Ідэі, інтрыга, таямніца…

№ 48 (916) 28.11.2009 - 04.12.2009 г

19 лістапада ў Мінскім і Валожынскім раёнах адбылося выязное пасяджэнне сумеснай калегіі Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Фармулёўка Яго тэмы адразу настройвала на дзелавую размову: “Аб эфектыўным выкарыстанні аб’ектаў гісторыкакультурнай спадчыны ў сферы турызму”.

Як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, турызм з’яўляецца найважнейшым рэсурсам ажыццяўлення многіх стратэгічных ініцыятыў, скіраваных на адраджэнне і развіццё беларускіх рэгіёнаў. “Турызм — гэта імідж нашай дзяржавы і яе даходы”, — адзначыў у сваім уступным слове да пасяджэння калегіі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.Без сумневу, найістотнейшы складнік айчыннага турызму — менавіта аб’екты спадчыны. Як паведаміў у сваім дакладзе намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Чэслаў Шульга, не болей за 30 — 40% такіх помнікаў сёння ўключаны ў турыстычны абарот. Ды і іх патэнцыял задзейнічаны пакуль не напоўніцу. У той самы час, болей за тысячу аб’ектаў з Дзяржаўнага спіса гісторыкакультурнай спадчыны на дадзены момант ніяк не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў занядбанні.Адсюль і тэма для дзелавой размовы, якая ў такім машта
/i/content/pi/cult/238/3357/lat.jpg

Павел Латушка і Алег Качан (у цэнтры) разам з удзельнікамі выязнога пасяджэння сумеснай калегіі двух міністэрстваў

бным фармаце адбылася ўпершыню.

 

Асаблівасці беларускага сафары

Перад пасяджэннем за “круглым сталом” спартыўна-аздараўленчай базы “Галактыка”, што непадалёк ад мястэчка Ракаў, прысутныя маглі атрымаць добрую “спажыву для роздуму” пад час знаёмства з айчынным турызмам, так бы мовіць, у палявых умовах.

Маршрут, якім кіраваўся аўтобус з удзельнікамі пасяджэння, быў досыць нетыповым: ён праходзіў праз Заслаўе, Івянец і Ракаў. Адпаведна, была закранута надзвычай актуальная тэма “турыстызацыі” сталічных ваколіц.

Па словах міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алега Качана, гэты маршрут не ставіў сабе за мэту паказаць узорныя аб’екты. Задача была прынцыпова іншай: “Убачыць тое, што мы маем на сёння, і засяродзіць увагу на існых праблемах”.

Пра першую з іх давялося пачуць ужо ў Заслаўі: тут няма гатэля, які мог бы прыняць хаця б адну турыстычную групу. Да нядаўняга часу ў слынным мястэчку не было і прыстойнай кавярні ў “гістарычным” стылі. Але сёння даўняя мара мясцовай заўзятаркі Валянціны Вайцяшонак ужо блізіцца да ажыццяўлення: удзельнікі калегіі, па сутнасці, сталі першымі наведвальнікамі новага шынка. Такі гонар ім давялося мець і ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры. Яго супрацоўнікі неўзабаве адкрыюць перад турыстамі дзверы ў свой новы аб’ект — “Карчму”, створаную ў старым свірне шляхецкай сядзібы. Чым не сведчанне станоўчай дынамікі?

У сферы агратурызму яна яшчэ больш адчувальная. Па словах намесніка старшыні Мінскага райвыканкама Сяргея Шаблыкі, колькасць сядзіб у раёне сёлета павялічылася ледзь не ўдвая і цяпер ужо первышае паўсотні.

Праграма выязнога пасяджэння прадугледжвала наведванне адной з лепшых аграсядзіб Валожыншчыны — “Ганкі”. Дакладней, шлях аўтобуса спыніўся ля павароту на яе. Дажджы ператварылі дарогу, што вяла праз раллю, у сапраўднае балота з гразі. Апошнія сотні метраў да сядзібы ўдзельнікі калегіі пераадольвалі... на прычэпе трактара “Беларусь”. Як ні дзіўна, гэты папраўдзе экстрэмальны эпізод маршруту выклікаў у прысутных прыліў станоўчых эмоцый.

