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання дзяржаўных тэатраў Рэспублікі Беларусь на 2004 - 2010 гг. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы ўдалося захаваць і развіць асноўныя дасягненні ў сферы культуры.

Сёння ў краіне функцыянуе разгалінаваная сетка ўстаноў культуры, якая ў значнай ступені забяспечвае даступнасць культурных даброт для беларускіх грамадзян. У сістэме Міністэрства культуры налічваецца больш за 9 тысяч устаноў культуры і мастацтва, у тым ліку 3925 бібліятэк, 3566 устаноў клубнага тыпу (у іх працуе звыш 25 000 клубных фарміраванняў, з іх дзіцячых і юнацкіх - больш за 13 000, 52 калектывы маюць званне "заслужаны", каля 1500 - найменні "народны" і "ўзорны"). У краіне дзейнічаюць 147 музеяў, 28 тэатраў, 137 кінатэатраў, і 2288 кінавідэаўстановак, 18 канцэртных арганізацый, 3 вышэйшыя і 21 сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, 523 дзіцячыя школы мастацтваў і 77 філіялаў. Больш як 280 тысяч грамадзян нашай краіны займаюцца народнай творчасцю ва ўстановах культуры. Дзяржава актыўна падтрымлівае прафесійнае мастацтва, садзейнічае пошуку і станаўленню маладых талентаў. Практычна кожны другі грамадзянін Беларусі з'яўляецца карыстальнікам публічнай бібліятэкі. За мінулую пяцігодку адкрыта 22 новыя публічныя бібліятэкі. Пачалі функцыянаваць 937 бібліятэк аграгарадкоў, якія з'яўляюцца якасна новымі сацыяльна-культурнымі ўстановамі на сяле. Назіраецца ўстойлівая дынаміка росту колькасці музеяў (2005 г.- 137, 2008 г. - 145, 2009 г. - 147).

Музейная сетка прадстаўлена практычна ўсімі вядомымі профілямі музейных устаноў: краязнаўчымі- 52%, гістарычнымі і этнаграфічнымі - 23%, літаратурнымі- 10%, мастацкімі - 13%, музеямі-запаведнікамі - 2%. Музейны фонд Рэспублікі Беларусь уключае звыш 2,8 млн. музейных прадметаў. З кожным годам павялічваецца музейная аўдыторыя: 2000 г. - 2,9 млн., 2009 г. - 4 млн. наведвальнікаў. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў рэспубліцы ўдалося захаваць матэрыяльна-тэхнічную, тэхналагічную і кадравую базу кінематаграфіі, сістэмаўтваральнымі звёнамі якой з'яўляюцца рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Беларускі відэацэнтр" і ўся сістэма кінавідэапракату. За апошнія гады расце колькасць створаных кінастудыяй поўнаметражных мастацкіх фільмаў:у 2007 г. - 8 адзінак, у 2008 г. - 10, у 2009 г. - 12. Штогод здымаецца па пяць мультыплікацыйных стужак. Таксама за гэты перыяд фільмавытворчымі арганізацыямі створана 217 хранікальна-дакументальных карцін. Праводзіцца работа па комплекснай інфарматызацыі галіны. У сённяшні час ва ўстановах сферы культуры ўсталявана больш за 10 тысяч камп'ютэраў. Імі аснашчаны ўсе вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы культуры і мастацтва, канцэртныя арганізацыі, цыркі, пераважная большасць тэатраў і музеяў, палова дзіцячых школ мастацтваў і траціна бібліятэк. Больш як тысяча ўстаноў галіны мае пастаянны выхад у Інтэрнет, каля 250 маюць сайты.

Распрацоўваюцца і ўкараняюцца сродкі інфарматызацыі ў тэхналагічнай, арганізацыйнаэканамічнай і сацыяльна-эканамічнай сферах дзейнасці. Сур'ёзным дасягненнем у інфарматызацыі галіны стала стварэнне галіновага інтэграванага банка даных устаноў культуры і ўкараненне яго ў Міністэрстве культуры і рэгіёнах. У асноўным сфарміравана нарматыўная база, якая рэгулюе дзейнасць у сферы культуры. Сярод апошніх дасягненняў у галіне культуры неабходна адзначыць фарміраванне і публікацыю Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (які ўключае каля 5 тысяч аб'ектаў), стварэнне Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь; завяршэнне рэканструкцыі і адкрыццё Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь; адкрыццё шматзальнага кінатэатра "Беларусь"; падрыхтоўку да ўводу ў эксплуатацыю першага пускавога комплексу першай чаргі будаўніцтва помніка архітэктуры XVI - XX стагоддзяў замкавага комплексу ў г.п. Мір; падрыхтоўку да ўводу ў эксплуатацыю першага этапа другога пускавога комплексу будаўніцтва палацава-паркавага ансамбля XVI - XVІІI стагоддзяў у г. Нясвіжы; распрацоўка і зацвярджэнне схемы фестывальнага руху ў Рэспубліцы Беларусь; стварэнне 187 клубных устаноў новага тыпу і інш.

