“Шчаслівая беларуская жанчына — шчаслівая Беларусь”

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

Шанаванне жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы з’яўляецца неад’емнай часткай нашай славянскай культуры і менталітэту беларускага народа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым прыёме 8 сакавіка, прысвечаным Дню жанчын і ўручэнню ім дзяржаўных узнагарод.

“З вамі звязаны спрадвечныя каштоўнасці — святло роднага дома, цеплыня сямейнага ачага, шчаслівы дзіцячы смех і, канешне ж, каханне”, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт высока ацаніў тую вялікую ролю, якую адыгрываюць жанчыны ў нашай краіне. “Да якой бы сферы жыцця мы не звярнуліся — ад дзяржаўнага кіравання ці заканадаўчых структур, устаноў аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры, гандлю, бытавога абслугоўвання і да звыклых хатніх клопатаў, — усё гэта немагчыма прадставіць без удзелу нашых жанчын”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.Кіраўнік дзяржавы сардэчна павіншаваў прадстаўніц прыгожага полу са светлым вясеннім святам і пажадаў ім “здароўя, добразычлівасці лёсу, радасці і кахання блізкіх людзей на доўгія-доўгія гады”.

“Шчаслівая беларуская жанчына — шчаслівая Беларусь”, — адзначыў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

Віктар ЛОЎГАЧ, БелТА

На здымку 1-ай паласы: Аляксандр Лукашэнка
ўручае ордэн Маці класнаму кіраўніку Віцебскай
дзяржаўнай гімназіі № 3 Ірыне Нямчонак
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА