Гомельшчына ва ўсіх намінацыях!

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

З сапраўдным ажыятажам прайшоў першы адборачны этап у Гомелі: тут у конкурсе у складзе калектываў ці сольна прымалі ўдзел амаль 300 чалавек. Начальнік аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама Алена Герашчанка адзначае, што не засталася без увагі ніводная намінацыя.

Крыху прадоўжылі прыём заявак на некаторыя з іх, каб большая колькасць людзей здолела прадаставіць свае творы, дапрацаваць іх. «Дарагога каштуе тое, што многія падлеткі, юнакі і дзяўчаты, выйшлі на сцэну, параўналі сябе з іншымі, пабачылі, у якім накірунку ім развівацца, павышаць сваю планку. І мы яшчэ раз пабачылі, наколькі мнагагранныя нашы таленты. Можна было стварыць нават яшчэ некалькі нестандартных намінацый, бо многія паказвалі сябе з незвычайнага боку».

Кампетэнтнае журы, якое складалася з заслужаных дзеячоў культуры Беларусі, выкладчыкаў навучальных устаноў, кіраўнікоў устаноў культуры Гомеля асабліва адзначалі добрую сцэнічную культуру выканаўцаў, створаныя імі вобразы, індывідуальнасць, сваё бачанне выступлення. Ніводны чалавек не паставіўся да нумара абыякава, і гэта сведчыць пра тое, што аддзел культуры правёў сур'ёзную арганізацыйную работу, давёў падрабязнасці конкурса да кожнага. Алена Віктараўна запэўнівае, што адабраныя на вобласць кандыдаты будуць цяпер пад пільнай увагай аддзела і атрымаюць усе неабходныя парады.