Жыватворнасць — Жыватворчасць

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

У Магілёўскай выставачнай зале працуе выстаўка мастака Ігара Бяспалава “Жыватворная зямля”. Звыш 40 палотнаў, з якіх большасць створана ў бягучым годзе, прадставіў на суд гледача малады творца.

/i/content/pi/cult/236/3333/9-4.jpgІгар Бяспалаў нарадзіўся ў Хоцімску. У Мінску вывучыўся на майстра па вырабе мастацкай мэблі. Самастойна асвоіў тэхніку інкрустацыі. Навучаўся ў Віцебскім педінстытуце на мастацка-графічным факультэце. Член Беларускага саюза мастакоў. Удзельнік рэспубліканскіх і абласных выставак. Тэма мацярынства праходзіць чырвонай ніткай у гэтай экспазіцыі. З веку ў век жанчыны нязменна натхнялі паэтаў, музыкантаў, мастакоў на стварэнне найвялікшых твораў мастацтва. Таму цыкл палотнаў "Мадонна з дзіцем" дамінуе на выстаўцы.
 Вялікія яркія карціны створаны з пэўнымі рысамі тэатральнасці, яны святочныя і жыццесцвярджальныя. Па вялікім рахунку, гэта алегарычныя творы, дзе дэкаратыўнасцьі вытанчанасць колеру гарманічна злучаюцца з паэтычнымі інтанацыямі, у якіх Ігар выяўляе тонкі душэўны стан чалавека. На выстаўцы прадстаўлены таксама урбаністычныя пейзажы і фігуратыўныя кампазіцыі. Асабліва прыцягваюць нацюрморты, напоўненыя ўнутранай экспрэсіяй, дынамізмам і спалучэннем колеравых кантрастаў. Але гэтая "шматквяцістасць" не рэжа вока, а, наадварот, прымушае ўгледзецца ў кожную дэталь. Творчая ўсхваляванасць і пільная ўвага да сутнасці пастаянных змен у прыродзе і чалавеку - галоўныя прынцыпы жывапісу гэтага мастака.
 Альбіна ДЗЕРЫГЛАЗАВА Магілёў