Ключ да Багдановіча

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

З 9 снежня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў рамках Года роднай зямлі экспануецца мастацкая выстаўка “Спрадвечнае” Эдуарда Агуновіча — вядомага беларускага мастака, заслужанага работніка культуры Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны. Выпускнік БДТМІ, ён больш за 40 гадоў выстаўляецца на шматлікіх выстаўках. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы, акварэлі, у галіне афарміцельскага мастацтва. Ён — аўтар праектаў мастацкага афармлення экспазіцый літаратурных музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, Ушацкага музея народнай славы, Дома-музея І з’езда РСДРП у Мінску, помніка-капліцы Еўфрасінні Полацкай у Рэчыцы...

 

Эдуард Агуновіч - гэта "бацька" Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Васемнаццаць гадоў таму ён стварыў сапраўдны шэдэўр - экспазіцыю музея, у якой увасобіў самы значны свой спосаб суразмовы са светам - сімвалізм. Кожны элемент экспазіцыі заключае ў сабе ідэю і глыбокі сэнс. Менавіта такім чынам Эдуард Канстанцінавіч успрымае ўсё вакол сябе. Выстаўка "Спрадвечнае" - гэта спроба пачаць размову пра тое, чым жыве мастак, гэта толькі пачатак расповеду пра яго вытокі. Вывучэнне беларускай міфалогіі, яе разуменне нараджае сапраўдны патрыятызм і дае магчымасць аб'яднаць народнае і прыроднаастральнае разуменне ў адну нізку каштоўнасцей. Калі людзі ведаюць, адкуль яны, яны будуць ведаць, куды ісці... Цэнтральны твор выстаўкі "Вербін Вянок" - як ключ ад цыкла Максіма Багдановіча "У зачарованым царстве", нібы расповед пра дзяцінства, калі чалавек спасцігае самы галоўны сэнс жыцця. Для паэта і для мастака гэта Радзіма - Беларусь. Сваімі творамі Эдуард Агуновіч разважае пра святыні-рэліквіі, гістарычную ролю Беларусі, пра сакральнае.

 Кацярына КАНДРАЦЕНКА,

загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча