Энергетычнае Поле

№ 48 (916) 28.11.2009 - 04.12.2009 г

Новае старое імя ў адной карціне Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь працягвае серыю выставачных праектаў пад назвай “Выстаўка адной карціны”. Сёння ў атрыуме новага музейнага корпуса прадстаўлена унікальнае палатно малавядомага рускага мастака Паўла Якаўлева “Пасля градабою”. У гісторыі жывапісу, зрэшты, як і ў іншых галінах мастацтва, часта сустракаюцца творцы, якія ў памяці нашчадкаў застаюцца “аўтарамі адной карціны”.

Хрэстаматыйны прыклад таму— Васіль Пукіраў з яго праграмным творам “Няроўны шлюб”. Менавіта такія палотны, якія станавіліся своеасаблівай квінтэсенцыяй аўтарскага погляду на свет і таму мелі павышанае інфармацыйнаэнергетычнае поле, цудоўна адпавядаюць фармату “Выстаўкі адной карціны”. Будучы ў некаторай экспазіцыйнай ізаляцыі, яны значна выйграюць, іх мастацкая самадастатковасць становіцца відавочнай, а дыялог з гледачом — максімальна змястоўным.

Да разраду такіх карцін трэба аднесці і палатно П.Якаўлева, мастака Маскоўскай школы жывапісу другой паловы ХІХ стагоддзя, малодшага сучасніка В.Пукірава і В.Пярова, яго настаўніка па вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры. “Пасля градабою” са збору НММ— лепшая карціна сталага перыяду творчасці П.Якаўлева і з’яўляецца, на мой погляд, лепшым творам ва ўсім яго мастацтве. Першыя работы майстра распавядаюць пра цяжар жыцця “униженных и оскорблённых”, для чаго ён часта выбіраў змрочныя, сумныя сюжэты з адкрытымі маляваннямі натуралістычных сцэн смерці і забойства, за што сучаснікі ахрысцілі мастака рускім Сальваторам Розай. Толькі з часам, з набыццём жыццёвага вопыту, праз мастацкія спробы і памылкі, жывапісец адмовіўся ад перадачы экзальтаванага вонкавага драматызму і наблізіўся да адлюстравання сапраўднай, глыбіннай сутнасці трагедыі.

У карціне “Пасля градабою” Павел Якаўлеў расказвае пра вынікі прыроднай стыхіі, якая пазбавіла людзей ураджаю і таму асудзіла іх на гібель. У якасці драматычнага эмацыянальнага стрыжня мастака бярэ вобраз адзінокага селяніна, што з бязмежнай тугой сузірае пожню, якую змяў напярэдадні ўраган.Але не жах неспадзяванай бяды, а прадчуванне яе непазбежнага набліжэння — вось што мастак паказвае на палатне. І для гэтага выкарыстоўвае ўсе вобразнапластычныя і кампазіцыйныя сродкі. Атмасфера цудоўнага спакою, часу, які нібы спыніўся, толькі павялічвае настрой разлітага ў карціне смутку і раскрывае перад намі цэлы пласт рускага сялянскага жыцця з яе безвыходнасцю, беднасцю і бясконцымі няшчасцямі… Як тут не ўспомніць выказванне мудрага Пусэна: “Добра было б, пакуль глядзіш на адну карціну, пазавешваць покрывам астатнія”.

 Іна ТАМАШОВА, мастацтвазнаўца