Мацяркам Беларусі

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка твораў мастака Аляксея Панцюка-Жукоўскага “Пад мірным небам — Маладая Беларусь”.

 /i/content/pi/cult/116/344/Macyarkam.jpg
 А.Панцюк-Жукоўскі. "Мацярынства".
На выстаўцы прадстаўлены 20 жывапісных карцін— падарунак мастака ўсім жанчынам-мацяркам Беларусі і асабліва тым, каму выпала жыць у складаны ваенны і пасляваенны час,— салдацкім удовам, нашым бабулям.

У экспазіцыі — трыпціх “Салдаты”, партрэт 93-гадовай маці мастака “Адна, пажаўцелыя лісты”…

Зноў і зноў звяртаецца мастак да тэмы памяці аб ахвярах вайны, аб мільёнах загінуўшых, тэмы цяжкай жаночай долі, апаленай вайной, кааб выказаць павагу і пачуццё неаплатнага абавязку перад старэйшым пакаленнем.

Тэматычныя творы “Раўбіцкая мадонна”, “Мацярынства”, “Пад мірным небам — Маладая Беларусь”, “Ля студні”, “Яблынька”— разважанні мастака аб мацярынстве, спадчыне і будучыні нашай краіны, увасобленай у светлых вобразах маці і дзіцяці, у вобразах хлопчыка і дзяўчынкі, якія імчацца па прасторах роднай Бацькаўшчыны пад мірным небам.

Мастак захапляецца маляўнічасцю прыроды, яго пейзажы выклікаюць успаміны пра родны кут, знаёмыя і блізкія для кожнага непаўторныя беларускія краявіды.

У шэрагу нацюрмортаў мастак услаўляе штодзённае, — тое, што акружае нас з маленства, і велічнае,— тое, што дае нам радасць жыцця— родны Хлеб…

Мастак імкнецца перадаць у сваіх працах цеплыню і павагу да роднай зямлі і яе людзей.


Ул. інф.