Вярблюд і web-люд

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Ці ведаеце вы казку: “Жылі-былі... папяловыя чалавечкі”? А вось казку пра Папялушку ведаюць усе. І варыяцый на яе так многа, што, мабыць, калісьці пад чарговы бой гадзінніка “папялушкава-папялястыя” прынцэсы авалодаюць усім светам. Бо дзявочымі марамі яны ўжо кіруюць, падштурхоўваючы да формулы: ПРЫНЦ дзеля ПРЫНЦыпу. Якім жа стала цяперашняе балетнае прачытанне — на музыку С.Пракоф’ева?

 

/i/content/pi/cult/242/3424/9-1.jpg Геніяльная музыка кампазітара-класіка ХХ ст. і сёння застаецца настолькі яркай, што здольная засланіць любое відовішча. Нават калі ў яе ўнеслі нязначныя купюры і перастаноўкі, а сцэнічных музыкантаў, прадугледжаных партытурай, перавялі ў аркестравую яму. Новая "Папялушка" Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь - менавіта пра перамогу музыкі С.Пракоф'ева (дырыжор Віктар Пласкіна) у спаборніцтве з іншымі відамі мастацтва "пад час балета". Харэограф-пастаноўшчык Юрый Пузакоў (Расія) заклаў ідэю спаборніцтва ў само лібрэта свайго спектакля: "Выхаванкі балетнай студыі - сёстры Злюка і Крыўляка - рыхтуюцца да танцавальнага конкурсу, што будзе праводзіцца на бале ў палацы Караля". Уладальніцай студыі з'яўляецца Матухна, Папялушка - іх далёкая сваячка, пазбаўленая балетнай адоранасці. Але Фея дабрыні разам з Царыцамі танца (у ранейшай пастаноўцы яны былі феямі пораў года) "надзяляюць Папялушку талентам балерыны". У выніку - не толькі каханне, але і лаўрэацкае званне: "Кароль у захопленым парыве асабіста ўручае пераможцы "Залаты прыз". Праўда, сам конкурс - гэткага "хатняга разліву", бо акрамя Папялушкі і яе сваячак, з сольнымі варыяцыямі на бале больш ніхто не выступае. Але такія "несутыкненні" лібрэта і відовішча - дробязь, якую можна паправіць за хвіліну. Несупадзенні відовішча і музыкі - больш значныя. Ды гэта не той наўмысны дысананс, што стварае новую мастацкую "рэальнасць ірэальнага".

/i/content/pi/cult/242/3424/9-4.jpgЯк наступства - часцяком адсутнасць логікі ў паводзінах герояў, якія пачынаюць нагадваць персанажаў "мыльных опер". Усю першую дзею Ірына Яромкіна, звычайна такая кранальная ў сваёй пяшчотнасці і безабароннасці, вымушана ўвасабляць нязграбную танцоўшчыцу, якая не тое што рухацца - стаяць прыгожа не можа. А ў музыцы - зусім іншы партрэт Папялушкі! Тое ж- у сцэне балю, дзе сцэнаграфія і строі, быццам "ад Воланда" ці, па меншай меры, "ад Мефістофеля", які вырашыў завітаць у кабарэ. І чаго туды так імкнулася чыстая, добрая Папялушка? Адным з самых яркіх і запамінальных харэаграфічных нумароў становіцца выхад жабракоў: элементы эстраднага танцанадаюць яму тую адметнасць, якой так не хапае шматлікім класічным варыяцыям, пастаўленым Ю.Пузаковым. Дый апрануты гэтыя "папяловыя web-чалавечкі" - кожны на свой манер, як і падабае валацугам, а не "масоўцы" каралеўскіх прыдворных. Кароль (выдатны характарны танцоўшчык Яўген Мінін) ездзіць на інвалідным вазку, ганарліва выставіўшы наперад загіпсаваную нагу: пэўна, каб вылучацца сярод натоўпу. І прадэманструе толькі паклон- у фінале разам з іншымі. У балеце занята і шмат маладых салістаў, але ўсе іх выхады нагадваюць звычайныя ўрокі. Міжволі ўзгадваеш залатую класіку, дзе што ні варыяцыі - свая разыначка. Неэстэтычнымі аказваюцца падтрымкі ў адажыо Папялушкі і Прынца, заснаваныя на неакласіцы (можа, таму такім сумным, бы пахавальнае шэсце, становіцца і вяселле?).

Ну, як тут не ўздыхнуць па чароўных, заўсёды розных паводле лексікі, часам зусім эратычных, але такіх узнёслых, прыгожых адажыо ў балетах В.Елізар'ева! Разыначкай "Папялушкі" становіцца... вярблюд у трэцяй дзеі: пошукі зніклай прыгажуні вядуцца па ўсім свеце. Ёсць у балеце і аўто, на якім Папялушка надта імкліва (не паспяваеш разглядзець "рарытэт"!) з'язджае на баль. Ёсць і самалёты, што круцяць прапелерамі пад каласнікамі (Прынц адпраўляецца на пошукі незнаёмкі). Мала хіба ўласна харэаграфіі: усе больш ці менш запамінальныя лексічныя элементы запазычаны з "Чыпаліна" ў пастаноўцы Генрыха Маёрава. Адзіным папраўдзе "арыгінальным" жэстам, які асабіста я не сустракала пакуль ні ў адным балеце, нават у стылі мадэрн, застаецца... фіга (праўда, з балкона яе не відаць, як і многія іншыя дробныя рэчы ў руках герояў). Затое цяперашняя пластычная "уніфікацыя" (пры стылёвай эклектыцы) дапамагае лепей разгледзець сапраўднае акцёрскае дараванне і энергетыку Канстанціна Кузняцова, Юліі Дзятко, Івана Савіных. Ды ўсё ж, мабыць, невыпадкова балет завяршаецца так званым "адкрытым фіналам": Папялушка прачынаецца - там, дзе і заснула, стаміўшыся ад працы. Але пасля звыклай сваркі са сваячкамі дастае з-за пазухі гадзіннічак на ланцужку - і на заднім плане з'яўляецца постаць Прынца. ..."Выпусцяць пару" крытыкі, а глядач, замілаваўшыся афішай спектакля,што нагадвае рэкламу фірменных гадзіннікаў,- як хадзіў, так і будзе хадзіць. І дзятву з сабой вадзіць!

Фота Ігара КУЗНЯЦОВА  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"