 — Вось яно, сапраўднае беларускае сафары! — ахвотна жартаваўначальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, хутаючыся ў сваё паліто ад дажджу і ветру.

Надвор’е ў той дзень і праўда не спрыяла турызму. Але ўжо праз колькі хвілін знаходжання ў цёплай хаце ўдзельнікі пасяджэння ахвотна падпявалі яе гаспадару Анатолю Ганцу — аўтару неафіцыйнага гімна агратурызму “Адпачывайце ў вёсцы”, — і з замілаваннем услухоўваліся ў музыку капэлы Алеся Лася. Уважнасці культурнага складніка “вясковага адпачынку” кожны пераканаўся на ўласным досведзе.

 

Боязь дыскамфорту

“Дарожная” праблема неаднаразова ўзнімалася ў ходзе пасяджэння калегіі, як і праблема інфраструктуры. І калі першая з іх узнікае хіба што ў адзінкавых выпадках — збольшага, беларускія дарогі адпавядаюць еўрапейскім стандартам, — пра месцы, дзе можна паесці або пераначаваць, гэтага, на жаль, не скажаш. Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, які ўзяў слова пад час пасяджэння, ужо не першы год задаецца пытаннем: калі ж наведвальнікі Міра здолеюць выпіць у мясцовай кавярні кубачак эспрэса. Зрэшты, нямала ў нас турыстычных мясцін, дзе не пагрэешся нават распушчальнай кавай, не кажучы ўжо пра начлег.

У сваім дакладзе Чэслаў Шульга прапанаваў увядзенне для турыстычных аб’ектаў пэўнага стандарту, які забяспечваў бы іх наведвальнікам хаця б элементарны асартымент выгод. На думку выступоўцы, гэты крок будзе мець, у тым ліку, і псіхалагічны эфект: менавіта боязь дыскамфорту з’яўляецца адным з фактараў, якія стрымліваюць развіццё айчыннага турызму. Таму, як адзначыў Чэслаў Шульга, пры адраджэнні таго ці іншага помніка спадчыны неабходна адразу парупіцца пра стварэнне вакол яго належнай сеткі інфраструктуры.

— Думаю, вынікі не прымусяць сябе чакаць, — дадаў ён. — Ужо ў бліжэйшыя гады мы здолеем павялічыць ёмістасць турыстычнага рынку на 5 — 10%.

/i/content/pi/cult/238/3357/Untitled-2.jpg

Руіны палаца Драгунскіх з фрагметам “лесвіцы ў нябёсы”.

У зале калегіі гучала прапанова ўскласці задачу стварэння і ўдасканалення інфраструктуры на плечы мясцовых улад, заканадаўча абавязаўшы іх рухацца ў гэтым напрамку.
Але, па словах Паўла Латушкі, сусветны досвед сведчыць за тое, што вырашэнне праблемы з “эспрэса” і начлегам мае стаць прэрагатывай прыватнікаў. Дзяржава ж, у сваю чаргу, толькі павінна стварыць для іх спрыяльныя ўмовы. Боязь дыскамфорту куды ў большай ступені ўласцівая не нашым суайчыннікам, а заходнім турыстам. Пасля дакладу Чэслава Шульгі міністр культуры задаў яму пытанне, датычнае візавага рэжыму:— Ці ёсць у нас важкія аргументы, каб сцвярджаць, што менавіта наяўнасць віз з’яўляецца важным фактарам, які стрымлівае развіццё ўязнога турызму? Адказ быў станоўчы: на думку Чэслава Шульгі, менавіта гэты фактар, а не недахопы інфраструктуры, у першую чаргу стрымлівае многіх заходніх турыстаў ад наведвання нашай краіны. Варыянты лібералізацыі візавага рэжыму могуць быць розныя: ад поўнай яго адмены для грамадзян Еўрасаюза да асобных выключэнняў, якія тычацца, скажам, арганізаваных груп на транспамежных маршрутах. У любым выпадку, абодва міністэрствы плануюць выступіць перад Кіраўніком дзяржавы і Урадам з прапановамі па змяншэнні ўплыву гэтага стрымліваючага фактару.

 

Не толькі згода, але і спрыянне

Адзін з аб’ектаў Музея традыцыйнай культуры ў Івянцы — кузня, дзе кожны ахвотны можа сам раздзьмуць мяхі і патрымаць цяжкі молат. Непадалёк ад яе — руіны палаца Драгунскіх з сапраўднай “лесвіцай у нябёсы”. Іх прывабным для турыста аб’ектам сёння не назавеш.  Іменавіта таму яны прыцягнулі асаблівую ўвагу ўдзельнікаў пасяджэння.

 — У мяне ёсць пытанне да прысутных тут прадстаўнікоў мясцовых улад, — узяў слова міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алег Качан. — Давайце ўявім сітуацыю: я — інвестар, які мае намер адрадзіць гэты палац. Ці можаце вы мне падказаць, што трэба рабіць, як афармляць дакументы для адводу зямлі, як узяць крэдыт у банку? Па словах міністра спорту і турызму, ад мясцовых улад сёння патрабуецца не толькі прынцыповая згода на перадачу занядбаных сядзіб у “надзейныя” прыватныя рукі, але і ўсебаковае спрыянне ініцыятыўным людзям. — Я звярнуў асаблівую ўвагу на гэтую праблему таму, што такіх помнікаў спадчыны ў нас не дзесяць і не дваццаць — іх болей за тысячу, — адзначыў Алег Качан. — Сёння наша задача — убачыць і ліквідаваць усе бар’еры, якія стаяць перад гэтымі аб’ектамі і тымі, хто здатны вярнуць ім жыццё. Гэта патрабаванне Прэзідэнта і Урада краіны.

Таму Міністэрства спорту і турызму ўжо распрацоўвае праект нарматыўнага дакумента, які здатны расставіць усе кропкі над “і” ў такой пакуль нязвыклай для нашай практыкі справе, як перадача помніка спадчыны ў прыватныя рукі.

Як адзначыў пад час пасяджэння калегіі Алег Качан, галоўная праблема, якая паўстае перад патэнцыйным уласнікам, — наяўнасць уласных сродкаў.

— Ёсць шмат людзей, якія маюць ідэю і жаданне, але не валодаюць належным стартавым капіталам, ды і крэдыт узяць ім цяжка, бо яны не могуць прадаставіць банку гарантый. Нам трэба распрацаваць методыку: як можна падтрымаць такія ініцыятывы.

Івэнттурызм:ад “Цароў”да “Славянскага базару”

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш пачаў свой даклад на аснове фактаў: у агульнасусветных маштабах прапанова ў сферы турыстычных паслуг перавышае попыт. І гэта значыць, што без крэатыву айчыннаму турызму ўжо не абысціся.

— Як мы сёння маглі самі пераканацца, турысту патрэбна нешта новае і незвычайнае, — падкрэсліў Віктар Кураш. — Быць не толькі па“Звычайныя” энтузіясты ў справе гісторыка-культурнага турызму патрабуюць усебаковага спрыяння сіўным сведкам, але і непасрэдным удзельнікам працэсу. Лепшы спосаб заваяваць турыста — гэта стварыць падзею, а калі няма такой магчымасці — яе прыдумаць.

Узор такога крэатыву ўдзельнікі калегіі маглі ўбачыць непасрэдна перад пасяджэннем. Своесаблівы анонс каляднай анімацыйнай праграмы ўтрымліваў рыцарскія двубоі, стрэлы з гарматы, гучанне дуды... І — ненавязлівы экскурс у беларускую гісторыю часоў Вітаўта.

Як адзначыў у сваім дакладзе Чэслаў Шульга, падобныя інавацыі павінны стаць нормай. Ён прывёў канкрэтныя прыклады, якія сведчаць, што анімацыйныя праграмы могуць павялічыць наведванне турыстычнага аб’екта ў 710 разоў.

На думку Паўла Латушкі, адной з цэнтральных турпадзей наступнага года мае стаць святкаванне ўгодкаў Грунвальдскай бітвы, якое прадугледжвае багатую праграму розных мерапрыемстваў:

— Нам трэба істотна папрацаваць над іх пазіцыянаваннем як на ўнутраным турыстычным рынку, так і на знешнім, — адзначыў міністр культуры. — Мяркую, гэтыя падзеі павінны зацікавіць і літоўскіх, і польскіх, і расійскіх турыстаў.

