Сярод работ, якія сталі знакавымі для яе акцёрскага "партрэта", можна назваць Афелію ў "Трагічнай аповесці пра Гамлета, прынца Дацкага" В. Шэкспіра, Аню ў "Вішнёвым садзе" А.Чэхава, Наташу ў "На дне" і Верачку ў "Букееве і кампаніі" М.Горкага з роляў класічнага рэпертуару, Тэрэзу ў "Дзікунцы" Ж.Ануя, Вагці ў "Прасцячках з нечаканых астравоў" Б.Шоу, Клеапатру Максімаўну ў "Тэрмінова патрабуецца... самазабойца" М.Эрдмана, Зойку ў "Гняздзе глушца" В.Розава, Насцю ў "Улюбёнцах лёсу" і Люсю ў "Сняданку на траве" А.Паповай, Еву ў "Сунічнай паляне" І.Бергмана. У кіно гэта работы ў стужках "Забіць ліцэдзея", "Бальная сукенка", "Дунечка" і шэраг іншых. Гераіні, створаныя Таццянай Баўкалавай, заўсёды пазначаны надзвычайнай, прамяністай жаноцкасцю, і пры гэтым амаль заўсёды маюць моцны ўнутраны стрыжань, які робіць іх глыбокімі і па-сапраўднаму цікавымі гледачу, блізкімі, пазнавальнымі на ўзроўні роднаснасці душ. Пры гэтым актрыса цалкам пазбаўляе сваіх персанажаў сентыментальнага "налёту", ставячы на першае месца арганічнае пульсаванне кожнай хвіліны іх сцэнічнага жыцця. Свой дзень нараджэння актрыса сустрэла па-тэатральнаму - у ролі Люські ў спектаклі "Бег" М.Булгакава, якую можна было б назваць жаночай "супрацьвагай" усёй той моцна выбудаванай "мужчынскай філасофіі", якая на працягу спектакля дэманструе нам свой трагічны крах. Яна спалучае ў сабе і "баявую сяброўку", і прагматычна настроеную жанчыну, але, разам з тым, у глыбіні душы яна проста не здатная ператварыцца ў "мужападобную істоту" і ўсё роўна верыць у тое, што мужчына - вобраз рамантычны, ды толькі ўзнёслы строй думак, учынкаў здольны абудзіць і ў ёй Жанчыну з вялікай літары.
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА
На здымку: Таццяна Баўкалава ў ролі Люські ў спектаклі "Бег".