Разам з тым, адзначаючы важкія поспехі ў галіне культуры ў нашай краіне, варта прызнаць, што ўзровень яе развіцця пакуль не адпавядае патрабаванням, якія дыктуюцца нарастаючай міжнароднай канкурэнцыяй у эканамічнай, сацыяльнапалітычнай і духоўнай сферах. Як неаднаразова адзначаў Кіраўнік дзяржавы, не можа існаваць моцнай квітнеючай дзяржавы без развітой сферы культуры. За гады незалежнасці Рэспубліка Беларусі дабілася ўражальных поспехаў у пабудове моцнай дзяржавы, эфектыўнай нацыянальнай эканомікі. У той жа час, як канстатуецца ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 г. (п. 3.7.), "у сферы грамадскага і дзелавога жыцця культура яшчэ не разглядаецца як істотная парадыгма развіцця. У грамадстве марудна ўсведамляецца, што маральна-духоўныя імператывы, таксама як экалагічныя і эканамічныя, з'яўляюцца вырашальнымі пры пераходзе да ўстойлівага развіцця. Таму рэальнае стаўленне грамадства да культуры выражаецца ў недастатковым выдаткаванні фінансавых сродкаў на яе развіццё. Абмежаванасць фінансавых сродкаў ускладняе выкананне мерапрыемстваў па захаванні і якасным нарошчванні сеткі ўстаноў культуры, умацаванні і абнаўленні яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, забеспячэнні даступнасці і разнастайнасці паслуг устаноў культуры для ўсяго насельніцтва". Патэнцыял беларускай культуры недастаткова выкарыстоўваецца для фарміравання і ўмацавання станоўчага міжнароднага іміджа Рэспублікі Беларусь. Культурны складнік у іміджавых камунікацыях дзяржавы ўтрымлівае ў сабе найбольшы рэсурс эфектыўнага пазіцыянавання краіны на замежныя аўдыторыі. Пазітыўная рэпутацыя Беларусі ў свеце як краіны з высокім духоўна-маральным патэнцыялам грамадства, высокім узроўнем развіцця ўсіх форм самабытнай традыцыйнай і сучаснай культуры будзе садзейнічаць станаўленню аўтарытэту дзяржавы і даверу да яе як да надзейнага партнёра і ў іншых сферах жыцця, такіх, як палітыка, эканоміка, права і г. д., станоўча паўплывае на інвестыцыйны клімат, развіццё міжнароднага турызму, міграцыйныя працэсы і інш.

Сфера культуры недастаткова адаптавана да рэалій функцыянавання ва ўмовах станаўлення рынкавай эканомікі ў краіне, адчувае істотныя фінансавыя цяжкасці. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь" устаноўлена, што, пачынаючы з 2009 г., аб'ём бюджэтнага фінансавання на ўтрыманне і развіццё галіны культуры і мастацтва павінен устанаўлівацца да 1.0% ад УВП. Фактычныя расходы на культуру ў 2008 г. (з улікам сродкаў на капітальнае будаўніцтва) склалі 0,83% ад УВП. На 2009 г. бюджэтныя асігнаванні прадугледжаны на ўзроўні 0,62% ад плануемага УВП. У 2010 г., зыходзячы з прагнозных даных па УВП і папярэдніх даных па расходах на культуру, удзельная вага складзе каля 0,5% ад УВП. Работнікі галіны культуры па ўзроўні заработнай платы знаходзяцца на адным з апошніх месцаў. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдняя заработная плата работнікаў культуры і мастацтва за 2008 г. склала 656,1 тыс. рублёў (74% да сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы). Сярэдняя заработная плата работнікаў культуры ў адносінах да сярэднерэспубліканскага ўзроўню знізілася з 73,6% у студзені - кастрычніку 2008 г. да 73,2 у студзені- кастрычніку 2009 г. Адрознай асаблівасцю сённяшняга дня стала камерцыялізацыя ўстаноў культуры. Большасць з іх актыўна шукаюць дадатковыя крыніцы фінансавання, найперш - за кошт развіцця платных паслуг. Укараненне рынкавых механізмаў у дзейнасць устаноў культуры патрабуе навукова-абгрунтаванага планавання з улікам рэальных матэрыяльна-тэхнічных фінансавых і кадравых магчымасцей устаноў культуры. У сувязі з вышэйпералічаным наспела неабходнасць распрацоўкі і прыняцця Дзяржаўнай праграмы развіцця культуры і мастацтва на 2011- 2015 гады (далей - Праграма), рэалізацыя якой дазволіць вырашыць найбольш актуальныя праблемы культурнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

ІІІ. Мэты, задачы, паказчыкі і тэрміны рэалізацыі Праграмы

Згодна з Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 г. стратэгічнай мэтай дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры з'яўляецца развіццё і эфектыўнае выкарыстанне культурнага патэнцыялу краіны, забеспячэнне пераемнасці развіцця беларускай культуры поруч з падтрымкай культурных інавацый. У сувязі з гэтым на этапе 2011- 2020 гг. у галіне культуры запланавана правесці структурныя пераўтварэнні арганізацыйна-гаспадарчага механізма галіны; распрацаваць эфектыўны механізм фінансавання культуры, новыя формы яе эканамічнай падтрымкі; прадоўжыць работу па стварэнні цывілізаванага рынку паслуг, актыўна ўключыцца ў сусветныя працэсы развіцця культуры (п. 4.1.4. Нацыянальнай стратэгіі). У адпаведнасці з Асноўнымі накірункамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006- 2015 гады ў галіне культуры ў 2011- 2015 гадах запланавана ажыццявіць меры па далейшым удасканальванні арганізацыйнай структуры ўстаноў культуры і механізма іх фінансавання, аптымізацыі сеткі ўстаноў культуры ў сельскай мясцовасці, забеспячэнні пераемнасці развіцця беларускай культуры і мэтанакіраванай падтрымкі інавацый, узаемасувязі агульнай культуры насельніцтва з высокай палітычнай, прававой і эканамічнай яго свядомасцю, уключэнне беларускай культуры ў сусветныя інтэграцыйныя працэсы (п. 9.4.4. Асноўных накірункаў).

Галоўная мэта Праграмы - забяспечыць павышэнне сацыяльнай і эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання галіны культуры.

рыярытэтнымі мэтамі развіцця сферы культуры на перыяд выканання Праграмы з'яўляюцца:

захаванне культурнай спадчыны беларускага народа; фарміраванне адзінай культурна-інфармацыйнай прасторы; стварэнне перадумоў, умоў і дзяржаўных гарантый для духоўнага ўдасканальвання беларускага народа ў адпаведнасці з агульначалавечымі каштоўнасцямі і традыцыйнымі каштоўнасцямі народаў Беларусі; інтэграцыя беларускай культуры ў сусветны культурны працэс; фарміраванне і ўмацаванне пазітыўнага культурнага іміджа Беларусі ўнутры краіны і за мяжой; адаптацыя сферы культуры да функцыянавання ва ўмовах рынкавай эканомікі.

Асноўнымі задачамі Праграмы з'яўляюцца:

Стварэнне спрыяльных умоў для захавання і развіцця матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Рэалізуецца праз: - кааперацыю намаганняў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў і арганізацый усіх форм уласнасці і падпарадкаванасці ў стварэнні матэрыяльна-тэхнічных, фінансавых і іншых умоў для аховы матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны народаў Беларусі; - захаванне і падтрымку жыццядзейнасці рэгіянальных і лакальных культур; - забеспячэнне пераемнасціі трансляцыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ад пакалення да пакалення; - інтэграцыю культурнай спадчыны Беларусі ў міжнародную культурную прастору, унясенне ў спісы UNESСO найбольш рэпрэзентатыўных элементаў спадчыны.

Забеспячэнне максімальнай даступнасці культурных даброт і адукацыі ў сферы культуры і мастацтва.

Рэалізуецца праз: - пераадоленне дыспрапорцый, выкліканых рознай ступенню забяспечанасці насельніцтва паслугамі сферы культуры ў гарадской і сельскай мясцовасці; - выроўніванне магчымасцей удзелу ў культурным жыцці грамадзян з розным узроўнем даходаў; - забеспячэнне даступнасці культурных даброт і паслуг для грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі; - пераўладкаванне функцыянавання ўсёй сістэмы каналаў культуры на аснове выкарыстання інавацыйных тэхналогій.

Стварэнне эфектыўнай мадэлі фінансавага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння развіцця сферы культуры.