Чэслаў Шульга, у сваю чаргу, падкрэсліў, што ўстановы культуры павінны фарміраваць каляндар такіх мерапрыемстваў загадзя: заходнія турысты маюць звычку планаваць свае вандроўкі.

Самымі вялікімі турыстычнымі падзеямі павінны зрабіцца буйныя міжнародныя фестывалі, асабліва—“Славянскі базар у Віцебску”. Як паведаміў мністр культуры краіны, новай адметнасцю форуму стануць канцэрты сусветных суперзорак на нядаўна рэканструяванай плошчы Перамогі ў горадзе над Дзвіной. Яны разлічаны на аўдыторыю ў 20 — 30 тысяч чалавек, і таму развіццё турыстычнага складніка фестывалю стане для Яго жыццёва неабходным. Павел Латушка ўжо сёння прапанаваў распрацоўваць туры для ахвотных наведаць Віцебск у цёплыя ліпеньскія дні 2010 года. Развіццю фестывальнага турызму мусіць паспрыяць не толькі стварэнне на рынку адмысловых турпрапаноў, але і ўкараненне сістэмы электронных квіткоў — для тых, хто любіць падарожнічаць самастойна.

— Сусветная практыка паказвае, што вялікай папулярнасцю сярод турыстаў карыстаюцца фестывалі, якія праходзяць у мясцінах, багатых на сваю гістарычную і культурную спадчыну,— адзначыў Віктар Кураш. — Ітакія падзеі, нягледзячы на свой асноўны профіль, павінны абрасці прывабнымі для гасцей “спадарожнікамі”, сярод якіх можа быць, скажам, дэгустацыя страў нацыянальнай кухні. Тыя помнікі, якія належаць даспадчыны нематэрыяльнай, пакуль ніяк не задзейнічаны ў сферы турызму, хоць аўтэнтычныя народныя абрады могуць стаць найлепшымі “івэнтамі” (хаця б таму, што кожны з іх — унікальны і не мае канкурэнтаў). Таму Віктар Кураш прапанаваў распрацаваць турыстычныя маршруты, “разыначкай” якіх было б наведванне, ці, хутчэй, удзел, скажам, у “Царах” або “Шчадрацы”. Неаспрэчна, поспех гэтай ініцыятывы не ў апошнюю чаргу залежыць ад ініцыятыўнасці начальнікаў аддзелаў культуры і ў цэлым мясцовых улад тых рэгіёнаў, дзе захоўваюцца унікальныя традыцыі.

 

Не зважаючы на графік працы

Пра запатрабаванасць турыстамі аўтэнтычнай культуры чарговы раз засведчыла выступленне дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святланы Лакотка: рэканструкцыі абрадавых святаў прыцягваюць у Строчыцы тысячы наведвальнікаў. Сёння музей ужо актыўна рыхтуецца да Каляд: створана новая праграма, у кошт якой будзе ўваходзіць і дэгустацыя традыцыйных страў.

— Ва ўмовах рынку для нас вельмі важная такая з’ява, як музейны турызм, — адзначыў у сваім дакладзе Віктар Кураш. — Сюжэт, інтрыга, дзеянне, таямніца — вось арсенал, якім павінны валодаць гэтыя ўстановы. Музей, які працуе ў галіне турызму, — гэта музей, які змяніў свае адносіны да людзей і гатовы выконваць пажаданні наведвальнікаў — нават тады, калі неабходна змяніць графік працы.У якасці прыкладу такіх устаноў Віктар Кураш прывёў этнаграфічныя музеі ў Бездзежы і Моталі, якія здолелі сфарміраваць своеасаблівыя брэнды сваіх “мікрарэгіёнаў”. Гэтыя ўстановы пакрысе становяцца паўнавартаснымі турыстычнымі цэнтрамі, здатнымі забяспечыць саамы шырокі спектр патрабаванняў наведвальнікаў.

