Тэатр паказу ці суперажывання?

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Пастаноўка ў Маскоўскім камерным тэатры Б.Пакроўскага чэхаўскіх опер С.Картэса — “Юбілей” і “Мядзведзь” — аказалася “прымеркаванай”, калі можна так сказаць, адразу да двух юбілеяў пачатку наступнага года: у студзені споўніцца 150 гадоў з дня нараджэння А.Чэхава, у лютым С.Картэс адсвяткуе свае 75. Такое “знітаванне” не толькі творчасці, але і знамянальных дат пісьменніка і кампазітара здаецца лёсавызначальным. Абодвух іх папраўдзе звязвае вялізная любоў да людзей, якая, тым не менш, прывяла да розных і адначасова такіх блізкіх прафесій: калі доктар лечыць цела, дык творца (і асабліва кампазітар) — душу.

 

/i/content/pi/cult/242/3423/9-2.jpgВобраз доктара, нават знешне падобнага на самога Чэхава, яднае два асобныя спектаклі ў адзін. Прапанаваныя гледачу гісторыі становяцца быццам "прыкладамі з практыкі": у "Юбілеі" ўрача выклікаюць да бухгалтара Хірына, які ў выніку перыпетый губляе розум, у "Мядзведзі" доктар сыходзіць ад удавы Паповай, якая, страціўшы сем месяцаў таму мужа, гатова пахаваць сябе разам з ім. Да таго ж, спектаклі яднаюцца знакамітай фразай Чэхава: "У чалавеку павінна быць усё прыгожа...", распачатай у "Юбілеі" і дасказанай у "Мядзведзі". Але гэтая знешняя, так бы мовіць, сцэнічная нагода, прыдуманая рэжысёрам Ігарам Мяркулавым, падтрымкі ў музыцы не знаходзіць. Яно і зразумела: абодва творы задумваліся кампазітарам асобна, ды яшчэ і ствараліся ў розныя гады. "Юбілей" узнік па замове опернага фестывалю ў Швейцарыі, дзе і адбылася яго прэм'ера - у выкананні артыстаў Вялікага тэатра Беларусі. Потым спектакль некалькі разоў паказваўся на роднай сцэне, яшчэ да рамонту будынка. "Мядзведзь" жа прайшоў у нас пакуль усяго аднойчы - на сцэне сталічнай філармоніі, практычна без дэкарацый, але з цудоўнай рэжысурай Галіны Галкоўскай і, галоўнае, выдатным музычным прачытаннем дырыжора Аляксандра Анісімава, які з'яднаў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь з нашымі опернымі салістамі.

/i/content/pi/cult/242/3423/9-3.jpgПараўнанне гэтых спектакляў са з'яднаным маскоўскім, убачаным у DVD-версіі, выклікае яшчэ большую павагу да нашых артыстаў і пастаноўшчыкаў, прызнанне іх папраўдзе еўрапейскага ўзроўню. Гэта ні ў якім разе не значыць, што маскоўская пастаноўка горшая, не! Яна прынцыпова іншая - ужо па жанравай афарбоўцы гэтых опер. У Чэхава ўсё пабудавана на паўтонах і няўлоўных эмацыйных адценнях. Маўчанне яго герояў часта значыць больш, чым словы. Дый кожная фраза можа быць прачытана вельмі парознаму, што і складае асноўную інтрыгу яго п'ес. Мабыць, менавіта гэтыя рысы кампазітар шукаў і ў чэхаўскіх "жартах у адной дзеі", напісаных у 1888 годзе ("Мядзведзь") і 1891-м ("Юбілей"), раней за "Чайку" (1895), "Трох сясцёр" (1900), "Вішнёвы сад" (1903). Рэжысёр жа, наадварот, разгледзеў оперы (а дакладней, самі сюжэты) скрозь прызму светабачання Антошы Чэхантэ. Вось і атрымалася: у музыцы - псіхалагічныя тонкасці, дзе кожная не толькі нота, а нават паўза мае свой эмацыйны і драматургічны сэнс, што і падкрэслівалася ў беларускіх пастаноўках. У маскоўскім жа спектаклі акцэнт быў зроблены на відовішчнасці, знешніх эфектах, антуражы: па сцэне і зале разгульваюць наведвальнікі, сяляне, прыгажуні, што ствараюць гэткі "ажыўляж".

Удалай рэжысёрскай знаходкай стаў ажыўшы партрэт мужа ("Мядзведзь"), які не без гумару "сочыць за падзеямі". У нас жа, пры ўсёй "пампезнасці" вялікай сцэны, адасобленай ад гледача куды больш, чым камерная, ажывалі і жылі пачуцці, блізкія кожнаму. Замест фарса ды "камедыі сітуацый", прапанаваных масквічамі, узнікалі дзве лірыка-жартоўна-драматычна-філасофскія прыпавесці: пра чалавечае непаразуменне, дзе кожны чуе толькі сам сябе ("Юбілей"), і пра каханне, што яго пераадольвае ("Мядзведзь"). Сучаснай музыцы С.Картэса, у якой прыкметы даўніны пададзены праз рэдкія, але трапныя ўкрапванні квазі-цытат і стылёвых алюзій, наўрад ці патрабавалася дэталізаванасць інтэр'ераў канца ХІХ стагоддзя, з любоўю адноўленых мастаком Юліяй Акс. Не пасавала такой музыцы і залішняя найгранасць артыстаў, якія чэхаўскі "тэатр суперажывання" замянялі больш плакатным "тэатрам паказу": пры ўсёй бліскучасці акцёрскага майстэрства і зладжанасці спеваў, у іх не заставалася той "недасказанасці" перападаў настрою, што заўсёды так важна ў Чэхава. Дый сама музыка штосьці страціла. У "Юбілеі" замест хору быў выкарыстаны вакальны квартэт, змяніласяаркестроўка і агульная драматургія. "Мядзведзю" ж, пры ўсёй захаванасці аўтарскага тэксту, крыху не хапіла музычнастылёвых кантрастаў. Але маскоўская пастаноўка ў чарговы раз падкрэсліла галоўнае. Па-першае, прызнанне нашай творчасці за мяжой. Па-другое, прызнанне яе на радзіме. Бо гэтыя оперы павінны як мага хутчэй з'явіцца і ў афішы нашага тэатра!

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"