Вецер.

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Аднойчы Мартырос Сар’ян распавёў, як у юнацтве выпадкова ўбачыў Айвазоўскага, які імчаўся ў карэце. На ўсё жыццё запомніў ён гэты момант. Яму здавалася, што карэта тая ляціць на нябёсы, да сонца, у Космас і забірае нейкі таемны дух продкаў. Я ўспомніў пра гэта, калі глядзеў выстаўку Сяргея Цімохава пад назвай “Кола сонца” ў галерэі “Мастацтва”.

 

/i/content/pi/cult/243/3471/13-2.jpgШлях Цімохава - гэта шлях пераходу ад уласна "фігуратыўнага" мастацтва, якому яго вучылі ў Тэатральна-мастацкім інстытуце і якім яно бачылася аўтару тады, да яго інтэрпрэтацыі, ад "тэксту" да "каментарыю", да асэнсавання таго, што ўжо ўвасобілася калісьці альбо не было своечасова рэалізавана. Пры гэтым мастак не адмовіўся поўнасцю ад жывапісу, ад станковай карціны, з якімі яго моцна звязаў лёс. Ён працягвае "складаць" свае палотны з тым вытанчаным еўрапейскім артыстызмам і тым беларускім мацункам, на якія толькі здольны мастак, які ставіць эстэтыку духу вышэй за ўсё. У творчасці Цімохава - схільнасць не да разумовых, чыстых структур, а да спрытна схаванага сінтэзу візуальнага рэалізму і нейкіх форм абстрактнага мастацтва. І гэта сугучнасць "процілегласці" не толькі ідэальна арганізоўвае, дысцыплінуе і паглыбляе пачуццёвае зачараванне карціны ў цэлым, але і паказвае прафесійнае захапленне самога мастака перад прывабнасцю жывапіснай пластыкі. Гэты ўнутраны прасторавы геаметрычны каркас, які прасвечвае праз таямніцы традыцыйнага этнічнага светапогляду і жывую трансфармацыю "вобразаў" язычніцкай культуры, Цімохаў узнаўляе, адбудоўвае ў карцінах.

/i/content/pi/cult/243/3471/13-4.jpgСваё творчае крэда ён дакладна і ясна выказаў у наступных словах: "У творчасці я імкнуся да гармоніі формы і духу, рысы і колеру, вялікіх формаў і дэталяў, рэалістычных элементаў ды прыёмаў абстрактнага мастацтва. Мне падабаецца сам працэс стварэння жывапісу, яго рукачыннасць, магчымасць адчуваць рукамі фарбу, бо толькі такім чынам мастак можа перадаць гледачу сваю энергетыку, як рабілі гэта першабытныя мастакі, у чыіх творах і сёння мы адчуваем жыватворную энергію Сонца, Вады і Зямлі"... Інакш кажучы, фармальным і сэнсаўтваральным ключом яго твораў апошніх гадоў з'яўляецца знакавасць вобраза, які звязаны з пачуццёвым перажываннем фундаментальных законаў светабудовы. Мне здаецца, арыентацыя Цімохава на "вечныя" пазасацыяльныя аспекты жыцця аб'ядноўвае жывапіс з пачатковай "метафізічнай" хваляй новага еўрапейскага авангарда. Аднак Цімохаў - мастак персанальны, ён заўсёды цураўся ізаляцыйных тэорый самастойнага развіцця. Аўтаномнасць ад якіх-небудзь канкрэтных плыняў і школ дазволіла яму хутка зразумець і прыняць агульны паварот сучасных мастацкіх ветраў ад метафізічных і фармалістычных каштоўнасцяў, якія сёння ў многім асуджаны на труізмы і паўторы, нуду і пазяханне, у бок духоўна-гістарычных рэалій, якія ў наш час патрабуюць асаблівага асэнсавання і аналізу. Такім чынам, кожная з прастораў карцін Цімохава - ці то цыклы "Шпацыр", "Спас" і "Чары купальскае ночы", ці то дыптых "На каляды" альбо "Блакітная прастора", зусім новыя палотны "Гуканне вясны", "Два яблыкі", "Чырвонае", "Белае", "Чорнае", "Залацістае"- гэта нейкі вынік з перажытага і адначасова выхад, магічныя патайныя дзверы, "акно-ілюмінатар" капітанскай каюты. Гэта спосаб, не пакідаючы каюту, пранікліва назіраць і наносіць на карту вобразаў знаёмыя, а на самай справе, прывабныя невядомасцю глыбіні з іх прыкметамі чалавечага быцця.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"