Калі Батлейка пераможа Манаполію, або Чаму нацыянальная цацка не даходзіць да спажыўца?

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Што такое нацыянальная цацка? Напэўна, кожны ўзгадае беларускія традыцыйныя лялькі з дрэва, ручнікоў, розныя іншыя самаробныя вырабы… Але што такое сучасная беларуская цацка? Як яна выглядае? Якой павінна быць? У нас былі Барбі, тэлепузікі, тамагочы, савецкія Чырвоныя Капялюшыкі, дарагія нямецкія лялечныя фрау, Рабакопы, настольная гульня “Манаполія”… А што нам узгадваецца з сучаснай беларускай цацкі? “Яе ніхто не распрацоўвае!” – эмацыйна выпаліце вы. І памыліцеся. Яна якраз распрацоўваецца, прынамсці, аддзелам гульні і цацкі Метадычнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі, з супрацоўнікамі якога мы і гаворым пра нацыянальную цацку. Прычына адсутнасці дадзенага рыначнага сегмента, як аказалася, у іншым.

Нелялечная праблема 

— Цацкамі і гульнямі з беларускім каларытам, якія развіваюць нацыянальную самасвядомасць, — кажа Алена Усціненка, начальнік аддзела гульні і цацкі, — мы займаліся заўсёды, але найбольш шчыльна падыйшлі да гэтай праблемы ў апошні год. Беларускай цацкі не хапае, і гэта факт, на які звярнулі ўвагу не толькі мы як спецыялісты ў сваёй галіне, але і Урад, які выказаў заклапочанасць недахопам на айчынным рынку менавіта гэтага віду цацкі.
— Чаму склалася такая сітуацыя?
— Карані гэтай праблемы — эканамічныя. Распрацаваць цацку ці гульню з нацыянальным каларытам — гэта адзін момант яе стварэння, а пераход на стадыю вытворчасці — гэта самая складаная задача на шляху нацыянальнай цацкі да беларускага спажыўца. Сёння цацкавы, так бы мовіць, рынак у асноўным складзены з імпартаванага тавару. Між тым, у нашай краіне існуюць 29 прадпрыемстваў, якія выпускаюць разнастайнае гульнёвае абсталяванне, але ж аб’ём іх вытворчасці складае толькі 13 працэнтаў беларускага рынку цацак...Мы звярталіся з нашымі распрацоўкамі— гульнямі, цацкамі, лялькамі— да розных беларускіх прадпрыемстваў, Але адказ для нас пакуль неаптымістычны: яны, маўляў, могуць вырабіць абсалютна любую цацку, але для гэтага неабходны грошы, першапачатковы капітал. Таму і атрымліваецца: няма замовы, грошай няма і нацыянальнай цацкі. Мабыць, праблему часткова б вырашыла дзяржзамова, але ў сённяшніх камерцыйных умовах цацка з нацыянальным кампанентам “слабое звяно”. Як мне патлумачылі прадстаўнікі прадпрыемстваў, беларускую цацку выпускаць нявыгодна яшчэ і таму, што, па сучасных правілах рынку, для тавару павінен быць выхад на міжнародны рынак. А з нацыянальнай цацкай, зразумела, гэта немагчыма, бо гэта — унутраны прадукт. Вось і атрымліваецца, што нашы распрацоўкі застаюцца толькі распрацоўкамі.
— Мабыць, прадпрыемствы баяцца, што на цацкі з беларускім каларытам не будзе попыту?
— Попыт якраз ёсць. Мы праводзілі анкетаванне сярод патэнцыяльных пакупнікоў, яно паказала, што гульнёвая прадукцыя з нацыянальным кампанентам мае рэальную, а не абстрактную патрэбу. Напрыклад, возьмем нашы друкаваныя гульні: калі пра іх даведваюцца, дык прыязджаюць да нас з просьбай хаця б адксеракапіраваць іх, калі нельга купіць. І заўважце: менавіта тыя, што створаны на нацыянальнай спадчыне. Хутка будзе падрыхтавана яшчэ адна настольная гульня — “Святкуем Купалле”. На шляху гульца да папараць-кветкі перашкодамі паўстануць розныя міфічныя істоты — Вадзянік, Лясун, Хатнік... Але з вытворчасцю друкаванай цацкі, гульні прасцей: яна не патрабуе такіх значных капіталаўкладанняў.
— Кажуць, у вас шыюць і вопратку для лялек па матывах нацыянальных строяў Беларусі?
— Сёння мы з мэтай знаёмства малечы з этнаграфіяй і культурай нашага народа распрацоўваем нацыянальную вопратку для лялек, якую хацелася б бачыць у беларускай вытворчасці. Пра яе вам лепш раскажа наша супрацоўніца, інжынер-канструктар Анжаліка Крупнова.  

