Куды зроблены “Арт-крок”?

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Сталічныя мастакі падводзяць вынікі года. Гэтымі днямі ў выставачных залах Нацыянальнай бібліятэкі пры падтрымцы Міжнароднай гільдыі жывапісцаў праходзіць выстаўка дасягненняў беларускага мастацтва “Арт-крок”. Пра адкрыццё яе мы пісалі ў мінулым нумары.

 

Гэты праект не абмяжоўвае мастакоў тэматычна. Адзінае патрабаванне да твораў-удзельнікаў - іх свежасць. Мастакі выключна ў адпаведнасці з уласным выбарам прапаноўваюць да ўдзелу ў выстаўцы любыя працы, створаныя імі за апошні год і яшчэ не прадстаўленыя шырокаму гледачу. Такім чынам, "Арт-крок" - своеасаблівая штогадовая справаздача мастацкага свету сталіцы, пляцоўка, якая найлепшым чынам адлюстроўвае развіццё беларускага мастацтва ў цэлым і асобных мастакоў у прыватнасці. "У гэтым годзе творцы прадставілі на суд публікі цікавыя новыя працы, - расказвае куратар праекта, старшыня Міжнароднай гільдыі жывапісцаў Фёдар Ястраб. - Стыль мастакоў іншы раз нават не падобны да таго, у якім яны працавалі раней: калі б не подпісы да прац, аўтарства некаторых асабіста я мог бы і не вызначыць, хаця ўсе імёны мне добра знаёмыя. І гэта сапраўды радуе.

 Вельмі важна, каб мастак не ішоў па ўжо выпрабаваным шляху, каб мог іншы раз глядзець і за межы свайго мастацкага крэда, бачыць нешта новае, рухацца ў новым кірунку". Вялікая колькасць удзельнікаў і іх розная накіраванасць у свеце выяўленчага мастацтва робяць "Арткрок" сапраўднай палітрай сучаснага беларускага мастацтва: тут можна пазнаёміцца і са сталымі, і з пачынаючымі аўтарамі, шырокі і спектр жанраў і відаў прадстаўленых работ - ад станковага жывапісу да лічбавай фатаграфіі. Для таго, каб размясціць працы ўсіх аўтараў (удзел у выстаўцы прынялі каля пяцідзесяці мастакоў), спатрэбіліся ўсе тры выставачныя залы Нацыянальнай бібліятэкі краіны. Узгадаем, што "Арт-крок" ужо паспеў стаць добрай традыцыяй для нашай краіны: першы этап выстаўкі быў праведзены яшчэ ў 1999 годзе, адзначыўшы тым самым узнікненне новага мастацкага аб'яднання - Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. "Тады многія лічылі, што гэта нейкія альтэрнатывы, - кажа Фёдар Ястраб. - Жыццё даказала адваротнае. Розныя суполкі і саюзы, ствараючыся, могуць і павінны працаваць разам. У нас выдатныя адносіны з Саюзам мастакоў, мы працуем заўсёды побач і разам на карысць беларускага мастацтва. Сёлетняя экспазіцыя - найлепшы прыклад гэтага".