Крылатыя… спартсмены

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Адчуванне таго, што тры атлеты зараз узмахнуць крыламі і ўзляцяць у шэрае восеньскае неба — гэта, мабыць, першае ўражанне мінчан ад новай скульптурнай кампазіцыі, што паўстала каля спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна”.

 

/i/content/pi/cult/236/3330/8-1.jpgМантажам скульптуры была завершана праца па стварэнні Алеі славы беларускага спорту. А нарадзілася яна дзякуючы аўтарам праекта архітэктарам Анатолю Нячкасаву, Анатолю Шабаліну ды скульптару Сяргею Бандарэнку. - Кампазіцыя сімвалізуе факел, дзе ў якасці "полымя" - тры фігуры атлетаў з крыламі, - кажа адзін з аўтараў, Сяргей Бандарэнка. - Спартсмены трымаюць кола, на якім напісаны дэвіз Алімпійскага руху: "Аltius, fortius, citius!". А ў нізе скульптурнай кампазіцыі размешчаны вянок славы, дзе адлюстраваны тыя віды спорту, у якіх беларускія спартсмены заваявалі залатыя медалі Алімпійскіх гульняў. Паводле слоў Сяргея Афанасьевіча, гэтая скульптура замкнула ў арганічнае і лагічнае цэлае пляц перад "МінскАрэнай". А ўвогуле ўсе архітэктурныя і мастацкія рашэнні аўтарскага калектыву былі звернуты на ідэю кола. Гэта датычыць і памятных знакаў-медалёў, фантанаў і нават флагштокаў, што размешчаны на плошчы перад "Мінск-Арэнай". Ды і сам будынак спартыўнага комплексу мае выгляд шара. - У гэтай вялікай прасторы, што акаляе комплекс, патрэбна была нейкая вертыкаль, каб яна арганізоўвала гэтую прастору,- дадае архітэктар Анатоль Шабалін.

/i/content/pi/cult/236/3330/8-3.jpg- І гэтая вертыкаль з'явілася: маю на ўвазе "Трыумф". Складанасць задачы была ў тым, што скульптура не павінна стаяць спінай да якога-небудзь аб'екта, размешчанага на пляцы. Таму знойдзена арыгінальнае рашэнне гэтай задачы: тры фігуры атлетаў сваімі постацямі ўтвараюць кола, а іхнія твары звернуты да гледачоў. Здалёк жа залатыя, адпаліраваныя фігуры нагадваюць факел: факел перамогі, алімпійскі факел. Можна сказаць, што акрыленыя поспехам спартсмены ўвасабляюць трыумф сілы, волі, духу. Аўтары праекта імкнуліся да таго, каб гэтая скульптура была шматзначнай, сімвалічнай, алегарычнай, каб кожны глядач мог дадумваць і бачыць у ёй пэўны сімвалізм.

Напрыклад, атлеты "Трыумфа" трымаюць сімвалы алімпійскага руху, але можна таксама зразумець, што яны нясуць на сваіх руках зямны шар. Вечарамі па ўсім перыметры "Мінск-Арэны" будуць працаваць асвятляльныя прыборы. Імі будуць падсвечвацца фігуры атлетаў, стэла, пастамент, уся Алея спартыўнай славы. І тады будзе стварацца ўражанне таго, што факел перамогі сапраўды ззяе залацістым светлавым агнём. Як кажуць аўтары праекта, тэрміны ад пачатку да завяршэння стварэння скульптурнай кампазіцыі былі вельмі сціслыя, але ўсё было зроблена своечасова. Рабочыя разам са скульптарам і архітэктарамі працавалі кругласутачна, нават начавалі на працоўным месцы. Але цяпер увесь калектыў можа ганарыцца сваёй працай. Крылатыя спартсмены "ляцяць" над Мінскам, акрыленыя сваім трыумфам, і натхняюць усіх да новых перамог на карысць Беларусі.

 

 Фота Юрыя ІВАНОВА На здымках: пад час устаноўкі скульптурнай кампазіцыі "Трыумф"; скульптар Сяргей Бандарэнка.  

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"