Паміж космасам і палатном

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

2 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ адкрылася выстаўка, прысвечаная 70-годдзю вядомага жывапісца і педагога Леаніда Лапчынскага (1936-1994). Яна ўключае каля 50 твораў жывапісу, якія сёння ў асноўным належаць Лідзіі Вітальеўне, удаве мастака.

Калі паспрабаваць вызначыць галоўнае ў творчасці Лапчынскага, дык, відавочна, будзе справядліва суаднесці яго з фавістамі як прыхільнікамі колеру, якія былі ўпэўнены ў яго шырокіх магчымасцях і, у той жа час, захоўвалі выяўленчы пачатак. Некаторыя работы мастака непасрэдна адгукаюцца Дзерэнам, Вламінкам ці Ле Факанье. Але фавізм злучаўся з нацыянальнай ментальнасцю: лірызмам, засяроджанасцю, сузіральнасцю. І тут падтрымкай быў Сезан з яго сур’ёзнасцю і маштабнасцю. Светабудова, цэласнасць свету адчуваюцца, прысутнічаюць у работах Лапчынскага, чаму, вядома, садзейнічае іх жывапісная складанасць — быццам у тканіне канкрэтнага твора, адзінкавага матыву ёсць рэфлексы, адлюстраванні і водбліскі ад рэчаў блізкіх і далёкіх.

Можна гаварыць пра светаўспрыманне Лапчынскага, якое не заставалася нязменным, і мастацкія прынцыпы, якія заставаліся сутнасна пастаяннымі, і нельга гаварыць пра манеру, стыль як схему, якую мастак накладвае на ўсё, што выяўляе. У яго разнастайнасці — не эклектыка, а адкрытасць свету і вернасць сабе, растварэнне ў канкрэтным матыве і скіраванасць, зададзеная ўнутранымі душэўнымі і мастацкімі імпульсамі. Такі падыход вызначае асаблівую свежасць твораў мастака.

Сярод іх ёсць падкрэслена некантрастныя, быццам намаляваныя ў золкавым ці сутонлівым асвятленні. На тле святочна-драматычных, яскрава-кантрастных “фавісцкіх” работ, якія выказваюць рашучыя суадносіны з рэальнасцю пры выяўленні адпаведных матываў, яны з’яўляюцца адлюстраваннем няспешнага цячэння паўсядзённасці, далікатна-асцярожнай спробай спасціжэння будзённага, працоўнага боку жыцця, якое выяўлена без “фанфар”, але з сардэчнай цеплынёй павагі і спагады, з адчуваннем высокага сэнсу падзеі, схаванага руцінай будзёншчыны. І, у той жа час, — з невялікім смуткам аб чалавечых лёсах.

У творчасці Лапчынскага ёсць і карціны вельмі цёмнага каларыту. Часам гэты“цемнапіс” выклікае пачуццё, падобнае да неўразумення ці дыскамфорту, але ён можа быць патлумачаны як увасабленне таямніцы быцця і светабудовы.

У той жа час, гэта спроба аўтара стварыць вобраз-”негатыў”, убачыць з’яву з “іншага боку” ці “знутры” і — проста жывапісны эксперымент. Напэўна, гэтыя творы звязаны і з перажываннем непрагляднасці, што прыходзіла часам, бязрадаснасці існавання, якое таксама суадносіцца з інтэлектуальнай невырашальнасцю “загадкі жыцця”. Матэрыяльны свет выглядае як цьмяная маса без канца і краю, быццам драматызм, які ранней толькі прысутнічаў, а зараз вырваўся на волю і затапіў прастору жыцця і жывапісу.

Л.Лапчынскі належыць да тых нешматлікіх мастакоў Беларусі савецкага часу, што займаліся пераважна “проста жывапісам”, з мінімальнай закранутасцю афіцыйнай ідэалогіяй. Тры спробы ўступлення ў Саюз мастакоў не далі выніку, а сяброўства ў ім было сведчаннем “прафпрыдатнасці”, мастакоўскай паўнавартаснасці і давала большую бытавую абароненасць. Лапчынскі — з тых дзеячаў культуры савецкага часу, якія не выступалі супраць сістэмы, а былі па-за ёй, імкнучыся да агульначалавечай культуры, да неабсяжных ніў мастацтва.

Так ён вучыў і будучых мастакоў у Мінскім мастацкім вучылішчы: трэба знайсці сваё месца між космасам і палатном.


Валянціна ВАЙЦАХОЎСКАЯ,
мастацтвазнаўца, загадчык аддзела беларускага сучаснага мастацтва НММ РБ