Спеўкі надвячоркам

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Ёсць на Случчыне народны фальклорны ансамбль з вёскі Ячава “Ячаўскія вячоркі”, якому спаўняецца 30 гадоў. У рэпертуары калектыву — народныя абрадавыя песні, танцы, прыказкі, беларускія абрады. На вясковых і гарадскіх святах, на палетках і фермах самадзейныя артысты далі тысячы канцэртаў.

Арганізатар і нязменны кіраўнік "Ячаўскіх вячорак" - выдатнік культурнаасветніцкай работы Людміла Калядка. 30 гадоў таму яна і спявачка Ганна Радзюк абыйшлі надвячоркам 18 ячаўскіх хат, дзе жылі асабліва галасістыя гаспадыні. Гэта былі і першае праслухоўванне, і першая спеўка будучага калектыву. На канцэртах артысты апраналіся ў традыцыйныя строі - даставалі іх проста з сямейных куфраў. На сцэну выходзілі з прасніцамі, верацёнамі... Стваралі на сцэне і ў глядзельнай зале атмасферу сапраўдных вячорак - з песнямі, размовамі, прыгаворамі. Не ленаваліся ўвесь свой "тэатральны" антураж вазіць за сабой на канцэрты- з вёскі ў вёску. Так расло майстэрства... Цяпер у ансамбля мноства ўзнагарод і званняў. "Ячаўскія вячоркі"- лаўрэат Усесаюзных фестываляў народнай творчасці, Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці, узнагароджаны дыпломам сакратарыята праўлення Беларускага саюза кампазітараў, дыпламант І міжнароднага фестывалю аўтэнтычнага фальклору ў Пінску, міжнароднага фестывалю аўтэнтычнага фальклору Падняпроўя ў Магілёве, міжнароднага фестывалю „Вянок дружбы" ў Бабруйску.

Традыцыі "Ячаўскіх вячорак" пачыналіся з Серафімы Светаш, Ніны Троцкай, Зінаіды Чухонскай, Зінаіды Клека, Марыі Пупкевіч, Валянціны Варывончык, Марыі Мірончык, Антаніны Слепянчук, Галіны Ганчаровай, Надзеі Пужэвіч, Кацярыны Радзюк і Уладзіміра і Марыі Белых... Гэтыя традыцыі сёння доўжаць Раіса Калядка, Святлана Казлоўская, Алена Камоцкая, ГалінаКірыленка, Марына Бандарэнка, Аляксандра Грачэк. А ёсць яшчэ і мужчынская група ансамбля: баяніст Уладзімір Сушко, ударнік Валерый Лабковіч, спявак і дудар Уладзімір Жукоўскі, цымбаліст Уладзімір Ліпоўскі. Безумоўна, расце "Ячаўскім вячоркам" і маладая змена.

 Ларыса САЛОДКІНА

Слуцк

 Дарэчы, гэтымі днямі ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Дом-музей І з'езда РСДРП" працуе выстаўка фотаработ Ларысы Салодкінай "У аб'ектыве- случчане".