“Рэвізор” плюс…“Рэвізор”

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

20 снежня заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Гомельскі абласны драматычны тэатр адзначае сваё 70-годдзе. Дата гэтая для самога тэатра важная і чаканая, бо дае магчымасць яшчэ раз зірнуць на пройдзены шлях, убачыць і ацаніць тыя дасягненні, якімі абазначылася творчае жыццё калектыву ў прасторы айчыннага сцэнічнага мастацтва, упэўніцца ў выбраных надалей шляхах уласнага развіцця.

 

/i/content/pi/cult/243/3451/14-2.jpgХаця ва ўсіх афіцыйных крыніцах і энцыклапедыях датай стварэння Гомельскага абласнога драматычнага тэатра называецца 1954 год, самі гамяльчане вядуць свой адлік менавіта з 20 снежня 1939 года - акурат у гэты дзень спектаклем "Рэвізор" М.Гогаля ў пастаноўцы Яўгена Сакалова адкрыўся ў горадзе над Сожам Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Тэатр адразу ж заявіў пра сябе як цікавы і яркі калектыў, бо ў яго рэпертуары пераважала класіка: "Васа Жалязнова" М.Горкага, "Чайка" А.Чэхава, "Хто смяецца апошнім" К.Крапівы, "Карчмарка" К.Гальдоні... Аднак гісторыя распарадзілася лёсам гэтага калектыву такім чынам, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ён фактычна спыніў сваё існаванне, рэарганізаваўшыся ў франтавую брыгаду, якая ў тыя гады дала больш за дзве з паловай тысячы канцэртаў, не лічачы спектакляў, сярод якіх самым яркім былі "Рускія людзі" К.Сіманава... У 1954-м тэатр набыў сваё "другое нараджэнне", а праз два гады - новы і прыгожы будынак, у якім ён месціцца і да гэтага часу.

Памятаю свой першы візіт у Гомель, калі сяброўка падрабязна тлумачыла "геаграфію" майго будучага перамяшчэння: да тэатра можна трапіць, калі ад вакзала па вуліцы Леніна дайсці да плошчы Леніна і ўбачыць, у які бок глядзіць сам Ленін. Увесь гэты жарт аказаўся абсалютна нясмешным, калі я на ўласныя вочы пабачыла прывабны тэатральны будынак, утульны і такі гасцінны. І цалкам зразумела гамяльчан, што называюць яго не іначай як " н а ш Х р а м мастацтва". Т э а т р жыў сваім з в ы ч а й н ы м жыццём, з узлётамі і зацішшамі, гучнымі прэм'ерамі і перыядамі спаду творчай актыўнасці. У розныя часы яго ўзначальвалі галоўныя рэжысёры Г.Кацман, М.Ульянаў, Л.Эльстон, Ю.Арынянскі, І.Папоў, К.Пятроў, В.Кручкоў, Г.Піменаў, Г.Прымак, Л.Манакова, Б.Насоўскі, У.Караткевіч, і кожны з іх дадаваў уласныя фарбы ў творчую палітру гэтага цудоўнага калектыву. Каб скласці ўражанне пра сучаснае аблічча Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, варта сказаць, што сёння гэта адзін з вядучых тэатральных калектываў, які адметны тым, што ў рэпертуарнай афішы прытрымліваецца курсу на класічную драматургію, якая заклікана выхоўваць густ і далучаць гледачоў да лепшых узораў сусветнага і айчыннага мастацтва.

А яшчэ тэатр - заснавальнік Міжнароднага фестывалю "Славянскія тэатральныя сустрэчы", які, пачынаючы з 1994 года, традыцыйна збірае на гомельскай сцэне калектывы не толькі з суседніх Гомелю гарадоў - Бранска і Чарнігава, - але таксама і з усіх трох славянскіх краін-суседак: Беларусі, Расіі і Украіны. Сцвярджаючы гэтым, што творчыя стасункі не маюць межаў і нацыянальнай прыналежнасці. Свой юбілейны сезон Гомельскі абласны драматычны тэатр сустрэў маштабнай рэканструкцыяй, дзякуючы якой цалкам абнавіліся сцэна і глядзельная зала, сёння яны адпавядаюць самым апошнім патрабаванням сучасных тэатральных будынкаў. А яшчэ - у падарунак гледачам - калектыў звярнуўся да тых назваў, з якіх некалі пачыналася яго гісторыя: у афішы зноў з'явіліся гогалеўскі "Рэвізор" у пастаноўцы Лідзіі Манаковай (ён ужо паспеў атрымаць самыя высокія ацэнкі на міжнародных фестывалях і ўзяць прыз за лепшую мужчынскую ролю: Уладзімір Бычкоў - Гараднічы) і горкаўская "Васа Жалязнова", рэжысёрам якой стаў Валерый Раеўскі. 20 снежня ў Гомельскім абласным драматычным тэатры збяруцца яго сябры, якія прыедуць сюды з самых розных краін свету, дзе пабываў гэты калектыў са сваімі спектаклямі, каб павіншаваць гамяльчан з іх днём нараджэння і сказаць самыя цёплыя словы прызнання і ўдзячнасці за тое насычанае і непадробнае творчае жыццё, якім сапраўды гарыць калектыў. І мы таксама далучаемся да гэтых віншаванняў.

На здымках: сцэна са спектакля "Свае людзі - паладзім".