Лялькі ў сроях 

— У нашага калектыву,— расказвае А.Крупнова,— узнікла жаданне прапанаваць нашым прадпрыемствам апрануць лялькі, якія яны выпускаюць, у нацыянальныя строі. Сёння, дарэчы, выразна адчуваецца цікавасць да гістарычнай вопраткі беларусаў, што выяўляецца ў тым ліку і ў літаратуры па нацыянальных строях. Каб не спадзявацца на памяць студэнцкіх лекцый у Інстытуце культуры, мы ўзялі энцыклапедыю “Этнаграфія Беларусі”, дзе М.Раманюк выдатна апісвае строі розных рэгіёнаў, і вырашылі пераняць па адным касцюме з кожнага этнаграфічнага рэгіёна — Паазер’я, Панямоння, Усходняга і Заходняга такімі ж немагчыма па тэхнічных прычынах. Таму мы перарабляем, апрацоўваем арнамент, каб зрабіць Яго належным, але не сказіць зместу. Па тых жа тэхнічных прычынах мы не паўтараем сапраўдны крой старадаўняй вопраткі, у тым ліку і дзеля таго, каб дзеці маглі лёгка апранаць і распранаць ляльку.Таксама мы глядзім і на вытворчы аспект: каб гэтую вопратку можна было зручна тыражыраваць... Спадзяёмся, нашая задума спадабаецца беларускім прадпрыемствам. ацкі-экспанаты 

Цацкі-экспанаты  

Пакуль цацкі, прызначаныя для масавай вытворчасці, шукаюць шлях на рынак, некаторыя з цягам часу становяцца “закаранелымі” музейнымі экспанатамі. Гутарка ідзе пра забавы нашых продкаў— драўляныя, папяровыя лялькі і гульні ручнога вырабу, а таксама вядомы з XVI стагоддзя батлеечны тэатр. Раней, сем гадоў таму, Цэнтр гульні і цацкі яшчэ выпускаў розныя віды батлейкі, батлеечныя лялькі для ўсёй Беларусі. А сёння яны стаяць як экспанаты для кансультавання.
— Набыць батлейку ў нас цяпер немагчыма,— кажа Маргарыта Каліноўская, метадыст аддзела гульні і цацкі Нацыянальнага інстытута адукацыі.— Гэтым зараз займаюцца прыватныя майстэрні. А раней у нас працавалі майстры, якія рабілі па замове ўсю батлеечную атрыбутыку. Адны толькі народныя майстры Сярэбранікавы зрабілі ў нас больш за сотню лялек для сцэнак, а саміх батлеек разышлося ад нас па ўсёй Беларусі каля 50... А сёння мы толькі знаёмім з батлейкай. У нас пакінуты багаты матэрыял па іх, бо наш першы дырэктар, Алесь Лозка, адводзіў у сваёй працы адраджэнню беларускай батлейкі вядучае месца. Ён жа падрыхтаваў да выдання некалькі кніг па выкарыстанні батлеек у дзіцячых установах. Напрыклад, “Беларуская батлейка. Каляндарныя і абрадавыя гульні”, якая ўключае ў сябе тэматычны план, метадычныя парады і матэрыялы для заняткаў у факультатывах і тэатральных гуртках. Гэта вельмі карысная кніга, якая падрабязна разглядае батлейку: яе гісторыю, выраб яе самой і лялек, а таксама традыцыйныя прадстаўленні ў розных рэгіёнах, музыку для іх, дае карысныя парады ў самастойнай інсцэніроўцы сцэнак і стварэнні батлейкі…Інфармацыі па батлейцы ў нас шмат, і мы дапаможам ведамі ўсім, хто пажадае.
— У вас тут сапраўдны музей нацыянальнай лялькі!
— Вы не памыляецеся: гэта наш неафіцыйны музейчык, экспазіцыі якога прызначаны для знаёмства дзяцей з беларускімі традыцыямі, нацыянальнай культурай. Яны зроблены намі і народнымі майстрамі. Вось, напрыклад, Каза-Калядоўшчыца, зробленая народнымі майстрамі Сярэбранікавымі па маёй ідэі. Яе сутнасць у тым, што дзеці, гуляючы з ёй, могуць не толькі знаёміцца з беларускімі Калядамі, але і замацоўваць колеры праз стужкі ў калядным касцюме Казы, развіваць дробную маторыку, апранаючы яе касцюм, зашпільваючы гузікі, аплікі, завязваючы шнурочкі на ботах… Запусціць такія цацкі ў вытворчасць, зразумела, цяжка, але як было б цудоўна, калі б кожная дзіцячая ўстанова магла займець такую нацыянальную цацку!

Святлана ЖУРАЎСКАЯ 

P.S. Зразумела, гутарка з супрацоўнікамі аддзела гульні і цацкі МЦ НІА закранае праблемы нацыянальнай цацкі, але, на жаль, не раскрывае іх. Нацыянальная цацка — гэта не толькі сегмент рынку, але і складнік духоўнай культуры, частка свядомасці, цаглінка ў выхаванні грамадзяніна менавіта нашай, а не абстрактнай, дзяржавы. Пускаючы гэтую “лялькавую” праблему на самацёк, хто ведае, якія наступствы Яна прынясе? Ці не стане яна выпаўшай цаглінкай, што пазначае разбурэнне моцнай сцяны духоўнай самаідэнтыфікацыі?.. Гэты матэрыял паказвае, як айсберг, толькі адзін бок праблемы. Відавочна, ён патрабуе працягу, у тым ліку і для адказаў на пытанні: ці рыхтуюць спецыялістаў для вытворчасці нацыянальнай цацкі нашы творчыя ВНУ краіны?Ці працуюць яны на прадпрыемствах, ці ўкараняюць нацыянальны элемент у новыя праекты цацак? І як быць беларускай цаццы ў новых рыначных умовах?