Маладзёжны firewall

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Кожны, хто актыўна існуе ў камп’ютэрнай прасторы, ведае, што “Firewall” (у даслоўным перакладзе з англійскай мовы — “сцяна, якая раздзяляе сумежныя пабудовы, засцерагаючы іх ад пажару”) — гэта праграмы, прызначаныя спыняць несанкцыянаваны доступ: хакерскія атакі, атрыманне нежаданай інфармацыі, даных, што ўтрымліваюць пагрозу для камп’ютэра. Рэспубліканскі тэатр юнага гледача акурат так “ахрысціў” свой новы праект. Доўгатэрміновы тэатральны форум, які з’яўляецца адкрытым сацыяльным праектам, закліканы сродкамі творчых і сацыяльнапедагагічных рэсурсаў тэатра даць адказ на самыя злабадзённыя пытанні з жыцця сучаснай моладзі.

 

/i/content/pi/cult/242/3418/7-2.jpgПраект уяўляе сабой цыкл тэатралізаваных мерапрыемстваў, сярод якіх аднаактовы спектакль, прысвечаны той ці іншай актуальнай маладзёжнай праблеме, з наступным інтэрактыўным абмеркаваннем убачанага з гледачамі. У яго аснову пакладзеныя вострасацыяльныяп'есы беларускіх драматургаў, большасць якіх належыць да маладзёжнай узроставай катэгорыі. Іх пастаноўкі ажыццяўляюць маладыя акцёры і рэжысёры, а галоўнай мэтавай аўдыторыяй праекта з'яўляюцца падлеткі і моладзь. Як зазначыла галоўны рэжысёр ТЮГа Наталля Башава ў гутарцы з карэспандэнтам "К", сёння маладое пакаленне ў многіх жыццёва важных і сацыяльна небяспечных для іх узросту пытаннях аказваецца папросту недасведчаным. І тэатр бярэ на сябе функцыю не дарадцы, а своеасаблівага "каталізатара", які падштурхне іх да размовы на хвалюючыя пытанні, абмеркавання іх у маладзёжнай аўдыторыі з прыцягненнем да дыскусіі студэнтаў - будучых псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, чыім непасрэдным заняткам неўзабаве стане праца з прадстаўнікамі праблемнага ўзросту і так званымі "цяжкімі" падлеткамі. Першай ластаўкай праекта стаўся спектакль "Бліндаж" па п'есе Алены Паповай, пастаўлены тэатрам да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Шчыра кажучы, размова пасля прагляду магла б сыйсці на пачуццё гонару і замілаванне подзвігам народа ў Вялікую Айчынную, але - рушыла далей, у больш глыбокае рэчышча. Маладыя людзі, што засталіся ў зале пасля паказу, шчыра дзяліліся сваімі думкамі і разважаннямі, але не столькі пра подзвіг дзядоў, колькі пра ўласнае адчуванне сябе ў нашым часе, пра тое, чым светапогляд і сістэма каштоўнасцей сённяшніх маладых людзей адрозніваюцца ад тых 20-гадовых хлопцаў, што ішлі на вайну, не задумваючыся аб наступствах і не пралічваючы ўсе магчымыя рызыкі. І тая сентыментальная атмасфера адзінства, якая склалася ў зале пасля спектакля, і адчуванне магчымасці адкрыта і шчыра размаўляць на любыя тэмы - бадай, галоўнае, да чаго імкнецца тэатр. Бо, як вядома, стандартныя прафілактычныя гутаркі далёка не заўсёды прыносяць жаданы эфект. У адрозненне ад жывой далучанасці маладых людзей да эмацыянальных перажыванняў, якія і дае гледачам тэатральнае мастацтва.

 

 На фота сцэна са спектакля "Бліндаж".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА