“Прыхарошылі” вясну

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” сустракаў вясну чарговай дэманстрацыяй шэрага арыгінальных тэатралізаваных кампазіцый са сваёй новай праграмы “Беларусы”.

 /i/content/pi/cult/116/348/Kharoshki.jpg
Больш за дзесяцігоддзе выношвала народная артыстка краіны Валянціна Гаявая захапляючую ідэю ўвасаблення ў пластычных мініяцюрах-замалёўках адну з найбольш яркіх старонак традыцыйнага жыцця беларусаў — каляндарныя святы, звычаі, абрады, што існуюць у выглядзе складанага спалучэння дахрыціянскай і хрысціянскай сістэм светапабудовы. Непадробленая цікавасць да тэмы, моцнае жаданне як мага лепей перадаць непаўторную прыгажосць роднага краю, людзей, іх узаемаадносін з прыродай ва ўсе поры года, цнатлівасць дый весялосць юнацкіх пачуццяў — усё гэта па крысе, па кроплях, з цягам часу ператваралася выбітным харэографам у канкрэтныя танцавальныя камбінацыі.

Віхор эмоцый, хвацкіх скокаў, прыгожых рухаў, з густам створаных сцэнічных строяў адразу ж зацягнуў у вірлівы паток яскравага свята: радуйцеся, людзі, — Каляда! Скачуць пераапранутыя. Бавяць сябе ды гасцей. Калядуюць. Усе танцоры — быццам салісты. Усе— галоўныя героі. Але з’яўляецца спрытны мужычок, шапка-аблавушка набакір, і адразу адыходзяць на другі план астатнія выканаўцы, нібыта змяншаюцца ў росце. Гэта не падкопы чарадзея, проста на сцэне — Фёдар Балабайка. Больш за 30 гадоў любуюся яго арыгінальным талентам, непаўторнай манерай выканання. Яму ўдаецца так “залігаваць” асобныя “па” ў бясконцую цудоўную народную мелодыю танца, што атрымліваецца сапраўдная пластычная песня, якую можна слухаць бесперапынна.

А тым часам адкружылі на сцэне “завеі”, адыгралі жартоўныя “зімовыя гульні”. Выбеглі жвавыя дзяўчаты. Цяплом гарачых сэрцаў сваіх саграваюць прыроду — “Гукаюць вясну”. За імі “Валачобнікі” з песнямі ды жартамі прыйшлі пажадаць гаспадарам добрага прыплоду ў статку. І, пад канец, пусціліся ўсе разам у “Вясновыя скокі”, каб павітаць вясну і ўславіць жыццё.

Ігар КУЗНЯЦОЎ
Фота аўтара