Казачны абанемент

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Юныя артысты Дзіцячага музычнага тэатра “Казка” правядуць свае зімовыя вакацыі, паводле традыцыі, “на гастролях” па розных сцэнічных пляцоўках беларускай сталіцы. Прычым пакажуць не толькі свае ранейшыя спектаклі, але і прэм’еру — “Прынцэсы на гарошыне”.

 

/i/content/pi/cult/243/3461/11-3.jpgТэатр, у якім іграюць, спяваюць і танцуюць дзеці, неаднойчы станавіўся пераможцам прэстыжных міжнародных конкурсаў і фестываляў. Сёлета ў кастрычніку, пасля сыходу з жыцця нязменнага цягам доўгіх гадоў кіраўніка "Казкі" Глеба Аляксандрава, калектыў узначаліў Аляксандр Арцем'еў, за чыімі плячыма багаты спеўны і музычна-тэатральны вопыт, шматлікія выступленні за мяжой. Яго першай работай стала аднаўленне оперы Сяргея Баневіча "Стойкі алавяны салдацік", якое прайшло на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў. Спектакль заззяў новымі выканальніцкімі фарбамі, стаў яшчэ больш эмацыйным, вобразна-яркім. Дзеці з сапраўдным артыстычным азартам увасабляюць адметныя паводле музыкі і пластыкі характары Свінні-Скарбонкі, Чорціка, Лялькі, Пацука, Крата, Ластаўкі і іншых насельнікаў цацачнага свету ды прыроднага наваколля. Спяваюць - выключна жыўцом, пад фанаграму "мінус адзін". І дадуць фору нават некаторым прафесійным артыстам - тым больш, што ёсць нагода для прамых параўнанняў: гэтая опера шмат гадоў ідзе ў Дзіцячым акадэмічным музычным тэатры Беларусі. Партыю Салдаціка ў ёй калісьці выконваў сам А.Арцем'еў, выклікаючы шчырае захапленне ў дзятвы і слязу замілавання ў іх бацькоў. Ён і цяпер выступае за прыклад для юных артыстаў, працягваючы натхнёную працу з імі не толькі непасрэдна на рэпетыцыях, але і пасля кожнага спектакля, якіх здараецца і па 3- 4 на дзень. Такі ж працоўны рытм, нават яшчэ больш энергетычна насычаны, будзе ў тэатры і ў бліжэйшыя тыдні. - З 21 снежня, - распавядае Аляксандр Мікалаевіч, - мы выступаем у Доме Масквы. 27га - на пляцоўцы завода імя Вавілава. 29-га - у "родным" Цэнтры мастацкай творчасці Фрунзенскага раёна, перад дзецьміінвалідамі. 30-га адбудзецца прэм'ера музычнай казкі расійскага кампазітара Уладзіміра Усовіча "Прынцэса на гарошыне". А ў 2010 годзе нашы спектаклі будуць уключаны ў дзіцячы абанемент Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"