Складнікі Дзяржаўнай праграмы

№ 49 (917) 05.12.2009 - 11.12.2009 г

3 снежня ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь адбылася рабочая нарада, на якой абмяркоўваліся пытанні распрацоўкі канцэпцыі і праекта Дзяржаўнай праграмы развіцця культуры і мастацтва на 2011—2015 гады.

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, намеснік міністра культуры Віктар Кураш, начальнікі ўпраўленняў Міністэрства культуры, кіраўнікі ўстаноў культуры і мастацтва і ВНУ галіны. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка акрэсліў прыярытэты, на якіх павінна быць сканцэнтравана ўвага распрацоўшчыкаў гэтага дакумента: - Галоўны прынцып сферы культуры - даступнасць яе для жыхароў Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі важны прыярытэт, які мы павінны захоўваць пры распрацоўцы Праграмы. Таксама неабходна, каб мы вызначылі два галоўныя накірункі працы: ідэалагічны і эканамічны. Калі гаварыць пра ідэалогію, грамадскую, сацыяльную сферы, якія павінны быць адлюстраваны ў Праграме, - дык мы павінны працаваць над тым, каб гэты дакумент спрыяў павышэнню ролі культуры ў грамадскім жыцці Рэспублікі Беларусь.

Гэты важны аспект неаднаразова падкрэсліваў Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Мы разумеем, што залежым ад эканомікі, але без духоўнасці, якая забяспечваецца культурай, развіццё грамадства, стабільнае існаванне дзяржавы немагчыма. Што да эканамічнага фактару, дык, па словах міністра, ён сёння выключна важны. З гэтага пункту гледжання, адным з галоўных напрамкаў дзейнасці, які неабходна акрэсліць у Праграме, з'яўляецца больш эфектыўнае выкарыстанне сродкаў рэспубліканскага бюджэту, што выдаткоўваюцца на развіццё сферы культуры. Яшчэ адзін складнік эканамічнага накірунку Праграмы - спрыянне прыватным, ініцыятывам, што маюць культурны змест. Па словах міністра, вельмі важна акрэсліць падыходы па ўдасканаленні нашага заканадаўства дзеля прыцягнення прыватнага капіталу, мецэнацтва ў сферу культуры.

Таксама прыярытэтныя накірункі развіцця сферы культуры, што павінны быць улічаны пры падрыхтоўцы Праграмы, - гэта падтрымка культуры ў рэгіёнах,а таксама прадстаўленне яе за мяжой. Міністр культуры нагадаў прысутным, што нядаўна праводзілася нарада аб перспектывах далейшай дзейнасці Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. - Лічу вельмі важным, - зазначыў Павел Латушка, - каб у Праграме мы прадугледзелі аднаўленне асобнай установы - Інстытута беларускай культуры, як структуры, падпарадкаванай Міністэрству культуры. Па словах міністра культуры, гэты Інстытут павінен выконваць тры галоўныя задачы, а менавіта: метадычнае забеспячэнне сферы культуры, павышэнне кваліфікацыі работнікаў галіны, стасункі з беларусамі замежжа. У сувязі з гэтым плануецца аб'яднанне будучага Інстытута беларускай культуры з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"