“Жаночы свет”

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

7 – 19 сакавіка ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь у малой зале праходзіць групавая выстаўка “Жаночы свет”.

 /i/content/pi/cult/116/342/Zhanochy-svet.jpg
В.Каваленчыкава. "Унутраная пачуццёвасць".
Экспазіцыя прысвечана Міжнароднаму жаночаму дню — 8 сакавіка, яна аб’яднае творы жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва таленавітых беларускіх мастачак. У ёй прымаюць удзел Вікторыя Каваленчыкава, Людміла Шчамялёва, Маргарыта Шчамялёва, Алена Шлегель і Марта Шматава, якія ўпершыню сумесна экспануюць свае творы. Кожны твор — гэта самастойны цэласны свет. Але ўсё ж не трэба забываць і аб тым, что гэты цэласны свет існуе па сваіх законах, нягледзячы на тое, што першапачаткова абумоўлены рэальным жыццём. Гледачы могуць сузіраць, як гэтыя светы-творы, не залежна ад розніцы прынцыпаў іх арганізацыі, склаліся ў пэўную адзіную сістэму.
Твор кожнай аўтаркі ў экспазіцыі пазнаецца адразу ж. І гэтае пазнаванне суправаджаецца здзіўленнем, якое суправаджае адкрыццё новых мастацкіх даляглядаў. Хацелася б адзначыць і той факт, што жывапіс гарманіруе з габеленамі, якія падкрэсліваюць жаданне беларускіх мастачак узняцца над рэчаіснасцю, звярнуцца да выяўленчых метафар і складаных сэнсавых асацыяцый.
Збалансаваная стылізацыя Л.Шчамялёвай, чароўныя мастацкія міфы М.Шматавай, карціны-элегіі А.Шлегель, насычанасць і дынамічнасць В.Каваленчыкавай, жаночая вытанчанасць М.Шчамялёвай паказваюць нам гульнёвую вынаходлівасць, пашыраюць уяўленні аб сучасным светаўспрыманні і мастацтве.
Пачуццё лёгкасці і нязмушанасці, якое ўзнікае пры аглядзе, безумоўна, не выключае сур’ёзных і паважлівых адносін да творчасці мастачак, працуючых у вызначанай, характэрнай для кожнай з іх стылістычнай манеры. 

Марына САЛАЎЁВА,
навуковы супрацоўнік НММ РБ