Жывапіс, графіку і скульптуру прадставілі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, БДУ, Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.Куляшова, члены маладзёжнага аб’яднання Беларускага саюза мастакоў і адзін выпускнік Мінскага мастацкага вучылішча — усяго 13 чалавек. Усе яны — ураджэнцы Магілёўшчыны,і іх аб’ядноўвае “одна, но пламенная страсть”: апантаная любоў да мастацтва. Узровень паказаных твораў дастаткова высокі. Яркія, прамяністыя палотны Аксаны Еўдакіменка вылучаюцца своеасаблівымі іррэальнымі фантазіямі. Яе жаночыя вобразы і сакавітыя нацюрморты падобныя да празрыстых лёгкіх акварэлей, якія пагружаюць гледача ў таямнічы, загадкавы свет. Незвычайнай выдумшчыцай паказала сябе Таццяна Сотнікава ў карцінах “Свята каралевы” і “Пілігрымы”, дзе адчуваецца музыка чароўных казак. А Ганна Конанава прадставіла цыкл партрэтаў і аўтапартрэтаў. Асабліва прыцягвае наведвальнікаў святломузычнае палатно “Імкненне іскрамётнага танца”. Палотны Антона Вырвы таксама ўражваюць шчырай радасцю ўспрыняцця натуры, любоўю да ўсяго чыстага, існага. У іншым ключы зроблены кампазіцыі Леаніда Несцерука, будучага мастакаманументаліста, і Рамана Каршунова, які стварае свае карціны ў класічнай рэалістычнай манеры.
Са скульптур хочацца адзначыць творы Сяргея Каледзюка “Котгарэза”, “Партрэт сябра” і “Галубы”, а таксама кампазіцыю ў бронзе і камені “Кветачніца” Вольгі Высоцкай. Дарэчы, яе твор “Конік” ужо ўпрыгожвае Магілёў і радуе дзетак.
Вельмі добрыя адчуванні я вынесла ад сустрэчы з маладымі творцамі, бо ў іх работах пабачыла вялікі творчы патэнцыял нашага заўтрашняга мастацтва.
Альбіна ДЗЕРЫГЛАЗАВА
Магілёў