Самая папулярная намінацыя

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

Рэспубліканскі конкурс «Зорка ўзышла над Беларуссю» крочыць па краіне, выяўляючы лепшых творцаў у яе рэгіёнах. Прамежкавыя этапы дазволілі вызначыць самую папулярную намінацыю -- гэта «Эстрадныя спевы». Да прыкладу, у горадзе Пінску ахвотных было так шмат, што на вобласць вырашана накіраваць пяць чалавек, а не двух-трох, як звычайна.

Начальнік аддзела культуры Пінскага гарвыканкама Аляксандр Лукашэнка падводзіць вынікі гарадскога спаборніцтва, якое адбылося 6 снежня.  «Найбольш актыўна паўдзельнічалі ў конкурсе студэнты, прычым не абавязкова тыя, хто атрымлівае мастацкую адукацыю. Напрыклад, у другі этап прайшоў выдатны вакаліст -- выпускнік ідустрыяльнага каледжа. А вось намінацыя «Народныя спевы» аказалася не самай запатрабаванай: мала ў горадзе захопленых традыцыйнай творчасцю выканаўцаў, якія ўпісваюцца ва ўзроставыя рамкі конкурсу. Большасць такіх творцаў маюць за 30 гадоў. Няпростая сітуацыя і са скульптарамі: нямногія лічаць сябе прафесійнымі ў маладым узросце, таму не было адабрана ніводнага чалавека».

Варта звярнуць увагу і на дапамогу, якую аказвалі супрацоўнікі аддзела культуры і метадычнага цэнтра канкурсантам пад час падрыхтоўкі да адбору. Аляксандр Мікалаевіч распавядае, што ўстановы былі адкрытыя для пытанняў і прапаноўвалі цэлы спектр паслуг. У Пінску маладым людзям дапамагалі з фанаграмамі, падказвалі, дзе знайсці больш якасны матэрыял для дэманстрацыі, свой унёсак зрабілі і тэхнічныя работнікі, якія адшліфоўвалі пэўныя недахопы. Аднак большасць удзельнікаў наведваюць розныя студыі горада, таму былі добра падрыхтаваныя.

У Жодзіне Мінскай вобласці падтрымка ад работнікаў культуры была крыху іншага кшталту. Начальнік аддзела культуры гарвыканкама Таццяна Грыцук паведаміла, што тут вырашылі ацаніць, на якім творчым узроўні знаходзіцца мясцовая моладзь: «Конкурс праходзіў 13 снежня ў ГДК «Равеснік», адбываўся ён у працоўнай абстаноўцы, дзе кожнаму маглі падказаць, на якія праблемныя моманты звярнуць увагу ў далейшым. А адбор прайшлі сапраўды лепшыя, і іх пасля ўжо будуць трэніраваць для таго, каб яны прадставілі сябе на вобласці на выдатна».

Паколькі тур гарадскі, конкурс меў сваю спецыфіку: народнае мастацтва прадстаўлена ў найменшай ступені. Асноўная маса ўдзельнікаў мае ад 20 да 25 гадоў, гэта маладыя спецыялісты, рабочыя. Даволі вялікая колькасць людзей адзначылася ў намінацыях «Жывапіс», «Графіка», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Справа ў тым, што год таму ў Жодзіне адкрыўся Маладзёжны цэнтр, які аб'яднаў прыхільнікаў гэтых відаў мастацтва, і яны за невялікі час здолелі стварыць адзін аднаму выдатную канкурэнцыю. Даволі моцная каманда выканаўцаў брэйк-данса будзе прадстаўляць горад на вобласці ў намінацыі «Сучасная харэаграфія». Тут сустрэліся, у большасці, творцы-пачаткоўцы.