Рэалізуецца праз: - эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў на аснове навукова абгрунтаванага планавання ў адпаведнасці з прыярытэтамі дзяржаўнай культурнай палітыкі; - прыцягненне фінансавых, матэрыяльных і іншых рэсурсаў дзяржаўных органаў, юрыдычных асоб усіх форм уласнасці і падпарадкаванасці, фізічных асоб для вырашэння задач сацыяльна-культурнага развіцця; - распрацоўку сістэмы маральнага і матэрыяльнага стымулявання працэсаў самаарганізацыі культурнай дзейнасці, развіцця культурных ініцыятыў, сацыяльна-культурнага праектавання; - стварэнне эканамічных, прававых і іншых умоў для прыцягнення ў культурны сектар бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, мецэнацкіх сродкаў шляхам падатковага, мытнага і іншых відаў рэгулявання; - развіццё механізмаў прыватна-дзяржаўнага партнёрства; - рэфармаванне сістэмы менеджменту, укараненне інавацыйных тэхналогій у практыку кіравання ў сферы культуры; - стварэнне ўмоў для эфектыўнага функцыянавання інстытута прадзюсерства.

Стварэнне прававых, эканамічных і іншых умоў для павышэння якасці і разнастайнасці паслуг, прадастаўляемых у сферы культуры.

 Рэалізуецца праз: - зацвярджэнне і ўкараненне гарантуемых дзяржавай сацыяльных стандартаў прадастаўлення паслуг насельніцтву ў сферы культуры, дыферэнцыяваных на аснове рэальных патрэб насельніцтва, структуры і аб'ёмаў спажывання; - развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры; - інфарматызацыю сферы культуры.

Дзяржаўная падтрымка развіцця прафесійнага мастацтва і кінематаграфіі.

Рэалізуецца праз: - стварэнне спрыяльных прававых і эканамічных умоў для стымулявання гастрольна-канцэртнай дзейнасці калектываў мастацкай творчасці, майстроў мастацтваў; - павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці культурных прадуктаў і паслуг на ўнутраным і знешнім мастацкім рынку; - адрасную падтрымку праектаў дзяржаўных і недзяржаўных тэатральна-відовішчных арганізацый, канцэртных і кінавідэавытворчых арганізацый, тэатральных калектываў і іншых суб'ектаў культурнай дзейнасці.

Захаванне і падтрымка развіцця народнай творчасці.

Рэалізуецца праз: - стварэнне ўмоў і падтрымку разнастайных накірункаў і форм, жанравай і стылёвай разнастайнасці народнай творчасці; - адрасную падтрымку майстроў народнай творчасці; - стварэнне спрыяльных умоў для арганізацыі і дзейнасці клубных фарміраванняў, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы і метадычнага забеспячэння; - укараненне мультымедыйных тэхналогій у сферу развіцця і папулярызацыі народнай творчасці.

Удасканальванне сістэмы мастацкай адукацыі на аснове прынцыпаў пераемнасці і бесперапыннасці мастацкай адукацыі з улікам міжнароднага вопыту.

Рэалізуецца праз: - прававое і фінансавае забеспячэнне функцыянавання і развіцця унікальнай у сусветнай практыцы трохузроўневай сістэмы адукацыі ў галіне музычнага, выяўленчага, тэатральнага, харэаграфічнага і іншых відах мастацтва; - павышэнне канкурэнтаздольнасці і інвестыцыйнай прывабнасці прафесійнай адукацыі ў сферы культуры і мастацтва.

Удасканальванне механізма дзяржаўнай падтрымкі адораных дзяцей і таленавітай моладзі.

 Рэалізуецца праз: - стварэнне ўмоў для выяўлення і развіцця адораных дзяцей і таленавітай моладзі; - падтрымку педагагічных кадраў устаноў адукацыі ў сферы культуры і мастацтва, якія працуюць з адоранымі дзецьмі; - пашырэнне сацыяльных ільгот і гарантый для рэалізацыі творчых здольнасцей таленавітай моладзі.

Удасканальванне навуковага забеспячэння развіцця сферы культуры і мастацтва.

Рэалізуецца праз: - стварэнне навуковых цэнтраў культуралагічнай скіраванасці, падтрымку функцыянавання навуковадаследчых падраздзяленняў устаноў культуры і адукацыі; - удасканальванне сістэмы падрыхтоўкі кадраў у сферы мастацтвазнаўства, культуралогіі і міжкультурных камунікацый; - ініцыяванне і правядзенне навуковых даследаванняў у галіне культуры і дзейнасці сацыяльна-культурных інстытутаў, правядзенне сацыялагічнага маніторынгу развіцця сацыяльна-культурных працэсаў і інш.

Садзейнічанне развіццю культурнага турызму.

 Рэалізуецца праз: - развіццё інфраструктуры культурнага турызму; - адаптацыю зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей з улікам турыстычных патрэб; - інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне культурнага турызму.

Ажыццяўленне мер, скіраваных на інтэграцыю культуры Беларусі ў сусветную культурную прастору.

Рэалізуецца праз: - удзел у дзейнасці міжнародных арганізацый сферы культуры, міжнародных культурных праектах і праграмах; - прасоўванне беларускай культуры і мастацтва за мяжу; - ідэнтыфікацыю беларускіх культурных каштоўнасцей у міжнародных базах даных сусветнай культурнай спадчыны.

Захаванне і развіццё нацыянальнай беларускай культуры за межамі Рэспублікі Беларусь.

 Рэалізуецца праз: - развіццё культурных сувязей з беларускай дыяспарай у розных краінах свету; - ажыццяўленне дзейнасці ў сферы аховы інтарэсаў суайчыннікаў у галіне культуры і мастацтва.

Стварэнне спрыяльных умоў для эфектыўнага ўзаемадзеяння ў галіне культуры з грамадскімі інстытутамі.

Рэалізуецца праз: - інтэнсіфікацыю супрацоўніцтва органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў і арганізацый культуры з Беларускім фондам культуры, творчымі саюзамі, папячыцельскімі Саветамі і іншыміграмадскімі арганізацыямі; - падтрымку праектнай дзейнасці грамадскіх арганізацый у галіне культуры і мастацтва.

Удасканальванне заканадаўства ў сферы культуры. У якасці паказчыкаў Праграмы мэтазгодна вызначыць: - павелічэнне ліку аб'ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (на 2% у год); - колькасць аб'ектаў гісторыкакультурнай спадчыны, на якіх праводзяцца рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы (5 аб'ектаў у год); - павелічэнне аб'ёму Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь (на 20%); - павелічэнне долі выкарыстоўваемых музейных прадметаў для паказу шырокай публіцы ў агульнай колькасці музейных прадметаў асноўнага фонду (на 5% у год); - павелічэнне колькасці аб'ектаў культуры, уключаных у пералік турыстычных аб'ектаў (на 25%); - скарачэнне колькасці будынкаў арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі сферы культуры, якія патрабуюць капітальнага рамонту і знаходзяцца ў аварыйным стане (на 34%); - пашырэнне канцэртна-гастрольнай дзейнасці, павелічэнне колькасці гастрольна-канцэртных мерапрыемстваў, праведзеных тэатральнавідовішчнымі арганізацыямі за мяжой (на 20%); - павелічэнне ўнутрырэспубліканскіх канцэртна-гастрольных мерапрыемстваў і іншых культурных акцый (на 30%); - павелічэнне долі твораў беларускай драматургіі ў рэпертуары тэатраў (да 50%); - павелічэнне колькасці наведванняў музеяў (на 15%); - павелічэнне колькасці наведванняў канцэртаў, спектакляў, прадстаўленняў, у тым ліку гастрольных і фестывальных (у пераліку на 1000 чалавек) (на 10% у год); - павелічэнне колькасці наведванняў кінавідэасеансаў (на 3% у год); - пашырэнне чытацкай аўдыторыі бібліятэк (на 10%); - павелічэнне паказчыка абарачальнасці кніжнага фонду (да 3-х разоў у год); - павелічэнне колькасці клубных фарміраванняў (на 10%); - аптымальнае кадравае забеспячэнне галіны культуры, павелічэнне долі спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у галіне культуры (да 90% ад агульнага ліку); - павышэнне паказчыка замацавання маладых спецыялістаў у галіне культуры (на 1% у год); - рост колькасці навучэнцаў у пазашкольных установах выхавання і навучання ў сферы культуры(на 2,3%); - тэмп росту платных паслуг культуры насельніцтву ў супастаўных цэнах.

Дадзены праект Канцэпцыі адлюстроўвае імкненне беларускай дзяржавы забяспечыць захаванне і развіццё нацыянальнай беларускай культуры, рэалізацыю інтарэсаў грамадзян у галіне культурнага развіцця і будзе спрыяць выхаванню высокай маральнасці, патрыятызму, талерантнасці і замацаванню ўзаемаразумення ў грамадстве.

Улічваючы міжведамасны характар і дзяржаўную значнасць асноўных мэт і задач Праграмы, яе рэалізацыя прадугледжвае ўдзел рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў, арганізацый Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства спорту і турызму, іншых міністэрстваў і ведамстваў, арганізацый культуры ўсіх форм уласнасці, грамадскіх арганізацый, творчых саюзаў, фондаў і аб'яднанняў, творчых калектываў, устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.

Тэрміны рэалізацыі Праграмы- 2011- 2015 гг.