Па словах намесніка міністра, кожны музей павінен мець свой запамінальны лагатып, арыгінальную сувенірную прадукцыю, сайт у Інтэрнеце, дзе абавязкова мае прысутнічаць такі раздзел, як форум, і, вядома, шапік з сувенірамі. Актуальная задача — увядзенне ў найбуйнейшых музеях такой нязвыклай пакуль для нас формы паслуг, як інфармацыйныя плееры: з іх дапамогай замежныя турысты здолеюць паслухаць экскурсію на сваёй мове.

 Рэкамендаваўшы ўсім структурам Міністэрства спорту і турызму ўключаць наведванне музеяў у маршруты любых напрамкаў, Чэслаў Шульга, у той самы час, адзначыў, што ўстаноў, якія рэпрэзентуюць спецыфіку свайго рэгіёна па прыкладзе таго ж Бездзежа, на Беларусі сёння бракуе. І прапанаваў стварыць у кожнай вобласці, прынамсі, аднудзве ўстановы падобнага тыпу.

— Мы сёння з задавальненнем агледзелі прыватны музей Янушкевічаў у Ракаве і маглі пераканацца, наколькі такія ўстановы здатныя разнастаіць экскурсійную праграму, — дадаў ён.

Зрэшты, стварэнне якаснагатурпрадукту — толькі палова справы: трэба яшчэ яго “прадаць” на турыстычным рынку, і зрабіць гэта самастойна, без пасрэднікаў, атрымліваецца не заўсёды. Важнасць супрацоўніцтва паміж тураператарам і музейнай установай падкрэслівалі і Віктар Кураш, і Чэслаў Шульга. Многіх уразіла інфармацыя, агучаная дырэктарам Гісторыкакультурнага музея-запаведніка “Заслаўе” Мікалаем Паграноўскім: Яго ўстанова кантактуе з сотняй тураператараў!— Жывы прыклад такога супрацоўніцтва — Дом рамёстваў у Паставах, — адзначыў Чэслаў Шульга. — Дзякуючы дамове з турыстычнай фірмай, праз стары млын праходзяць бадай усе арганізаваныя наведвальнікі гарадка. У выніку, даходы ад продажу сувеніраў растуць штогод і складаюць 90% ад аб’ёму платных паслуг установы. Лічу, падобную практыку трэба ўкараняць паўсюдна.

Разам з тым, як адзначыла ў сваім выступленні начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга Кананюк,такое супрацоўніцтва мае і адзін праблемны аспект. Гутарка — пра парадак адлюстравання турыстычных платных паслуг пры запаўненні статыстычнай справаздачнасці. Пры ўключэнні платы за музейны квіток у кошт турпуцёўкі гэтыя сродкі класіфікуюцца як платныя паслугі ўжо ў сферы турызму. У маштабах краіны гэтая лічба складае каля 6% ад агульнага аб’ёму платных паслуг музеяў.

 

Вяртаннеў “краіну замкаў”

Акрэсліваючы магістральныя турнапрамкі Беларусі, намеснік міністра культуры не абмінуў сваёй увагай і ўсходнюю частку краіны —рэгіён, які непрапарцыйна мала асвоены тураператарамі. На думку Віктара Кураша, адзін з такіх маршрутаў можа праходзіць па лініі Быхаў — Магілёў — Шклоў — Орша.

Па сканчэнні пасяджэння запытаў пра перспектыўнасць гэтага напрамку ў дырэктара адной з беларускіх туркампаній Аляксандра Варыкіша — чалавека, які непасрэдна складае маршруты, адказваючы за іх поспех уласнай кішэняй. На яго думку, такая вандроўка і сапраўды магла б мець добры попыт. Балазе яе пункты ідэальна спалучаюцца паміж сабой — і геаграфічна, і канцэптуальна. Але... Маршрут варта папоўніць цэнтральнымі аб’ектамі паказу.Іх спіс мог бы істотна дапоўніць адзіны большменш ацалелы замак на ўсходзе краіны — Быхаўскі. Сёння ён знаходзіцца ў досыць непрывабным стане.

Як адзначыў у сваім дакладзе Віктар Кураш, замкі і сапраўды з’яўляюцца самымі прыцягальнымі для турыстаў аб’ектамі — ад іх наяўнасці (або адсутнасці) на тым ці іншым маршруце істотна залежыць яго поспех. І гэта — адна з матывацый той кампаніі па вяртанні Беларусі пачэснага статуса “краіны замкаў”, якую неўзабаве распачне Міністэрства культуры краіны. Неўзабаве стартуе шырокая грамадская акцыя па зборы сродкаў на рэстаўрацыю першага вялікакняжацкага замка — Навагрудскага. На чарзе — Крэва і Гальшаны.

— Маршрут “Замкі Вялікага княства Літоўскага” будзе мець папулярнасць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, — перакананы Віктар Кураш. — І асаблівы поспех яму наканаваны ў тым выпадку, калі ён стане транспамежным, уключыўшы таксама і замкі, што размешчаны на тэрыторыі Літвы.

Павел Латушка дадаў, што такое пытанне ўжо абмяркоўвалася з міністрам культуры Літвы, і літоўскі бок паставіўся да гэтай папановы з прыхільнасцю. Але ініцыятыва ў дадзеным выпадку павінна зыходзіць, перадусім, ад тураператараў.

На думку Віктара Кураша, добрай прынадай для турыстаў, асабліва — малодшага ўзросту, магло б стаць стварэнне своеасаблівага парку, які б сабраў у адным месцы лепшыя ўзоры беларускага фартыфікацыйнага дойлідства — зразумела, у выглядзе муляжоў.

 

“Уся справа —у звычайных людзях”

Пад час пасяджэння калегіі слова атрымалі таксама і кіраўнікі турыстычных арганізацый. Іх папрасілі засяродзіцца менавіта на самых праблемных момантах сваёй дзейнасці.

— Што вам перашкаджае далей працаваць і развівацца, і ў чым вам можна дапамагчы на заканадаўчым узроўні? — апытваў “турбізнесменаў” Алег Качан. Але істотных нараканняў на беларускае заканадаўства ад прадстаўнікоў турбізнесу яму пачуць не давялося. Хтосьці з іх нават адзначыў, што ўмовы ў нас больш спрыяльныя, чым у суседніх краінах.

 — Мне прыгадваюцца словы Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: уся справа — у звычайных людзях, — так пачаў сваю заключнае слова Алег Качан. — І сёння мы ў гэтым пераканаліся. Звычайныя людзі, з якімі мы сустрэліся ў Заслаўі, Івянцы, Ракаве, і ствараюць беларускі турызм. Іншая справа, што мы, тут прысутныя, павінны дапамагчы такім энтузіястам, падставіць ім плячо. Гэта тычыцца і рэгіянальных структур абодвух нашых міністэрстваў, і, у першую чаргу, прадстаўнікоў мясцовых улад.

Пасяджэнне сумеснай калегіі двух міністэрстваў не ўтрымлівала вострых дыскусій. Абодва бакі выявілі паразуменне і ў фармулёўцы праблем, якія стаяць сёння перад развіццём беларускага турызму, і ў пошуку спосабаў іх вырашэння.

 — Мы разумеем неабходнасць актывізацыі супрацоўніцтва паміж установамі культуры і турызму, — адзначыў у сваім заключным слове Павел Латушка. — І ў гэтым накірунку было зроблена вельмі шмат, але шмат яшчэ і належыць зрабіць. Трэба, каб супрацоўніцтва было больш сістэмным, каб яно ахоплівала нашы рэгіянальныя структуры. Лічу неабходным даць даручэнне ўпраўленням культуры запрашаць на свае мерапрыемствы ўстановы, адказныя за развіццё турыстычнай сферы.

Па словах Паўла Латушкі, належны плён мог бы прынесці сумесны ўдзел у буйных турыстычных форумах. І менавіта сумеснымі намаганнямі можна вырашыць даўнюю праблему: стварэнне якаснай рэкламнай прадукцыі, скіраванай на фарміраванне і карэкціроўку турыстычнага іміджа краіны як на знешнім, так і на ўнутраным рынку.

А найважнейшай задачай у дадзеным напрамку Павел Латушка лічыць фармулёўку нацыянальнага турыстычнага брэнда Беларусі — аднаго або цэлай іх сістэмы. Прадстаўнікі абодвух міністэрстваў упэўнены: без тэмы гісторыка-культурнай спадчыны гэты брэнд будзе непаўнавартасным.

Ілля СВІРЫН,

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Мінскі раён — Валожынскі раён — Мінск