Хто ў доме гаспадар?..

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

5 сакавіка ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы прайшло пасяджэнне “круглага стала” на тэму “Калі галава сям’і — мужчына...”. На сустрэчу, якая была прымеркавана да Міжнароднага жаночага дня, завіталі шэсць сямейных пар: Тамара Кузняцова, член Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў, маці чатырох дзяцей, і яе муж Іван Кузняцоў, слесар-сантэхнік РУП “Белмедпрэпараты”; Тамара Лісіцкая, журналістка, пісьменніца, тэлевядучая праграмы “Вось такія пірагі”, дзі-джэй “Альфа-радыё”, і яе муж Віталь Ялфімаў, дзі-джэй радыё “Радыус-FM”; Марына Лобач, заслужаны майстар спорту, алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы, удзельніца спартыўнай Алімпіяды 1988 года ў Сеуле; Тамара Матульская, лагапед Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Маці і дзіця”, і Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; Вера Чуйко, бібліятэкар мінскай сярэдняй школы № 212, і Рыгор Чуйко, генеральны дырэктар УП “Агракамбінат “Ждановічы”; Юлія Швец, хатняя гаспадыня, і Аляксандр Швец, кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі “XEROX” у Беларусі.

Апошнім часам з боку грамадства, дзяржавы надаецца вялікая ўвага сям’і, падымаецца яе статус, зазначалася на сустрэчы. Запрошаныя да “круглага стала” ўдзельнікі падзяліліся “рэцэптамі” шчаслівага сямейнага жыцця. На пытанні анкеты, адрасаваныя папярэдне жанчынам, у прыватнасці, на адно з іх, якое фармулявалася так: “Жаночае шчасце — гэта?..”, Марына Лобач адказала: “Дабрабыт сям’і, любоў блізкіх”. Гэтак жа адказалі на дадзенае пытанне і ўсе астатнія прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. А на пытанне, якое сталася асноўным на пасяджэнні, адказы гучалі розныя. На думку І.Кузняцова, муж і жонка павінны рабіць у доме ўсё разам, дапамагаць адно аднаму. А вось В.Ялфімаў быў непахісны ў тым, што ў сям’і ёсць пытанні, якія здольная вырашыць жонка, а ёсць абавязкі, якія павінен выконваць муж. Паводле меркавання Р.Чуйко, нармальная сям’я — аснова грамадства. Увогуле, грамадства існуе дзякуючы моцным сем’ям. У доме і муж і жонка — раўнапраўныя гаспадары, кожны прыўносіць у агульную справу нешта сваё. Дзякуючы паразуменню, павазе адно да аднаго, ён і яго жонка, Вера Чуйко, пражылі разам у міры і згодзе26 гадоў.

А.Швец упэўнены: сям’я можа быць шчаслівая толькі тады, калі ў ёй усё гарманічна. Р.Матульскі зазначыў, што за шматлікія стагоддзі паняцце таго, хто ў доме гаспадар, моцна змянілася. Але не змянілася самае галоўнае — абавязкі, якія стаяць перад мужам і жонкай.

Класік рускай літаратуры Леў Талстой пісаў, што ўсе шчаслівыя сем’і — падобныя, а нешчаслівыя — нешчаслівыя па-свойму. Удзельнікі “круглага стала” даказалі адваротнае: шчаслівыя сем’і ХХІ стагоддзя маюць свае ўласныя сакрэты шчасця.

 

Наш кар.