Любові многа не бывае

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

16 сакавіка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы чакаецца прэм’ера спектакля “Вольга” па п’есе сучаснага фінскага драматурга Лауры Руахонен у рэжысуры Алега Жугжды.

 /i/content/pi/cult/116/343/Lubovi-mnoga.jpg
Фінская драматургія — з’ява загадкавая не толькі для беларусаў, але і, бадай, для ўсёй тэатральнай Еўропы. Нягледзячы на тое, што ў гэтай краіне з насельніцтвам крыху большым за пяць мільёнаў чалавек маецца пяцьдзесят дзевяць тэатраў з дзяржаўнай падтрымкай і многія дзесяткі недзяржаўных творчых груп, за яе межамі сучаснае фінскае тэатральнае мастацтва практычна невядомае. Лаура Руахонен стала першым сучасным фінскім драматургам, шырока вядомым у свеце. Яе “Вольга” перакладзена на многія еўрапейскія мовы, а ў 2001 годзе пастаноўка п’есы ў тэатры “Траверс” у Эдынбургу стала лепшай прэм’ерай Вялікабрытаніі. І вось гэты твор дабраўся да беларускага гледача (пераклад твора адмыслова для купалаўцаў ажыццявіў Леанід Дранько-Майсюк).

— Ідэя пастаноўкі “Вольгі”, — зазначае рэжысёр спектакля Алег Жугжда, — з’явілася яшчэ два гады таму: гэтую п’есу “знайшла” і прапанавала тэатру актрыса Марыя Захарэвіч. Яна ж у новым спектаклі выканае галоўную ролю — пажылой адзінокай жанчыны, якая на схіле свайго жыцця сустракае чалавека, для якога яна становіцца па-сапраўднаму патрэбнай.
 /i/content/pi/cult/116/343/Lubovi-mnoga2.jpg

Любоў — не фізічнае адчуванне, а духоўнае і душэўнае, сцвярджэнне таго, што чалавек застаецца Чалавекам. Любові многа не бывае, часцей яе бывае замала... Але калі ёсць жаданне зрабіць для іншага чалавека што-небудзь, аддаць для яго ўсё, што ёсць, — гэта цудоўнае пачуццё...

— Такім чынам, нас чакае яшчэ адна варыяцыя на вечную тэму — тэму кахання.

— Не менш важнае для мяне ў будучым спектаклі адчуванне, як кажуць кінематаграфісты, знікаючай натуры. Надзвычайная хуткасць, з якой змяняецца звыклы нам свет, калі раптоўна і незваротна знікаюць мілыя сэрцу куточкі і рэчы. Нібыта іх ніколі і не было. Знікаюць рэчы, з якімі была звязана не толькі твая гісторыя. І гэта — не абстракцыя, а “тут і зараз”. Прычым на працягу аднаго жыцця. Свет становіцца больш камфартабельным, але ён не становіцца больш цёплым і ўтульным.

— Як вам працуецца з купалаўскімі акцёрамі?

— Яшчэ са студэнцкіх гадоў мне імпанаваў Купалаўскі тэатр. Я любіў і люблю яго, тут добра сябе адчуваеш, прыемна быць і працаваць — вакол Яго склалася добрая аура. Што ж да акцёраў, дык з большасцю з іх, акрамя занятай у спектаклі моладзі, я быў знаёмы і раней. Жывём жа мы ў адной краіне, не на бязлюдным востраве, добра ведаем адзін аднаго. А таму нейкіх асаблівых прафесійных “прыцірак” не было.

— Вы — рэжысёр тэатра лялек...

— Не, аніякіх “лялечных штучак”, авангарднага прачытання не будзе. “Вольга” — нармальны драматычны спектакль.

— І ўсё ж, на што вы, як рэжысёр, робіце асноўную стаўку?

— Найперш — на яркую прафесійную ігру акцёраў. Асабліва Марыі Захарэвіч — актрысы такога масштабу павінны іграць. А яшчэ хочацца паставіць прыгожую, прыемную гісторыю, назіраючы за якой усе будуць плакаць. Ну што тут зробіш — люблю я ставіць меладрамы. І люблю, калі ў зале плачуць: лічу, што калі ў тваёй душы нешта пераварочваецца, ты робішся лепшым.


Гутарыла Таццяна КОМАНАВА
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА