Хатняе заданне для гледачоў

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Сёлета зіма ў прыродзе і ў тэатральным жыцці на Беларусі прыйшла “паралельна”: у той жа дзень, калі ў сталіцы выпаў першы ў гэтым годзе “сапраўдны” снег, на малой сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля “Зіма” Яўгена Грышкаўца ў пастаноўцы маладога рэжысёра Кацярыны Аверкавай. Кожнае з гэтых прозвішчаў магло б і паасобку заінтрыгаваць тэатралаў, для якіх асоба Грышкаўца з’яўляецца ці не сінонімам сучаснага аўтарскага тэатра, а Кацярына Аверкава ўяўляе сабой прадстаўніка той часткі пакалення “маладых беларускіх тэатралаў”, якія не стогнуць аб уласнай незапатрабаванасці, а мэтанакіравана набіраюць “мышачную масу” ў прафесіі. Як? Ставячы спектаклі. Удвая заманліва было ўбачыць гэткі творчы кактэйль на сцэне Купалаўскага тэатра. Спрактыкаваныя крытыкі ішлі на прэм’еру, пралічваючы ў галаве варыянты таго, што ж яны ўбачаць на сцэне. Ды толькі, што заўсёды прыемна для аўтараў спектакля, — пралічыліся.

 

/i/content/pi/cult/243/3452/14-1.jpgПершым "пралікам" патэнцыйных крытыкаў стала тое, што Кацярына Аверкава змагла вытрымаць баланс паміж магчымасцю прадэманстраваць уласны рэжысёрскі імпэт і задавальненне ад таго, што трапіла ў вядучы тэатр краіны, і спакусай зладзіць нейкае авангарднае відовішча, закліканае прывесці залу ці то ў недаўменне, ці то ў захапленне ад смеласці дзеі. На працягу ўсяго спектакля адчувалася спакойная ўпэўненасць яе як рэжысёра ў тым, што і чаму адбываецца на сцэне. З-за чаго, у выніку, адпала ўсялякае жаданне прылічваць яе да шэрагу "маладых творцаў", для якіх гэткае азначэнне часта з'яўляецца сінонімам "недапрафесійнасці". Другім "падвохам" стаў сам матэрыял, выбраны ёю для пастаноўкі. Традыцыйна лічыцца, што творчасць Яўгена Грышкаўца з'яўляецца свайго кшталту квінтэсенцыяй сучаснага новага тэатра, дзе рэзкасць і дзёрзкасць выказванняў спалучаецца з пэўнай ступенню эпатажнасці. "Зіма" аніяк не падпадае пад гэтае вызначэнне. Больш за тое, яе можна было б прылічыць да твораў, якія сёння працягваюць класічныя тэмы, да якіх драматургі звяртаюцца стагоддзямі. Рэжысёр, услед за аўтарам, выводзіць на першы план адну з такіх тэм, актуальных яшчэ з часоў кальдэронаўскага "Жыццё ёсць сон": што больш рэальнае - матэрыяльнае існаванне чалавека ці яго мроі?

Другога класіка - Някрасава - можна было б узгадаць у сувязі са знешнімі падзеямі, што адбываюцца ў спектаклі: два маладыя салдацікі, дэсантаваныя ў ноч з таямнічым заданнем "узарваць аб'ект", паціху замярзаюць у глухім марозным лесе. Ды толькі сама Аверкава як рэжысёр не адсылае нас знарочыста да іх, а- стварае на сцэне ўласны свет, які ў значна большай ступені нагадвае нам казачны лес, такі вядомы па навагодніх малюнках і мультфільмах. Ды і самі героі з'яўляюцца напачатку гэтак жа "мульцяшна": у выглядзе маленькіх плоскіх парашуцістаў, што апускаюцца аднекуль зверху, прыцягваючы ўвагу цікаўнай Снягуркі (Вольга Скварцова). Асобна колькі слоў хацелася б сказаць пра акцёраў - выканаўцаў галоўных роляў. Аляксандр Паўлаў і Павел Яскевіч у трупе Купалаўскага тэатра працуюць ужо не першы год, але, нягледзячы на актыўную занятасць у рэпертуары, так і не праявіліся ў якой-небудзь "сваёй" ролі, якая б арганічна злілася з іх акцёрскай прыродай (нельга гэтага сказаць нават пра неўміручага "паўлінкаўскага" пана Адольфа Быкоўскага ў выкананні Паўла Яскевіча).

З аднаго боку, гэта, безумоўна, пазбаўляла іх неабходнасці пераадольваць уласны акцёрскі "шлейф" роляў. З іншага ж- ставіла перад тым фактам, што ў прасторы малой сцэны, выходзячы сам-насам да гледачоў, акцёрскае існаванне патрабуе не толькі гранічнай праўдзівасці,але і ўмення ўзнімацца над сюжэтна-побытавай сітуацыяй самога твора. Думаецца, ім у поўнай ступені гэта ўдалося - акцёры настолькі "падпарадкавалі" сабе веру гледачоў у магчымасць усіх падзей у зімовым лесе, што ніводнай хвіліны сцэнічнага часу не ўзнікала "нестыковак" і недаўмення адносна сюжэтных калізій, падчас якіх нашы героі перамяшчаліся то ва ўласнае мінулае, то ў няспраўджаныя жаданні. Адзінае, чаго не хапала спектаклю, - лагічнай завершанасці, якая, верагодна, магла б узнікнуць з больш відавочнага выяўлення рэжысёрскага стаўлення да сваіх герояў. Аднак Кацярына Аверкава наўмысна аддаляецца ад неабходнасці прамога выказвання на гэты конт, разлічваючы, што гэткі ход здольны перавесці ўсю гісторыю на ўзровень сацыяльнай драмы. Як вынік - адсутнасць дакладна зафіксаванага лагічнага завяршэння сюжэта і, адпаведна, фіналу самога спектакля. З фармальнага пункту гледжання нам як гледачам павінна быць усё зразумела: хлопцы адмаўляюцца вяртацца ў рэальнасць і з задавальненнем бягуць за Снягуркай, якая здольная матэрыялізаваць усе іх думкі і фантазіі. Аднак галоўная задача - пошук сучаснага аблічча "адзінства і барацьбы супрацьлегласцей" - так і застаецца нявыяўленай. Ці можа гэта - хатняе заданне для гледачоў, якое трэба выканаць самастойна?

  Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА