“Шчыт Айчыны” і іншыя...

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

10 мая ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная пытанням развіцця Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Яна, як было падкрэслена выступоўцамі, мела на мэце праінфармаваць шырокую грамадскасць аб сённяшніх вытворчых і творчых момантах, клопатах і перспектывах, якімі жыве айчынная кінакузня.

Як зазначыла падчас прэс-канферэнцыі галоўны рэдактар кінастудыі Наталля Сцяжко, сёння “Беларусьфільм” працуе ў дынамічным рэжыме — сёлета плануецца выпусціць 8 адзінак кінапрадукцыі, у наступным годзе — 10, а ўжо ў 2009 годзе выйсці на стабільны паказчык у 12 адзінак кінапрадукцыі, як гэта было ў савецкія часы. 
Асноўную ўвагу журналістаў мастацкі кіраўнік “Беларусьфільма” Аляксандр Яфрэмаў звярнуў на тое, што галоўную “стаўку” кінастудыя робіць на маладых — пра гэта сведчыць хаця б той факт, што, сёння на розных стадыях работы знаходзяцца праекты такіх маладых рэжысёраў, як Андрэй Голубеў, Людміла Дуброўская, Іван Паўлаў, Алена Турава, Дзяніс Скварцоў… Да таго ж, намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аляксандр Цялушка падкрэсліў, што 35 беларусаў вучацца сёння ў кінематаграфічных ВНУ Расіі, што надзвычай прэстыжна. Зрэшты, як высветлілася, большасць з іх атрымліваюць там адукацыю не па мэтавых накіраваннях, а паводле ўласнай ініцыятывы, што, хутчэй за ўсё, не надта прыспешыць іх вяртанне ў айчынную кінавытворчасць, хоць кінастудыя і ўскладае на іх пэўныя спадзяванні. А.Цялушка ж не без гонару зазначыў, што на сённяшні дзень “Беларусьфільм” — адзіная на постсавецкай прасторы кінастудыя, якая здолела захаваць і сваю вытворчую базу, і творчую (нават знакаміты “Мосфильм” ператварыўся сёння выключна ў вытворчую фабрыку). Прычым, матэрыяльна-тэхнічную базу — надзвычай прывабную для рэалізацыі сваіх праектаў кінематаграфістамі з іншых краін: на сёння тут працуюць, кожны — над сваёй стужкай, бацька і сын Тадароўскія, Дзмітрый Астрахан, вядуцца перамовы аб супрацоўніцтве з кінематаграфістамі і больш далёкага замежжа. 
Намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве Нацыянальнай кінастудыі Уладзімір Кунцэвіч “агучыў”перспектывы рэканструкцыі “Беларусьфільма” — па выніках экспертызы, больш чым палова будынкаў кінастудыі знаходзяцца ў нерабочым стане. Рэканструкцыю плануецца правесці ў бліжэйшыя 2— 3 гады. Прычым пад знос з наступнай капітальнай адбудовай пойдуць літаральна ўсе будынкі кінастудыі, акрамя галоўнага корпуса і гасцініцы. А ў больш аддаленай перспектыве мяркуецца і рэканструкцыя натурнай пляцоўкі кінастудыі. Канешне ж, галоўная праблема на сённяшні дзень — пошук інвестараў для фінансавання такой маштабнай акцыі. Вынікі і паспяховасць гэтага пошуку абумовяць і рэалізацыю ідэі стварэння свайго чатырохзалавага кінатэатра, а таксама і новага асобнага будынка для Тэатра-студыі кінаакцёра. 
Начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы “Беларусьфільма” Надзея Гарашэвіч зазначыла, што ў пытаннях рэалізацыі кінапрадукцыі “Беларусьфільм” мае і свае “сегменты продажаў”, дзе пакуль што не бачыць канкурэнтаў нашым фільмам. У прыватнасці, на постсавецкім кінарынку мы вось ужо на працягу сямі апошніх гадоў трымаем лідэрства ў вытворчасці і продажы дакументальных фільмаў і стужак грамадска-сацыяльнай скіраванасці. А імя кінарэжысёра А.Суханавай стала на сённяшні дзень амаль што “брэндам” “Беларусьфільма”. 
Што ж, думаецца, і новыя поўнаметражныя работы, якія неўзабаве выйдуць пад дахам “Беларусьфільма”, — прыгодніцкая стужка “Шчыт Айчыны”, ваенная драма “Чаклун і Румба”, дзіцячая казка “Навагоднія прыгоды ў ліпені”, камедыя “На спіне ў чорнага ката” і іншыя — таксама зоймуць сваё пачэснае месца ў шэрагу айчыннай кінапрадукцыі, прывабліваючы кінаманаў да тэле- і кінаэкранаў. 

Таццяна КОМАНАВА